УСТАЎНЫ́Я СКА́ЗЫ,

сінтаксічныя канструкцыі, якія ўводзяцца ў пэўны сказ і выконваюць у ім тыя ж функцыі, што і ўстаўныя словы. Маюць форму простых і складаных сказаў рознай будовы. Далучаюцца да паясняльных ці ўдакладняльных членаў асн. сказа пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнай, злучнікавай сувязі і займаюць у адносінах да іх постпазіцыйнае становішча. У адрозненне ад пабочных сказаў не маюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў.

У мове выконваюць важную семант. ролю. Могуць выражаць значэнні: суадпаведнасці — «Мікола Ігнатовіч, — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог» (М.​Лынькоў); супраціўнасці, супрацьпастаўленасці або ўступальнасці — «Я гляджу і не магу нагледзецца (што з таго, што ноч і змрок густы!) на цябе, Вялікая Мядзведзіца» (П.​Панчанка), «Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы)» (К.​Крапіва); падкрэсленасці — «Максім з чамаданам і клункамі ў руках увайшоў у прасторную і высокую — хоць цэпам махай — залу вакзала» (М.​Машара); прызначанасці — «А ніжэй маста, адразу ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг» (І.​Шамякін); абумоўленасці — «І цікавілася маці — сэрца матчына вядома, — як на службе там дзіцяці, ці там лепей, ці мо дома» (Я.​Купала); месца — «У адным сяле (не важна дзе) хадзіў Баран у чарадзе» (К.​Крапіва); часу — «На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тодаравіч вярнуўся дадому» (К.​Чорны); прычыны — «Яны аднекуль здалёку прывезлі калючых саджанцаў — блізка ад Рослікаў саду нідзе не было» (Р.​Сабаленка); умовы — «Я свой абавязак (калі спатрэбіцца) заўсёды выканаю» (А.​Якімовіч); паяснення — «Дзям’ян быў з тых на Панятоўшчыне (так называлася вёска, дзе ён жыў з маленства), якія маўкліва і засмучана сустрэлі ворагаў» (П.​Кавалёў); заўвагі аб характары дзеяння, эмацыянальным стане, паводзінах асобы, яе адчуванні і інш. У.с. ўзбагачаюць зместава-інфармацыйную структуру сказа, яго семант. аб’ём, унутр. моўна-стылістычныя, выяўл. магчымасці і як сродкі дакладнага адлюстравання рэчаіснасці шырока ўжываюцца ў розных жанрах маст. л-ры.

Літ.:

Гл. пры арт. Устаўныя словы.

А.​І.​Наркевіч.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Во́бмаль ’малавата’ (БРС, Янк. I, Бір. Дзярж., КТС, КЭС). Укр. во́бмаль ’тс’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад малы з дапамогай прыстаўкі (в)об‑ і суф. ‑jь або ўтварэнне ад прыметніка вомалы з гэтым жа суф. Магчыма, узыходзіць да старажытнай мадэлі (параўн. серб.-харв. о̏дуг, чэш. obdlouhý, obdloužný, славац. obdlžný, н.-луж. hobdłujki, ст.-польск. obdłužny ’прадаўгаваты’, в.-луж. wobdłuz прысл. ’прадаўгавата’), дзе прыстаўка *ob‑ мае колькаснае значэнне (Трубачоў, Проспект, 66 і наст.). Філін (Зб. Аванесаву, 268 і наст.) адносіць сюды ж і рус. дыял. (паўн.-усх.) прыметнікі і прыслоўі з прыстаўкай о‑ ў тым жа самым значэнні (вокрасный ’чырванаваты’, восинь, восине ’сінявата’ і г. д.), што цалкам магчыма з прычыны частага чаргавання прыставак о‑ (об‑); параўн. таксама бел. і ўкр. вобмаль, вомаль (гл.); усё гэта, відавочна, пацвярджае праславянскі характар гэтых утварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),

раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.

Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).

На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.

Літ.:

Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ. Л., 1978;

Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ. М., 1980.

А.​Ф.​Чарняўскі.

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),

навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

П. бярэ пачатак ад вучэння В.​Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.​Штайнталя і А.​Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.​Выгоцкага, Л.​Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.​Супрун, А.​Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.​Кліменка і інш.).

