са́мы, -ая, -ае, займ. азнач.
1. Ужыв. пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для ўдакладнення, а таксама пры асабовых займенніках у знач. менавіта.
Гэта той с. дом.
Дык гэта і ёсць твая сяброўка? — Яна самая.
2. Ужыв. для ўдакладнення месца і часу ў знач. прама, як раз, непасрэдна.
Ля самага лесу.
На самае дно. 3 самай поўначы.
С. час касіць.
Самая пара гнаць кароў у поле.
3. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені, а пры назоўніках указвае на крайнюю ступень колькасці або якасці.
С. новы.
С. добры.
С. смак.
Самая бездараж.
С. накал падзей.
4. Тое, што і сам (у 1 і 2 знач.).
Парвала с. канверт, дастаючы са скрынкі.
◊
На самай справе — фактычна, у сапраўднасці.
Самы-самы (самая-самая, самае-самае і г.д.) (разм., жарт.) — добры.
Самы раз; у самы раз (разм.) — тады, калі трэба, у патрэбны момант.
Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
калі́, прысл. і злуч.
1. прысл. пыт. У які час?
К. ж вы прыйдзеце? К. гэта будзе?
2. прысл. неазнач. Калі-небудзь.
Ці чуў ты к. такое? 3. прысл. неазнач. У няпэўны будучы час. Заходзь к. да нас.
4. прысл. азнач. Ужыв. як абстрактнае абазначэнне часу (звычайна ў спалучэнні з часц. «вось»).
Вось к. мне трэба было вярнуцца.
5. злуч. часавы. Ужыв. ў пачатку даданага сказа і выражае:
а) частковае або поўнае супадзенне ў часе дзеяння галоўнага і даданага сказаў; у той час як.
К. ўзышло сонца, мы ўжо былі дома;
б) паслядоўнасць дзеяння; пасля таго як.
Я надта перапужалася, к. пачула такое;
в) паўтаральнасць дзеяння (часта са словамі «заўсёды», «кожны раз» і інш.).
Мы заўсёды рады, к. вы прыязджаеце да нас.
6. злуч. умоўны. Выражае рэальную ўмову здзяйснення, існавання чаго-н.
К. працаваць, дык працаваць.
К. глянеш з пагорка, то ўсё ўбачыш як на далоні.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
гру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Ствараць грукат. Ноч над зямлёй плыла. Грукала навальніца. Калачынскі. Зямлю скаваў мароз, і боты грукаюць на ўсё наваколле. Шамякін. // Шумна, з сілай біць, удараць. Як у бубен, у памост Грукаюць падковы. Бялевіч.
2. Тое, што і грукацца (у 1 знач.). Калі каму трэба было чаго, дык ён грукаў у брамку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адчужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Выклікаць адчужанасць, рабіць далёкім каму‑н.; аддаляць. Поўнач у нейкай ступені робіць чалавека ідэалістам, але калі і адчужае яго ад людзей, дык затым толькі, каб зноў прылучыць да іх. М. Стральцоў.
2. Спец. Адбіраць на падставе закону ў каго‑н. якую‑н. маёмасць у карысць дзяржавы або грамадскіх арганізацыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балабо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Разм.
1. Звінець, гучэць.
2. перан. Балбатаць, малоць лухту. Гаворкі ўжо людскае [у Пракопа] не будзе: чаўпе, балабоніць, плявузгае, а што да чаго — не разбярэш. Вітка. // У адносінах да чаго‑н., што ўтварае гукі. [Грачова:] — Бухгалтар!.. Выходзіш з дому, дык радыё выключай. У мяне сваё ёсць... Што яно мне тут увесь дзень балабоніць! Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.
1. Злёгку абмыць. [Бабка] унуку і ваду на рукі палівае, і кажа, каб хоць шыю сабе апаласкаў, бо яна ад загару і пылу стала чорная як зямля. Пестрак.
2. перан. Абгаварыць каго‑н. [Вашыновіч:] — У нас народ такі. Дзе што якое пачуюць, дык.. як паднімуць гаворку. Усіх па костачках разбяруць, усіх апалошчуць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыкрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Выкрасліць у многіх месцах, выкрасліць усё або ўсіх, многіх. Павыкрэсліваць радкі з вершаў. Павыкрэсліваць удзельнікаў са спісаў. □ Войцік прачытаў [твор] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Але калі пачаў правіць «стыль», дык столькі павыкрэсліваў і дадаў, што не пакінуў некранутым амаль ні аднаго радка. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн., ‑нак; ж.
1. Тое, што і прынада. [Пушкарэвіч:] Паложыш падманку — як без атруты, то [ліса] з’есць, а як з атрутай, дык нават і ў той бок не глядзіць. Гурскі.
2. Састаўная частка назваў некаторых мінералаў, якія маюць характэрныя прыметы металаў, але не з’яўляюцца металічнымі рудамі. Смаляная падманка. Цынкавая падманка. Рагавая падманка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махля́рства, ‑а, н.
Разм. Падман, ашуканства з мэтай набыць грошы, маёмасць. [Акцызнік:] — Думаеш, я махлярствам грошы набываю? Не такі. Грошы, нажытыя махлярствам, — на трыццаць год, а мазалём — на тысячу. Пташнікаў. Не было завозу свайго, са сваёй вёскі, дык везлі чужыя. Яны не ведалі таго махлярства, што рабілася ў млыне, і ім было ўсё роўна, хто ім будзе малоць. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
небара́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Няшчасны чалавек, які выклікае спачуванне, жаль і спагаду. Паблізу гаварылі: — Напэўна, ужо нічога не будзе з небаракі, каторы дзень не прыходзіць у прытомнасць... Васілевіч. Агату ўжо неадчэпна грызе клопат: калі не выпусцяць чалавека, дык што яна, небарака, будзе рабіць вясной. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)