прамча́цца, ‑мчуся, ‑мчышся, ‑мчыцца; зак.

1. Вельмі хутка прабегчы, праехаць; пранесціся. Цяжка тупаючы ботамі, паўз нас прамчаліся паліцэйскія... Хомчанка. Аўтамашына прамчалася гэтак жа хутка, як і паказалася. Кавалёў. // перан. Пранесціся, уявіцца. Гэтыя думкі маланкай прамчаліся ў .. [Маркавай] галаве. Васілеўская.

2. перан. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). Хто можа не паверыць, што ў гарачай працы непрыкметна, без аглядкі прамчаліся гэтыя месяцы?! Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапі́ць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; ‑п’ём, ‑п’яце; пр. прапіў, ‑піла, ‑піло; заг. прапі; зак.

1. каго-што. Патраціць на выпіўку. Прапіць грошы. □ [Пятрусь:] — Не! Як я пакажуся людзям у вочы? Прапіць каня і самому цягаць драбіны? Колас.

2. што. Пашкодзіць чаму‑н., страціць што‑н. (здольнасць, талент) у выніку п’янства. Прапіць голас. Прапіць талент.

3. і без дап. Піць некаторы час. Прапіць увесь дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашанцава́ць, ‑шанцуе; безас. зак., каму і без дап.

Пра спрыяльны для каго‑н. збег акалічнасцей, пра ўдачу ў чым‑н. Сердзюку пашанцавала ўдвайне. Аднаго парушальніка ён падмяў жыўцом і, седзячы на ім верхам, дагнаў з аўтамата другога. Брыль. І вось я на месцы. На гэты раз мне пашанцавала: я дабраўся днём. Ракітны. Пашанцавала нам тут неяк за адзін дзень упаляваць трох лісіц. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашча́сціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.

Тое, што і пашчаслівіць. Невядома, колькі зняволеных прарвалася ў горы, але можа хоць каму-небудзь пашчасціць. Быкаў. — Затое пасля шторму, ведаеш, колькі каменьчыкаў на бераг выкіне. Можа, нават пару агатаў пашчасціць знайсці, — гаворыць Андрэйка. Бяганская. Яму, цяжка параненаму, пашчасціла ў вулічнай сумятні .. выбрацца з машыны, нырнуць у людскі натоўп і ўцячы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

басано́ж, прысл.

Босымі нагамі, без абутку. Люблю тыя сцежкі на родным Палессі, Дзе бегала ты па расе басанож. Кірэенка. А як хацелася прайсціся басанож за плугам! Здаецца, акрыяў бы душой, падужэў бы целам. Сачанка. // Разм. Надзеўшы абутак на босыя ногі. — Маўчы ты, назола, — злосна буркнуў Анісім і ўсхапіўся з палацяў, басанож ускочыў у боты, накінуў апашкі кажух і рынуўся з хаты. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.

1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.

2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.

•••

Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяскро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены крыві або які змяшчае ў сабе малую колькасць крыві; вельмі бледны. Твар [Шабуні] быў бледны, бяскроўны, як у мёртвага. Мележ.

2. Які адбываецца без праліцця крыві. Бяскроўная рэвалюцыя.

3. перан. Нежывы, мёртвы. [Собіч:] — Хіба ж не паэзія ў тым, што, беручы вось гэтыя сухія, бяскроўныя лічбы, дзе няма ні аднаго слова, я чытаю цэлую найцікавейшую кнігу. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.

2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́нтар 1, ‑а, м.

Вуздэчка без цугляў для прывязвання каня. Батура падышоў да шула, адвязаў кантар, уз’ехаў на двор, занёс муку і сала ў кладоўку і павярнуў каня па выезд. Гурскі.

ка́нтар 2, ‑а, м.

Разм. Род бязмена.

ка́нтар 3, ‑а, м.

1. Пеўчы хору ў каталіцкай царкве. // Галоўны пеўчы ў сінагозе.

2. Настаўнік і дырыжор хору, а таксама арганіст у пратэстанцкай царкве.

[Лац. cantor — спявак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канфедэра́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Польскі мужчынскі галаўны ўбор у выглядзе чатырохвугольнай шапкі без казырка, якую насілі некалі канфедэраты.

2. Польская вайсковая шапка з чатырохвугольным верхам. [Гжэцкі] прыехаў у добрым мундзіры, перапаясаным накрыж рамянямі, з бліскучаю аздобаю на казырку канфедэраткі. Скрыган.

[Польск. konfederatka.]

канфедэра́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да канфедэрат (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)