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;

Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;

Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;

Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;

Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,

парушэнні нармальнай жыццядзейнасці арганізма жывёл, якія ўзнікаюць у адказ на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў знешняга і ўнутр. асяроддзя і праяўляюцца функцыян. і арган. парушэннямі фізіял. сістэм з адначасовай мабілізацыяй ахоўна-адаптацыйных механізмаў (гл. Хвароба). Вывучае Х.ж. ветэрынарыя.

Прычыны Х.ж. — мех. (выклікаюць раны. выцятыя месцы. пераломы), фіз. (іанізавальнае выпрамяненне, высокія і нізкія т-ры. ціск), хім. (кіслоты. шчолачы, атрутныя рэчывы), біял. (патагенныя мікраарганізмы. гельмінты. кляшчы, насякомыя) раздражняльнікі. Паводле прыроды раздражняльніка Х.ж. падзяляюцца на незаразныя і заразныя. Незаразныя ўзнікаюць у выніку няправільнага кармлення, утрымання і эксплуатацыі жывёл; падзяляюцца на ўнутр. (парушэнні абмену рэчываў. авітамінозы, хваробы сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў дыхання, стрававання, мочавыдзялення і інш.). вонкавыя (хваробы скуры, капытоў і інш.) і палавой сферы (бясплоддзе. пасляродавы парэз, мастыты, эндаметрыты і інш.). Заразныя Х.ж. падзяляюцца на інфекцыйныя, што выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі (напр., ангіна, батулізм, мыт коней. сап, слупняк, туберкулёз і інш.), грыбамі (гл. Мікозы, Мікатаксікозы), мікаплазмамі, хламідыямі (гл. Хламідыёзы), рыкетсіямі (гл. Рыкетсіёзы) і інвазійныя, што выклікаюцца прасцейшымі (гл. Протазаозы), гельмінтамі (гл. Гельмінтозы), насякомымі (напр., педыкулёз), кляшчамі (гл. Акарапідозы). Есць заразныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека — зоаантрапанозы (бруцэлёз, лістэрыёз, сібірская язва, трыхінелёз, шаленства і інш.), агульныя для некалькіх відаў жывёл, і ўласцівыя аднаму віду (чума буйн. раг. жывёлы, воспа авечак). Заразныя Х.ж. узнікаюць у форме спарадычных (адзінкавых) выпадкаў і масава (гл. Панзаотыя, Энзаотыя, Эпізаотыя). Асн. крыніцы ўзбуджальнікаў заразных Х.ж. — жывёлы-носьбіты, хворыя жывёлы і іх трупы. Узбуджальнікі перадаюцца пры кантакце з хворымі жывёламі, пераносчыкамі (грызунамі, насякомымі, кляшчамі) праз заражаныя корм, ваду, прадметы догляду. Ступень цяжкасці працякання Х.ж. вызначаецца станам арганізма і вірулентнасцю (ступенню патагеннасці) узбуджальніка. Для прафілактыкі і барацьбы з Х.ж. выкарыстоўваюць мерапрыемствы — агульныя, накіраваныя на аздараўленне навакольнага асяроддзя (дэзінфекцыя, дэзінсекцыя, дэратызацыя і інш.) і спецыфічныя (вакцынацыя, дэгельмінтызацыя, дэзінвазія, каранцін) і інш.

В.​Л.​Мароз.

