МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),
жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a2(b2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся («Алеся» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.Данілюк, Р.Асіпенка, Г.Цэпава, В.Валчанецкая, Л.Галушкіна, К.Кудрашова, П.Дружына, Н.Галеева, Н.Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
прыстасаванне для пераўтварэння мех. напружанняў у эл. сігналы (і наадварот) на аснове п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць, разнавіднасцьвымяральнага пераўтваральніка.
Бываюць механаэл. і электрамех.; п’езапрыёмнікі, выпраменьвальнікі, генератары, рухальнікі (прыстасаванні перамяшчэння), трансфарматары (напружання, току, сілы, скорасці, ціску); вымяральныя. З вымяральных П.п. (датчыкаў) найб. пашыраны механаэл. і п’езарэзанансныя. У найпрасцейшых механаэл. П.п. пад дзеяннем мех. напружання (ціску, паскарэння, сілы) на паверхні п’езаэлемента (або іх групы) узнікаюць эл. зарады і адпаведная эрс, значэнне якой прапарцыянальнае мех. ўздзеянню. Імі вымяраюць у асн. хутказменныя мех. ўздзеянні. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустыцы, ультрагукавой і лазернай тэхніцы, аўтаматыцы, тэлемеханіцы і інш.
П.А.Пупкевіч.
П’езаэлектрычныя пераўтваральнікі: а — вымяральны пераўтваральнік ціску (1 — гайка з дыэлектрыка; 2 — электрычны вывад 3 — п’езаэлемент; 4 — металічны электрод; 5 — ізалятар; P — ціск, які вымяраецца); б — п’езапераўтваральнік лінейнага паскарэння (1 — кварцавыя п’езаэлектрычныя рэзанатары; 2 — вакуумаваная поласць; 3 — інерцыйная маса; 4 — раздзяляльны сільфон; 5 — дэмпферавальная вадкасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pente пяць + ...логія),
літаратурны твор, які складаецца з 5 адносна самастойных твораў (частак), звязаных паміж сабой логікай развіцця ідэі, пераемнасцю сюжэтных ліній, агульнасцю кампазіцыйнай будовы; разнавіднасцьархітэктонікі (гл. таксама Дылогія, Трылогія, Тэтралогія). Расчляненне маст. цэлага на 5 частак дыктуецца значнасцю і маштабнасцю пастаўленых праблем, аб’ёмам маст. матэрыялу, неабходнасцю прасачыць лёс герояў на працягу значнага адрэзка часу, імкненне аблегчыць чытачу ўспрыманне твора, зрабіць яго кампазіцыйна больш стройным. Трапляецца рэдка (асобныя часткі літ. твора выяўляюць моцную тэндэнцыю да самастойнасці). Паводле жанру да П. належыць паэма А.Белабоцкага «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...», эпапея Дж.Ф.Купера («Піянеры»; «Апошні з магікан»; «Прэрыя», «Следапыт», «Зверабой»). У сучаснай бел. л-ры П. з’яўляецца «Трывожнае шчасце» І.Шамякіна («Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэч», «Мост»), раманы І.Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,
разнавіднасцьгалактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.
Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім у мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл.Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс.св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс.св. гадоў.
Літ.:
Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ЛІ МО́ВЫ, стылі функцыянальныя,
разнавіднасць мовы з пэўнымі асаблівасцямі фанет., лексічных, марфал., сінтакс. сродкаў, адбор якіх залежыць ад задач камунікацыі. Іх існаванне абумоўлена патэнцыяльнымі рэсурсамі мовы, яе сінанімікай. Для фарміравання функцыян. С.м. патрэбны і знешнія, экстралінгвістычныя фактары, што вызначаюць умовы адбору моўных адзінак: форма зносін (вусная і пісьмовая, дыялагічная і маналагічная), сац. сфера зносін (быт., вытв., дзярж.і г.д.), змест інфармацыі (тэма і прадмет выказвання), мэта і ўмовы зносін (характар узаемаадносін удзельнікаў акта камунікацыі: паведамленне, просьба, загад і г.д. Вылучаюць размоўны стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, навуковы стыль, публіцыстычны стыль, мастацкі стыль. Усе С.м., акрамя размоўнага, — кніжныя стылі. Межы паміж С.м. адносныя, умоўныя. Ім аднолькава ўласціва тэндэнцыя да раздзялення, дыферэнцыяцыі і тэндэнцыя да ўзаемапранікнення, узаемаўплыву і нейтралізацыі стылявых моўных сродкаў. С.м. вывучае стылістыка.
Літ.:
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,
разнавіднасцькрыніц току, у якіх электрычная энергія атрымліваецца за кошт прамога пераўтварэння хім. энергіі ў рэакцыях акіслення-аднаўлення. Да Х.к.т. адносяць гальванічныя элементы (у т. л.нармальныя элементы), электрычныя акумулятары і паліўныя элементы.
Прынцып дзеяння Х.к.т. заснаваны на пераходзе электронаў пры пэўных хім. рэакцыях ад аднаго рэчыва да другога. Акісляльнік і аднаўляльнік у іх адасоблены, а электроны перамяшчаюцца з дапамогай электраправоднага матэрыялу, у якім узнікае эл. ток. Пры выкарыстанні Х.к.т. назапашаныя ў іх рэчывы расходуюцца, што і абмяжоўвае час іх работы. Х.к.т. створаны ў 19 ст. (Вольтаў слуп у 1800, элемент Даніела—Якобі ў 1836, Лекланшэ элемент у 1865 і інш.). Да 1860-х г. Х.к.т. былі адзінай крыніцай сілкавання эл. прылад.
Літ.:
Багоцкий В.С., Скундин А.М. Химические источники тока. М., 1981.