МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),

старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.

Літ.:

Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;

Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),

тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыў эканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ (ад геа... + ...графія),

сістэма прыродазнаўчых і грамадскіх навук аб прыродных, тэр.-вытв. і сац.-тэр. комплексах Зямлі і іх кампанентах. Вывучае геаграфічную абалонку Зямлі. Грунтуецца на натуральных і грамадскіх законах развіцця, улічвае ўплыў чалавечай дзейнасці на прыроду, разглядае грамадскую вытв-сць у рэальных прыродных умовах. У цыкл прыродазнаўчых навук уваходзяць фізічная геаграфія (уключае агульнае землязнаўства і ландшафтазнаўства), геамарфалогія, кліматалогія, метэаралогія, акіяналогія, гляцыялогія, гідралогія сушы (азёразнаўства і гідралогія рэк), геаграфія глеб, біягеаграфія (геаграфія жывёл і геаграфія раслін), палеагеаграфія і інш.; у цыкл грамадскіх — сацыяльна-эканамічная геаграфія (уключае эканамічную геаграфію), сацыяльная геаграфія, геаграфію насельніцтва, рэкрэацыйная геаграфія, палітычная геаграфія. Асобнае месца займае картаграфія. Да геаграфіі адносяцца краіназнаўства (абагульняе звесткі аб прыродзе, насельніцтве і гаспадарцы асобных краін) і краязнаўства. Да геаграфіі прымыкаюць дысцыпліны прыкладнога кірунку (напр., геаграфія медыцынская, ваенная геаграфія і інш.). Выкарыстоўвае экспедыцыйны, стацыянарны, матэм. і тыпалагічны аналізы, параўнальна-апісальны, статыстычны, картаграфічны і інш. метады даследавання.

Геаграфія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э. Як навука пачала развівацца ў Стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, потым у Стараж. Грэцыі і Рыме. Напачатку абмяжоўвалася зборам інфармацыі пра краіны і моры ў сувязі з ваен. экспансіямі. Сярод тагачасных вядомых вучоных Герадот, Арыстоцель, Эратасфен, Гіпарх, Страбон, Пталамей. Адраджэнне навук пра Зямлю ў Еўропе пачалося з 14—15 ст. (гл. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Геаграфічныя адкрыцці). У 1-й пал. 19 ст. ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі ўзніклі геагр. т-вы.

Звесткі пра геаграфію Беларусі ёсць у летапісах 11—12 ст., бел. і польскіх хроніках 14—16 ст., у працах вучоных 18—19 ст. І.І.Ляпёхіна, В.М.Севергіна, І.І.Жылінскага і інш. Значны ўклад у развіццё комплексных геагр. даследаванняў у 20 ст. зрабіў А.​А.​Смоліч — аўтар першага падручніка па геаграфіі Беларусі. Даследаваны рэльеф Беларусі, яго паходжанне і развіццё, ландшафты, фіз.-геагр. і геамарфалагічныя раёны (Л.М.Вазнячук, В.М.Губін, Б.М.Гурскі, В.А.Дзяменцьеў, К.І.Лукашоў, В.К.Лукашоў, Г.І.Марцінкевіч, А.В.Мацвееў, Г.Ф.Мірчынк, Р.І.Сачок, П.А.Туткоўскі, М.М.Цапенка і інш.), кліматычныя рэсурсы, феналогія, агракліматычнае раянаванне (А.І.Кайгарадаў, У.Ф.Логінаў, А.Х.Шкляр і інш.), рэкі і водны баланс (А.Р.Булаўка, В.М.Шырокаў і інш.), марфалогія азёрных катлавін і гідрахімія азёр (В.​П.​Якушка і інш.), геаграфія і генезіс балот (А.Д.Дубах, А.П.Підоплічка, С.Г.Скарапанаў і інш.), геаграфія і генезіс глеб, меліярацыя глеб (В.С.Аношка, Я.М.Афанасьеў, М.П.Булгакаў, І.Ф.Гаркуша, У.В.Жылко, І.С.Лупіновіч, А.Р.Мядзведзеў, П.П.Рагавы, Т.А.Раманава, М.К.Чартко і інш.), геаграфія лясной і лугавой расліннасці (В.С.Гельтман, Д.С.Голад, І.​Д.​Юркевіч і інш.), зоагеаграфія Беларусі (М.С.Долбік), палеагеаграфія (Г.І.Гарэцкі, Н.​А.​Махнач і інш.), рацыянальнае прыродакарыстанне, ахова навакольнага асяроддзя (В.Н.Кісялёў, Ф.С.Марцінкевіч, А.У.Тамашэвіч і інш.), геаграфія нар. гаспадаркі (Г.​І.​Гарэцкі, Л.В.Казлоўская, М.Т.Раманоўскі і інш.), насельніцтва і населеныя пункты (В.А.Жучкевіч, А.А.Ракаў, С.А.Польскі і інш.). Дзейнічае Беларускае геаграфічнае таварыства.

