ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (11.8.1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.5.1920),
бел. і рус. этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Настаўнічаў. З 1918 чытаў лекцыі ў Бел.нар. ун-це (Масква), у Віцебскім ін-це нар. асветы, Смаленскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. З 1880-х г. збіраў фальклор, даследаваў матэрыяльную культуру народа. Вывучаў абрады, святы, вераванні Смаленшчыны, нар. тэатр і інш.Асн.працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903), «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Аўтар арт. «Прыказка і загадка» (1898), «Смерць, пахаванне і галашэнні» (1900), «Кросны» (1902), «Адрозненні ў вераваннях і звычаях беларусаў і велікарусаў Смаленскай губерні» (1903), «Нячыстая сіла ў народных вераваннях» (1908), «Абрады і павер’і, якія датычацца хатніх і палявых работ сялян Смаленскай губерні» (1909), «Бабёр у Смаленскай зямлі па летапісных, археалагічных і сучасных дадзеных» (1916). З М.Дз.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый нар. песень. Чэшскі этнамузыколаг Л.Куба ў час прыезду да Дабравольскага запісаў бел.нар. песні в. Данькава Смаленскага пав. (апубл. ў 1887).
Літ.:
Шлюбскі А. Этнаграфічная дзейнасць Дабравольскага. Мн., 1928;
Романов Ю.С. Жизнь и научная деятельность В.Н.Добровольского // Материалы по изучению Смоленской области. М., 1970. Вып. 7;
Акунькова А.М. Жыццё і навукова-педагагічная дзейнасць У.М.Дабравольскага // Этнаграфічны зборнік. Мн., 1975;
Яе ж. Беларуская казка ў запісах У.М.Дабравольскага // Беларуская фалькларыстыка. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Уладзімір Іванавіч) (22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),
рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед.ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс. слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб.АН). У слоўніку шмат бел.нар. лексікі. Складаў слоўнікі бел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус.натуральнай школы (пад псеўд.Казак Луганскі).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10;
СПб., М., 1897—98;
Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;
Пословицы русского народа. М., 1957;
Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.
Літ.:
Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;
Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;
Булатов М.А., Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОБС ((Hobbes) Томас) (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),
англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн.працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),
бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс.гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.Міцкевіча, Ю.Супінскага, А.Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.
Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕШНЕЭКАНАМІ́ЧНЫЯ СУ́ВЯЗІ,
адна з форм эканам. дзейнасці дзяржавы, прадпрыемстваў і фірм, якая звязана са знешнім гандлем, ажыццяўленнем сумесных з інш. краінамі праектаў. Ахопліваюць комплекс гасп., крэдытных, валютна-фін., прававых узаемаадносін. Уяўляюць сабой арганічную частку міжнар.эканам. адносін, якія развіваюцца на аснове міжнароднага падзелу працы. Уключаюць абмен спажывецкімі таварамі, машынамі, абсталяваннем навук.-тэхн. ведамі, дасягненнямі ў галіне культуры, паслугамі па эканам. і тэхн. супрацоўніцтве і прадугледжваюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў, вытв-сцей і навук. калектываў; з’яўляюцца фактарамі эканам. росту, інтэнсіфікацыі вытв-сці, удасканалення тэхналогій, узбагачэння рынку спажывецкімі таварамі. З.с. праходзяць пэўныя этапы: ад гандлю і паслуг — да вывазу капіталу, стварэння міжнар. вытв-сці і фарміравання адзінага сусв. рынку валют, крэдытаў, каштоўных папер. На сучасным этапе З.с. перарастаюць у інтэрнац. групоўкі (Еўрапейскі Саюз, міждзярж. аб’яднанні ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Азіі і інш.), якія каардынуюць вытв-сць і збыт тавараў, выступаюць як адзіная юрыд. асоба на міжнар. рынку. Адным з асн. кірункаў інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусв. супольнасць з’яўляецца больш цеснае эканам. збліжэнне з краінамі СНД і найперш з Рас. Федэрацыяй. Асн. формамі З.с. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца знешні гандаль і вытв. сувязі. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі. Павялічваецца прыток на Беларусь замежных інвестыцый. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, актывізуе З.с. праз свае і замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,
даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз.дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.
рускі кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Нар.арт.СССР (1963). Герой Сац. Працы (1974). Правадз.чл.АПНСССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1970). Чл.-кар. Германскай АМ (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кампазіцыі (1929, кл. М.Мяскоўскага) і фп. (1930, кл. А.Гальдэнвейзера), у 1932—80 выкладаў у ёй (праф. з 1939). Музыка К. адметная аптымізмам, жыццесцвярджальным пафасам. Зрабіў значны ўклад у музыку для дзяцей і юнацтва, у развіццё муз.т-ра. Сярод тв.: оперы «Кала Бруньён» (паводле Р.Ралана, 1938, 2-я рэд. 1968, паст. 1970), «У агні» (1943), «Сям’я Тараса» (паст. 1950), «Мікіта Вяршынін» (1955), «Сёстры» (1969); аперэта «Вясна спявае» (1957); вак.-сімф. сюіта «Народныя мсціўцы» (1942), кантата «Песня раніцы, вясны і міру» (1958), «Рэквіем» на сл. Р.Раждзественскага (1963), 4 сімфоніі; канцэрты для фп. (3), скрыпкі (1), віяланчэлі (2) з арк.; для фп. санаты (3), 24 прэлюдыі, ронда, дзіцячыя п’есы; для голасу з фп. — 10 санетаў Шэкспіра, рамансы, песні; музыка да драм. і радыёспектакляў, да кінафільмаў. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951, 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1966. Ганаровы чл.Міжнар.муз. савета (1984).
Літ. тв.: Избр. статьи о музыке. М., 1963; Педагогические размышления. М., 1986; Как рассказывать детям о музыке? 3 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),
бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд.філал.н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г.Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.