помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),
сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.У.Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ,
князь гродзенскі ў 12 ст. Сын Усевалада Давыдавіча. У 1167 дапамог валынскаму кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. У 1168 (1167?) удзельнічаў у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Пасля таго як у 1169 Андрэй Багалюбскі захапіў Кіеў, М.У. у 1170 дапамог Мсціславу на кароткі час аднавіць уладу над горадам: верагодна, хадзіў на полаўцаў, бо яго тысяцкі быў імі захоплены ў палон. У 1173 (1174?), пэўна, быў сярод гродзенскіх князёў, якіх Багалюбскі прымусіў удзельнічаць у паходзе на Кіеў. Хадзіў на полаўцаў у 1183 (1184?) у складзе войска вял. князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча. Адны даследчыкі атаясамліваюць Гарадзен, якім валодаў М.У., з сучасным г. Гродна, другія — з в. Гарадная Столінскага р-на або лакалізуюць яго на Валыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку, пашыраная ў 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў бас. Акі, Клязьмы, у верхнім і часткова сярэднім Паволжы. Назва ад паселішча каля с. Пазнякова (паблізу г. Мурама). Паходжанне П.к. звязваюць з прасоўваннем з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. з рэк Дон і Северскі Данец плямён зрубнай культуры і асіміляцыяй імімясц. насельніцтва. Асн. заняткі плямён П.к. — жывёлагадоўля, земляробства, выплаўка бронзы. Для яе характэрны невял. паселішчы на надпоймавых тэрасах, паблізу ад іх — могільнікі (курганныя для ранняга і грунтавыя для позняга этапаў); I пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Каля магіл выяўлены рэшткі вогнішчаў. Знойдзены гліняны посуд, крамянёвыя прылады, у багатых пахаваннях — бронзавыя нажы, кінжалы, упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ЎНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,
спосаб злучэння 2 ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім праз іх праходзіць адзін і той жа ток. Выключэнне аднаго элемента перарывае ток ва ўсім электрычным ланцугу.
П.з. крыніц эл. энергіі E1, ..., En выкарыстоўваецца, каб атрымаць больш высокае напружанне. Агульнае напружанне раўняецца суме ўсіх асобных напружанняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Пры П.з. прыёмнікаў эл. энергіі напружанне размяркоўваецца паміж імі прапарцыянальна іх супраціўленням. Паслядоўна злучаныя супраціўленні R1, ..., Rn даюць агульнае супраціўленне эл. ланцуга R = R1 + ... + Rn. Пры П.э. ёмістасцей C1, ..., Cn агульная ёмістасць ланцуга C вызначаецца формулай:
. Пры паслядоўным уключэнні індуктыўнасцей L1, ..., Ln агульная індуктыўнасць L = L1 + ... + Ln.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 — уніяцкая, у 1836 перанесена ў Петрыкаў, перададзена праваслаўным. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асн. аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з 6-граннымі «астаткамі». Знадворку сцены ашаляваны, аформлены пілястрамі і простымі карнізамі. Асн. аб’ём мае 3-ярусную кампазіцыю: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невял. прыбудовы з 2- і 3-схільнымі дахамі. Над бабінцам невял. каркасная званіца з шатровым пакрыццём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РУБАЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 19.7.1932, г. Туапсэ, Краснадарскі край, Расія),
бел. вучоны-юрыст; адзін з заснавальнікаў бел.навук. школы крыміналістыкі. Д-рюрыд.н. (1978), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Працаваў следчым у органах пракуратуры. З 1976 нач. кафедры Мінскай Вышэйшай школы міліцыі. З 1992 у Акадэміі МУС Беларусі. Навук. працы па крыміналістыцы і юрыд. псіхалогіі, крыміналістычнай тактыцы і методыцы расследавання і прадухілення асобных відаў злачынстваў.
Тв.:
Психологические основы допроса. Мн., 1966;
Допрос в советском уголовном судопроизводстве. 2 изд. Мн., 1973;
Криминалистика. Мн., 1997 (разам з І.С.Андрэевым, Г.І.Грамовічам);
Тактика допроса на предварительном следствии. М., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне дзвюх галосных і плаўнага «р», «л» паміж імі на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць усходнеславянскіх моў, якая проціпастаўляе іх мовам зах. і паўд. славян (гл.Няпоўнагалоссе). Сутнасць П. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў tort у torot, tolt, telt у tolot, tert y teret (t — любы зычны): праслав. *borda — бел. «барада» (з адлюстраваннем акання), праслав. *kolda, *melko — рус. «колода», «молоко», праслав. *bergъ — укр. «берег». У бел. мове значна больш поўнагалосных форм (бел. «вораг», «нораў», «палон», «сорам») у параўнанні з рус. («враг», «нрав», «плен», «срам»), дзе ўжываюцца шматлікія няпоўнагалосныя формы.
Літ.:
Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУЦЭ́НТЫ [ад лац. producens (producentis) які вырабляе, стварае],
аўтатрофныя (фота- або хемасінтэзуючыя) арганізмы, здольныя ствараць складаныя арган. рэчывы з неарган. злучэнняў. Асн. П. ў водных і наземных экасістэмах — зялёныя расліны.
Складаюць першы трафічны ўзровень, аснову экалагічнай піраміды. У планетным маштабе штогод наземныя П. ўтвараюць каля 115 млрд.тарган. рэчываў, вылучаюць у атмасферу каля 53 млрд.т кіслароду, водныя П. — каля 55 млрд.т арганікі і 414 млрд.т кіслароду. Вывучэнне П. і перадачы назапашанай імі энергіі да кансументаў і рэдуцэнтаў дае магчымасць мэтанакіравана рэгуляваць працэсы назапашвання і біядэструкцыі арган рэчываў, стварае тэарэт. асновы для распрацоўкі шэрагу праблем аховы прыроды і інш.Гл. таксама Аўтатрофы, Біялагічная прадукцыйнасць.