т. 16, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стаўбе́ц, стаўпе́ц (стовбе́ц, стовпе́ц) ‘рыба ялец, Leuciscus leuciscus L.’ (Крыв.), стовпец ‘рыба ялец; рыба пячкур, Gobio gobio’ (на Прыпяці, Жук.), стаўбец ‘пячкур’ (Інстр. 2); з іншым суф. стаўбу́н ‘ялец’ (Янк. 1, 2). Дэрываты з суф. ‑ец ад стоўб, стоўп (гл.). Укр. стовбець, стовпець ‘пячкур; ялец’. Па сведчанні Сабанеева (2, 78 і наст.), пячкур называецца столбец, столбчик наогул па ўсёй паўднёвай Расіі; назва дадзена па брускаватай форме цела і па звычцы ў паўдзённую гарачыню стаяць нерухома каля камянёў і карчоў (гл. таксама Усачова, Слав. ихт. терм., 154); найменні першапачаткова адносіліся да пячкура, а потым перайшлі на яльца з прычыны некаторага падабенства і іх дробных памераў. Інакш ЕСУМ (5, 421), у якім мяркуюць аб змяненні і кантамінацыі назваў тыпу ўкр. ско́блик, ко́вблик, рус. колб, колбе́нь, якія былі набліжаны да стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трашчу́ха ‘блізна, памылка ў палатне, калі ніткі асновы ідуць без ператыкання з-за адсутнасці адной трысцінкі альбо парваных шнурочкаў (ці нітак) у ніце’; шчуха́, шу́ха, ташчу́ха (Сцяшк. Сл.; Жыд. 1; Сл. ПЗБ; АБ, 9). Параўн. польск. szczuczka ‘тс’, taszczucha ‘тс’ (Фалінская, Sł. tkac., 1, 316). Звязана з тшчы (гл.), параўн. укр., рус. то́щий, стараж.-рус. тъщь, ст.-слав. тъшть ‘пусты’, ‘парожні’, ‘галодны’, серб. та̏шт, славен. təšč, ст.-чэш. tští, ст.-польск. tszczy, czczy ‘пусты’, ‘худы’. Першапачатковай формай можна лічыць ташчу́ха, з яе — скарочаны варыянт шчу́ха з прычыны спалучэння глухіх т‑ і тч‑. Пачатак слова, магчыма, пад уплывам лексемы траста́, трысці́на, гл. Аднак не выключана непасрэднае ўтварэнне ад трашчы́ць ‘трасціць (ніткі)’, гл. Сюды ж, відаць, і трашчу́ха ‘шчыліна паміж дзвюма трысцінкамі ў бёрдзе’ (АБ, 9). Меркаванні пра сувязь з літ. šukė ‘шчарбіна, зазубрына’ (Трухан, БЛ, 48, 59) не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

перавышэнне натуральных узроўняў утрымання радыеактыўных рэчываў у навакольным асяроддзі; форма фізічнага забруджвання. Уяўляе асаблівую небяспеку з прычыны згубнага ўплыву іанізуючай радыяцыі на арганізм чалавека, жывёл і раслін, здольнасці радыеактыўных рэчываў назапашвацца ў жывых арганізмах (гл. Акумуляцыя забруджвальных рэчываў) і выклікаць адмоўныя змены (мутацыі) у іх генет. апараце. Асн. крыніцы Р.з. — выпрабаванні ядз. зброі, вытв-сць атамнай энергіі ў мірных і ваен. мэтах, выкарыстанне радыенуклідаў у нар. гаспадарцы, перапрацоўка і захаванне радыеактыўных адходаў. Глабальнае Р.з. ўзнікла пераважна пры выпрабаваннях ядз. зброі (1945—80-я г.), у выніку якіх у атмасферу трапіла вял. колькасць разнастайных радыенуклідаў; індывід. эфектыўная доза на 40—50° паўн. ш. каля 0,009 мЗв (0,9 бэр); асн. ўклад цэзію-137 (1996). Лакальнае Р.з. можа быць пры аварыях на ядз. рэактарах, сховішчах радыеактыўных адходаў, у радыеізатопных лабараторыях і інш. На Беларусі найб. экалагічную значнасць мае Р.з., якое ўзнікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986). Каля 85% агульнага выкіду — радыенукліды з перыядам паўраспаду да аднаго месяца, 13% — некалькі месяцаў, каля 1% — каля 30 гадоў і каля 0,001% — больш за 50 гадоў. Пасля распаду кароткажывучых нуклідаў Р.з. абумоўлена цэзіем-137, стронцыем-90, плутоніем-238, -239, -240. Пл. 46,45 тыс. км² (каля 23% тэр. краіны) падверглася забруджванню цэзіем-137 (узровень больш за 37 кБк/м²), амаль па ўсёй тэр. адзначаюцца ўзроўні Р.з. цэзіем-137, якія перавышаюць значэнні да катастрофы. На пл. 21,1 тыс. км² (каля 10% тэр.) адзначана Р.з. стронцыем-90 (узровень больш за 5,5 кБк/м²); у Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл. — 29 кБк/м², у Гомельскай вобл.: у Веткаўскім р-не — 137 кБк/м², у Хойніцкім р-не — 1800 кБк/м². Каля 4 тыс. км² (2% тэр.) ахоплівае Р.з. ізатопамі плутонію (узровень больш за 0,37 кБк/м²), найб. забруджаны Брагінскі, Добрушскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Рэчыцкі, Хойніцкі (узровень больш за 111 кБк/м²) р-ны Гомельскай вобл. і Чэрыкаўскі р-н.

М.​Л.​Жэмжураў.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)