змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн.Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ФЫ,
група буйных птушак атр. драпежных. Каля 20 відаў. Падзяляюць на грыфы сапраўдных (14 відаў у бязлесных гарах і перадгор’ях Афрыкі, Паўд. Еўропы і Азіі) і грыфы амерыканскіх, пашыраных ва ўсіх прыродных зонах Паўн.Амерыкі. Найб. вядомыя грыфы сапраўдныя: чорны (Aegypius monachus), сцярвятнік, сіп белагаловы (гл.Сіпы), барадач; сярод грыфаў амерыканскіх: каралеўскі (Sarcoramphus papa), кондар (Vultur gryphus), кондар каліфарнійскі (Gymnogyps californianus; занесены ў Чырв. кнігу МСАП). На Беларусі выпадкова залётны від грыф чорны.
Даўж. каля 1 м, размах крылаў да 3 м. Галава і шыя голыя або ўкрытыя пухам. Крылы шырокія, доўгія, прыстасаваныя да працяглага лунаючага палёту. Лапы масіўныя, пальцы тоўстыя. Нясуць 1 яйцо. Жывяцца пераважна мярцвячынай. Карысныя як прыродныя санітары. Колькасць рэзка скарачаецца (асабліва ў Еўропе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНІЦТВА,
лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд.Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУН (Bruhn) Эрык [сапр.Эверс
(Evers) Бельтан; 3.10.1928, Капенгаген — 1.4.1986], дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог; адзін з самых вядомых прадстаўнікоў дацкай балетнай школы. Скончыў школу Каралеўскага дацкага балета (1947),
у 1947—51 у яго трупе. У 1947—72 выступаў у розных трупах Еўропы і Амерыкі. У 1967—71 маст. кіраўнік Каралеўскага швед. балета. Выконваў вядучыя партыі ў балетах класічнага і сучаснага рэпертуару. Сярод пастановак у Каралеўскім дацкім балеце: «Маленькі канцэрт» на муз. Г.Гулда (1953), новая рэд. «Жызэлі» А.Адана (з Н.Б.Ларсенам, 1959); у рымскай Оперы — «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера (1966), у Нац. балеце Канады — «Сільфіда» і «Капелія» Л.Дэліба (1975). Прапагандаваў стрымана-вытанчаную, але мужную манеру танца, уласцівую школе А.Бурнанвіля. Аўтар кн. «Бурнанвіль і балетная тэхніка» (з Л.Мур). Прэмія В.Ніжынскага (Парыж, 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн.Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІКАБРА́ЗЫ,
млекакормячыя 2 сям.атр. грызуноў. Сям. дзікабразавых (Hystricidae). 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жывуць у пустынных, горных, перадгорных раёнах. Найб. вядомы Дз. індыйскі (Hystrix indica); рэшткі блізкага да яго віду выяўлены ў ніжнеантрапагенных адкладах каля в. Карчова (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Сям. Дз. амерыканскіх (Erethizontidae) — 5 родаў, 12 відаў. Пашыраны ў Паўн., Цэнтр і паўн.ч.Паўд.Амерыкі. Жывуць пераважна на дрэвах. Вядомы Дз. мексіканскі (Coendou mexicanus).
Даўж. цела да 103 см, хваста да 45 см, маса да 27 кг. Цела ўкрыта тоўстымі вострымі іголкамі (даўж. на загрыўку да 40 см) і цвёрдым шчаціннем. Афарбоўка цела чарнаватая, бураватая, карычневая з жоўтымі або белымі палосамі на іголках і валасах. Корм раслінны. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн.Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́РКІ (Branta),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Амерыкі, К. гавайская (B. sandvicensis) — на Гавайскіх а-вах. На Беларусі 2 віды: К. чорная (B. bemicla) трапляецца на веснавых і асенніх пралётах; К. чырвонаваллёвая (B. ruficollis) — рэдкі залётны від.
Даўж. да 90 см, маса да 2,3 кг, К. канадскай (B. canadensis) да 8 кг. Колер апярэння розны. Галава маленькая, дзюба кароткая, чорная, ногі чорныя. Добра ходзяць, плаваюць. Гняздуюцца разрэджанымі калоніямі. Гнёзды на зямлі, нясуць 3—5 яец. Кормяцца раслінамі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 1 від і 1 падвід. К. чырвонаваллёвая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. К. называюць таксама 2 віды гусей з роду Anser гусь белалобую (A albifrons) і піскульку (A. erythropus).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),
паўвостраў на ЗПаўн.Амерыкі, у Мексіцы. Абмываецца Ціхім ак. на З і яго Каліфарнійскім залівам на У. Даўж. 1200 км, шыр. 50—250 км. Пл. 144 тыс.км². Берагі абрывістыя, асабліва на У, на З — месцамі лагуннага тыпу. На Пд шмат прыбярэжных астравоў і бухтаў. На У адасобленыя вулканічныя і крышт. масівы, пераважныя выш. 500—1500 м, найб. 3078 м (г. Ла-Энкантада). На З — ступеньчатыя пласкагор’і выш. 1000—1500 м, прыморскія нізіны і кароткі хр. Сьера-Віскайна. Клімат субтрапічны на Пн і трапічны на Пд. Ападкаў менш за 250 мм за год на ўсёй тэрыторыі. На ўзбярэжжы частыя туманы. Расліннасць пустынная і паўпустынная (хмызняк, кактусы, агавы, юкі), у гарах месцамі лясы. Нац. парк Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр. Арашальнае земляробства і пладаводства. Пашавая жывёлагадоўля. Рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,
асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш.Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.