КАРАВА́Н-САРА́Й (ад караван + перс. серай — палац, дом),
заезны і гандл. двор для караванаў на дарогах і ў гарадах Б. Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя. Вядомы са старажытнасці, найб. пашыраны ў 9—18 ст. у сувязі з ростам гарадоў і ўзмацненнем транзітнага караваннага гандлю.
Бываюць зальныя (Арменія) — прамавугольныя ў плане будынкі, падзеленыя на нефы (сярэдні неф для людзей і тавараў, бакавыя для жывёлы). Найб. пашыраны тып К.с. — з унутр. дваром, абкружаным 1- або 2-яруснымі памяшканнямі (уверсе звычайна гасцініца, унізе — склады і стойла). Умацоўваліся сценамі або далучаліся да культавых будынкаў. З развіццём чыг. і аўтамаб. транспарту страцілі сваё значэнне.
С.А.Сергачоў.
Караван-сарай у г. Арэнбург (Расія). 1836—42. Арх. А.П.Брулоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЛІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
дзяржава ва Усх. Грузіі на тэрыторыі гіст. вобласці Картлі ў 2-й пал. 15—18 ст. Узнікла ў выніку распаду адзінага Груз. царства. Сталіца — г. Тбілісі. Аснова эканомікі — натуральная гаспадарка. Падзялялася на паўсамаст. адзінкі — сатавада. У канцы 17 — пач. 18 ст. перажывала пэўны эканам. і культ. ўздым. У 16—18 ст. К.ц. пад кіраўніцтвам Луарсаба I, Георгія Саакадзе, Вахтанга VI і інш. супраціўлялася ірана-тур. агрэсіі. У 1723 К.ц. авалодалі туркі, у 1735 — іранцы. У 1744 аднавіла незалежнасць. Існавала да 1762, калі пад уладай кахецінскага цара Іраклія II было аб’яднана з Кахеты ў адзінае Картлійска-Кахецінскае царства са сталіцай у Тбілісі, якое ў 1801 далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІЯ́Н (Васіль Ільіч) (1.1.1896, г. Сняціна Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 26.6.1976),
украінскі графік. Нар.маст.СССР (1944). Правадз.чл.АМСССР (1947). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Пражскую АМ (1926). З 1927 (з перапынкам) праф. Кіеўскага маст. ін-та. Творы вызначаюцца экспрэсіяй штрыха, рамантычнай прыўзнятасцю вобразаў: «Арсенальцы» і «Герой Перакопа» (абедзве 1927), «Тарас Шаўчэнка» (1922—23, 1926, 1960); серыі «Днепрабуд» (1932—34), «Арцём» (1936), «У.І.Ленін і Украіна» (1947); ілюстрацыі да твораў Т.Шаўчэнкі, І.Франко, М.Кацюбінскага, Л.Украінкі і інш.; плакаты.
Адзін са стваральнікаў «Гісторыі ўкраінскага мастацтва» (т. 1—6, 1966—70; Дзярж. прэмія Украіны 1971). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,56 км², даўж. 1,2 км, найб.шыр. 660 м, найб.глыб. 22,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 59,6 км². Схілы катлавіны выш. 10—19 м (на Пн і У да 6 м), пераважна разараныя. Берагі выш. да 0,2 м, пясчаныя, па Пн і З зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 3—3,5 м (на Пд да 5,5—8 м) пясчанае і іліста-пясчанае, ніжэй — ілістае. Шыр. паласы падводнай расліннасці 20—25 м, на ПдУ да 75 м. На Пд упадае р. Дзіва, выцякае ручай у р. Лукомка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́ЗСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
раён на Паўн. Каўказе (Расія), паміж Стаўрапольскім узвышшам і паўн. схілам Вял. Каўказа, багаты разнастайнымі мінер. крыніцамі. Больш за 130 мінер. крыніц. Група шырока вядомых курортаў: Есентукі, Жалезнаводск, Кіславодск, Пяцігорск. Клімат кантынентальны, з вял. колькасцю сонечных дзён і ўмеранымі ападкамі. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. крыніцы звычайных і тэрмальных вуглякіслых, радонавых, гідракарбанатна-хларыдна-натрыевых і інш. вод, у т. л. «Есентукі», «Нарзан». З лек. мэтамі выкарыстоўваюць клімататэрапію, рапу і сульфідныя гразі Тамбуканскага воз. Адзін са старэйшых курортных раёнаў. Мінер. крыніцы даследаваны ў пач. 18 ст. У зоне К.М.В. дзейнічае больш за 100 санаторыяў, пансіянатаў, турысцкіх баз.