Літ.:

Мир географии: География и географы. Природная среда. М., 1984;

Баландин Р.К., Бондарев Л.Г. Природа и цивилизация. М., 1988;

Энцыклапедыя прырода Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННАЯ ПЛАНІРО́ЎКА,

праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук. і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміж нар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн. і працоўных рэсурсаў.

Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння і буд-ва буйных прамысл. і энергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп. і інш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац. і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п. і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў і інш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.

На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел і інш. З пач. 1970-х г. асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам. і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар. і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі і сац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял. і буйных гарадоў, свабодных эканамічных і інш.).

Літ.:

Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;

Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.

І.​А.​Іода.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́ ЗА ІСНАВА́ННЕ,

сукупнасць складаных узаемаадносін жывых арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, у выніку якіх выжываюць і пакідаюць патомства найб. прыстасаваныя асобіны. Асн. палажэнні тэорыі барацьбы за існаванне распрацаваў англ. вучоны Ч.​Дарвін (1859), які адзначыў вял. ролю гэтай з’явы ў эвалюцыі. Паводле Дарвіна, барацьба за існаванне — вынік, з аднаго боку, імкнення арганізмаў да бязмежнага размнажэння, з другога — абмежаванасці прыродных рэсурсаў, неабходных для існавання асобін дадзенага віду. Тэрмін «барацьба за існаванне» Дарвін прапаноўваў разумець у шырокім і метафарычным сэнсе: словам «барацьба» ён абазначаў канкурэнцыю, а словам «існаванне» — не толькі захаванне жыцця дадзенай асобіны, але і яе поспех ва ўзнаўленні патомства. Сав. вучоны І.​І.​Шмальгаўзен барацьбу за існаванне адносіў да гал. фактараў эвалюцыі. Асн. формы барацьбы за існаванне — гэта адносіны арганізмаў з фіз. ўмовамі жыцця, узаемаадносіны паміж асобінамі розных відаў (міжвідавыя), узаемаадносіны паміж істотамі аднаго віду (унутрывідавыя). Яны цесна пераплятаюцца паміж сабой. Важнейшай формай барацьбы за існаванне Дарвін лічыў унутрывідавую канкурэнцыю, паколькі асобіны аднаго віду маюць найб. блізкія жыццёвыя патрэбнасці. Вынікам барацьбы за існаванне на аснове спадчыннай зменлівасці арганізмаў з’яўляецца натуральны адбор, гал. фактар відаўтварэння. Сацыял-дарвінізм спрабаваў выкарыстаць канцэпцыю барацьбы за існаванне для тлумачэння і апраўдання супярэчнасцяў і канфліктаў у чалавечым грамадстве.

Літ.:

Современные проблемы эволюционной теории. Л., 1967;

Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции. 2 изд. М., 1968;

Галл Я.М. Борьба за существование как фактор эволюции. Л., 1976.

С.​Г.​Беленькі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),

1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.

2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці да т.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.

Літ.:

Обшая психология. 2 изд. М., 1986;

Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.

Т.​У.​Васілец (А. у псіхалогіі).

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА ПАВЕ́ТРА,

выдаленне з паветра пылу, вадкіх і газападобных шкодных дамешкаў. Адрозніваюць: ачыстку забруджанага паветра, якое выдаляецца з вытв. памяшканняў і ад прамысл. абсталявання (гл. Газаачыстка); паветра, якое падаецца ў памяшканні і інш. аб’екты сістэмамі вентыляцыі і кандыцыяніравання, а таксама паветра, што выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., вытв-сць кіслароду, інертных газаў, у доменнай і мартэнаўскай вытв-сці).

Ачыстка паветра — адно з найважнейшых мерапрыемстваў па ачыстцы асяроддзя, у т. л. атмасферы ў гарадах і прамысл. цэнтрах. Ачыстка паветра таксама забяспечвае неабходныя сан.-гігіенічныя ўмовы ў памяшканнях і інш. аб’ектах, папярэджвае забруджванне і пашкоджанне прамысл. абсталявання, парушэнне тэхнал. працэсаў. Сродкі ачысткі паветра выбіраюцца ў залежнасці ад віду дамешкаў і ступені забруджанасці паветра. Канцэнтрацыя пылу рознага паходжання ў сярэднім за суткі можа дасягаць 0,5 мг/м³ (у жылых раёнах прамысл. гарадоў), 1 мг/м³ (у індустр. раёнах) і 3 мг/м³ і больш (на тэрыторыі прамысл. прадпрыемстваў). У асобных выпадках вылучаныя з паветра дамешкі выкарыстоўваюцца (напр., сажа, злучэнні серы і інш.) у прам-сці і інш. галінах практычнай дзейнасці.

На Беларусі прыняты Закон аб ахове атм. паветра (1994), які прадугледжвае кантроль за сан. станам паветра і яго ачысткай. Нагляд за ачысткай паветра ажыццяўляецца Спецыялізаванай інспекцыяй па ахове і выкарыстанні атм. паветра Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і сан.-эпідэміял. службай.

В.​І.​Корбут.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),

1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.

2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).

3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),

штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).

Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.

На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)