шчыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Тое, што і шчыпаць (у 1–3 знач.). Зосітэ ўвесь час не давала спакою свайму каханаму: .. нават гулліва шчыкала яго за бакі. Броўка. Холад браў за ногі, шчыкаў за вушы. Сабаленка. Аброслы дзядзька ў капелюшы няўдала шчыкаў канцы папярос двума тоўстымі пальцамі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эквілібры́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Жанр цыркавога мастацтва, які характарызуецца здольнасцю артыста трымаць раўнавагу пры няўстойлівым становішчы цела. Эквілібрыстыка на канаце. // перан. Надзвычайная спрытнасць, выкрутлівасць. Разумовая эквілібрыстыка. □ Прыемна адзначыць творчы рост Вялюгіна, які, адышоўшы ад дэманстрацыі чыста вонкавай паэтычнай эквілібрыстыкі, у апошні час паказаў сапраўдную глыбіню асэнсавання рэчаіснасць. «ЛіМ».
[Ад лац. aequilibris — які знаходзіцца ў раўнавазе.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЫ́ЦЕНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў Беларусі ў 1766—1914 у мяст. Быцень Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, у 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, у 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).
т. 3, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАВА (Галіна Барысаўна) (н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙДА,
герой укр. і бел. нар. песень-балад. Увасабляе ўяўленне народа пра мужнасць, адданасць радзіме, рыцарскую годнасць. За адмаўленне ажаніцца з турэцкай царэўнай павешаны за рабро на гак. Помсцячы за ганебнае для рыцара пакаранне, Байда забівае турэцкага цара, царыцу і царэўну.
Прататыпам Байды некаторыя даследчыкі лічаць чаркаскага і канеўскага старосту Дз.Вішнявецкага, які ў час вайны з туркамі трапіў у палон і быў такім чынам пакараны смерцю. Бел. варыянт балады пра Байду вядомы па кн. А.Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840).
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ (ад анты... + лац. depressio прыгнечанасць),
лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.
т. 1, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,
даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1962. Аснова т-ва — пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць каля 3 млн. членаў (1995). Задачы т-ва: прапаганда ведаў аб прыродзе і яе ахове, далучэнне грамадзян да актыўнай дзейнасці па ахове прыроды, павелічэнні яе багаццяў, азеляненні нас. пунктаў, выхаванне экалагічнай свядомасці, беражлівых адносін і любві да прыроды і да роднага краю. Далучаецца да сусв. арг-цыі па ахове навакольнага асяроддзя «Грынпіс», супрацоўнічае з Беларускім «Фондам Сораса». Друкаваны орган — час. «Родная прырода».
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-ЎКРАІ́НСКІ КАМІТЭ́Т ПО́МАЧЫ АХВЯ́РАМ ВАЙНЫ́ (Беларуская грамада) у Барнауле, дабрачынная арганізацыя па аказанні дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Дзейнічаў з перапынкамі з пач. 1918 да канца 1920. Задачы: абарона матэрыяльных і юрыд. інтарэсаў бел. і ўкр. бежанцаў, культ.-асв. дзейнасць сярод іх. Старшыня М.Ф.Бліадухо. Супрацоўнічаў з к-тамі бежанцаў інш. нацыянальнасцяў. У 1918 уваходзіў у Міжнар. к-т бежанцаў у Сібіры (Барнаул). У час грамадз. вайны дзейнасць неаднойчы забаранялася ваен. і цывільнымі ўладамі Барнаула.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯПО́ЕЗД,
браніраваны чыг. састаў, прызначаны для агнявой падтрымкі войск і вядзення самаст. баявых дзеянняў у паласе чыгункі. Апрача паравоза (цеплавоза) меў 2 і болей вагонаў або бронепляцовак, 2—4 платформы (у пачатку і канцы браняпоезда для засцярогі яго ад падрыву), на ўзбраенні 1—2 гарматы, 8 кулямётаў. Бронепаязды выкарыстоўваліся ў час 1-й сусв., грамадз. і 2-й сусв. войнаў. У Вял. Айч. вайне былі бронепаязды ППА, узброеныя зенітнымі гарматамі і кулямётамі, для прыкрыцця ад удараў з паветра буйных чыг. вузлоў і станцый.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)