Літ.:
Смирнов-Каменский Е.А., Павлов М.К. Край целебных вод. Ставрополь, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎНДА ((Kaunda) Кенет Дэйвід) (н. 28.4.1924 каля г. Чынгола, Замбія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Замбіі. З 1948 сакратар раённых і правінцыяльных аддзяленняў Афр.нац. кангрэса (АНК) Паўн. Радэзіі, у 1953—58 ген. сакратар АНК. У 1958—59 заснавальнік і нац. прэзідэнт партыі АНК Замбіі. Састудз. 1960 прэзідэнт Аб’яднанай партыі нац. незалежнасці. У 1962—64 міністр мясц. самакіравання і сац. забеспячэння, у студз.—кастр. 1964 прэм’ер-міністр Паўн. Радэзіі. У 1964—70, 1973—78 міністр абароны, у 1970—71 і 1987—88 старшыня Арганізацыі афрыканскага адзінства. У 1964—91 прэзідэнт Замбіі. Тэарэтык афр. сацыялізму, стваральнік канцэпцыі «замбійскага гуманізму» і т. зв. камунакратыі, якая з 1969 беспаспяхова рэалізоўвалася ў Замбіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАВА (Фаіна Міхайлаўна) (н. 29.9.1931, г. Зуеўка Кіраўскай вобл., Расія),
бел. матэматык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1968), праф. (1972). Скончыла Уральскі дзярж.ун-т (1954, г. Екацярынбург). З 1967 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па аптымальным кіраванні, канструктыўных метадах аптымізацыі і іх дастасаванні. Распрацавала матэм. апарат даследавання сістэм са спазненнем на кіруемасць і назіральнасць, прынцып квазімаксімуму для дыскрэтных сістэм, універсальную форму неабходных умоў аптымальнасці для шырокага класа сістэм кіравання, канструктыўную тэорыю экстрэмальных задач, праграмныя сродкі для ЭВМ. Прэмія Савета Міністраў СССР 1986.
Тв.:
Особые оптимальные управления. М., 1973 (разам з Р.Габасавым);
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 1—5. Мн., 1984—98 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́ (ЗО́НЫ),
буйныя, дастаткова аднародныя ў кліматычных адносінах вобласці зямнога шара, якія маюць характар шыротных або субшыротных суцэльных ці перарывістых палос. Іх вылучэнне заснавана на заканамернасцях узрастання радыяцыйнага балансу і т-ры паветра ад полюсаў да экватара, на асаблівасцях увільгатнення ў розных шыротах і перавазе шыротнага і субшыротнага перамяшчэння паветраных мас у сістэме агульнай цыркуляцыі атмасферы. Вылучаюць экватарыяльны, субэкватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы; у высокіх шыротах — субарктычны (субантарктычны) і арктычны (антарктычны) К.п.(з.) У генет. класіфікацыі кліматаў рас. кліматолага Б.П.Алісава паясы разглядаюцца як найбольшыя адзінкі кліматычнага раянавання. Шыротныя паясы часам наз. кліматычнымі зонамі, кліматычныя паясы звязваюць са зменамі клімату па вертыкалі ў горных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІШЭ́ (франц. cliché),
1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.
Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл.Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл.Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.
2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.