1) частка тэр. Рэчы Паспалітай, якая ў 1795 адышла да Прусіі, а паводле Тыльзіцкага міру 1807 перададзена Рас. імперыі. Царскім указам ад 13.7.1808 атрымала назву Беластоцкая вобласць з цэнтрам у г.Беласток і падзелена на 4 паветы: Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі. Пл. 7742 кв. вярсты, нас. 278 937 чал. (1835). У 1842 скасавана, тэрыторыя далучана да Гродзенскай губ.; Драгічынскі пав. увайшоў у склад Бельскага пав.
2) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана 4.12.1939 на тэрыторыі 9 усх. паветаў б.Беластоцкага ваяводства. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 20,9 тыс.км² (ліст. 1940), нас. 1368 тыс.чал. (на 1.1.1941). 15.1.1940 падзелена на 24 раёны: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Ваўкавыскі, Граеўскі, Гродзенскі, Дамброўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кольнаўскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Монькаўскі (пазней Кнышынскі), Парэцкі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядаўскі, Цехановецкі, Чыжэўскі, Ядвабнаўскі. У ліст. 1940 Парэцкі р-н скасаваны ў сувязі з перадачай Літ. ССР тэрыторый з пераважна літ. насельніцтвам. 20.9.1944 Беластоцкае ваяводства ліквідавана ў сувязі з перадачай б.ч. вобласці Польшчы. Бераставіцкі (б. Крынкаўскі), Ваўкавыскі, Гродзенскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі і Скідзельскі р-ны засталіся ў БССР (увайшлі ў Гродзенскую вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛЫЯ»,
1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.Стажэнскі (Старжынскі).
2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл.Белая гвардыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМО́ЎСКІ (Dmowski) Раман Станіслаў (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац.к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел.нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,
адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.
У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).
Літ.:
Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАВА,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).
Вядома з пач. 17 ст. як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1794—1912. Створана ў час задушэння царызмам паўстання 1794. Цэнтр — г. Вільня (у 1794—96 г. Гродна). Спачатку наз. Літоўскае ген.-губернатарства, у 1800—30 Літоўскае ваен. губернатарства, з 1830 Віленскае ваен. губернатарства, пасля 1843 Віленскае, Гродзенскае і Ковенскае ген.-губернатарства. Ядром яго былі землі ВКЛ, далучаныя да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). У сувязі з адм.-тэр. зменамі і інш. падзеямі (паўстанні 1830—31 і 1863—64) тэр. ген.-губернатарства мянялася. У склад яго ў розны час уваходзілі: Слонімская і Віленская (1795—97), Літоўская (1797—1801), Віленская і Гродзенская (з 1801) губ., Беластоцкая вобл. (1831—42), Ковенская (з 1843), Мінская (1834—56 і 1862—70), Віцебская і Магілёўская (1863—69), Аўгустоўская (1863-564) губ. У 1850—55 ген.-губернатар кіраваў і Віленскай навучальнай акругай на правах папячыцеля. З 1860-х г. віленскага ген.-губернатара наз. «гал. начальнікам Паўн.-Зах. краю». З утварэннем Віленскай ваен. акругі пасада віленскага ген.-губернатара ў 1862—84, а часам і пазней аб’ядноўвалася з пасадай камандуючага войскамі акругі. Пасля 1909 ген.-губернатары не прызначаліся. Упраўленне ген.губернатара існавала да 1.7.1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕЎШЧЫНА,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 86 км ад Мінска. 737 ж., 340 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць Осцікавічаў, Л.Свірскага, М.К.Радзівіла Сіроткі. У 1596 мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы 16—17 ст. ператварылася ў мястэчка. У 1628 было 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1664 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай М. спалена. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскім пав., у 19 ст. сяло Свержанскай вол. У 1882 каля М. ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Я.Колас. У 1897 у М. 935 ж., 141 двор, царква, карчма, магазін. У ліп. 1906 тут адбыўся з’езд настаўнікаў Мінскай губерні 1906. З 1921 у складзе Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Коласаўскі заказнік, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Каля вёскі турбаза «Высокі бераг». Радзіма вучонага-мовазнаўца Я.Лёсіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ЎЛАДКАВА́ННЕ,
нацыянальная і адм.-тэр. арганізацыя дзярж. улады, характар узаемаадносін паміж дзяржавай і яе састаўнымі часткамі, паміж асобнымі часткамі дзяржавы, а таксама цэнтр. і мясц. органамі ўлады. Цесна звязана з тэр. арганізацыяй насельніцтва. Паводле формы Н.-дз.ў. ўсе дзяржавы падзяляюцца на унітарныя і федэратыўныя. Існуюць таксама розныя формы міждзяржаўнага супрацоўніцтва: канфедэрацыі, асабістыя уніі, пратэктараты, садружнасці нацый і дзяржаў, розныя гасп. і ваенна-паліт. блокі. Гл.Саюзная дзяржава.
Унітарная дзяржава — адзінае цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца, як правіла, з адм.-тэр. адзінак. Федэрацыя — форма Н.-дз.ў., якое ўяўляе сабой добраахвотнае аб’яднанне самастойных дзярж. утварэнняў у адну новую саюзную дзяржаву. Беларусь на шляху развіцця сваёй дзяржаўнасці зазнала некалькі форм Н.-дз.ў.: уваходжанне Полацкага і інш. княстваў у склад Кіеўскай Русі, федэратыўны статус ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, унітарызм Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, абвешчанай 30.12.1918, і знаходжанне яе з 1922 да 1991 у складзе федэрацыі — СССР. Сучасны унітарызм Рэспублікі Беларусь грунтуецца на шэрагу прынцыпаў — раўнамернасці, збалансаванасці і комплекснасці развіцця адм.-тэр. адзінак, узаемасувязі Н.-дз.ў. і сацыяльна-эканам. раянавання і інш. Н.-дз.ў. Беларусі ўключае вобласці, раёны, гарады, пасёлкі гар. тыпу, сельсаветы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),
спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.
Літ.:
Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;
Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;
Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Геральдыка. Герб роду Лукашэвічаў з радаводнай справы. 19 ст. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),
перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.
2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.Дз.Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.