АЛЬХІМО́ВІЧ (Казімір) (20.12.1840, в. Дэмбрава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.12.1916),
жывапісец і графік; прадстаўнік позняга рамантызму і рэалізму ў бел. жывапісе 19 — пач. 20 ст. Вучыўся ў Варшаве ў маст. школе В.Герсана (1871—73), у Парыжы (1876—78), скончыў Мюнхенскую АМ (1875). За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір (да 1869). З 1878 у Варшаве, удзельнічаў у выстаўках Варшаўскага т-ва заахвочвання мастацтваў і Салона ў Парыжы. Аўтар гіст. палотнаў: «Пахаванне Гедзіміна», «Пасля бітвы», «Смерць Маргера», «Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Перуна», «Абарона Ольштына» (1883), «Смерць Глінскага ў турме» (каля 1884). У карцінах «Жніво» (1869), «Вясковая дзяўчынка» (1880-я г.), «Наём работнікаў» (1893), «Парабкава хата», «У поце чала», «Шляхціц і селянін» (1898) і інш. адлюстраваў быт, пакутлівы лёс сялян і парабкаў. Пад уплывам ссылкі напісаў творы «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале» (каля 1820), «На этапе» (1894) і інш. Па матывах творчасці А.Міцкевіча стварыў серыю карцін і 12 кардонаў-ілюстрацый да яго паэмы «Пан Тадэвуш». Ілюстраваў творы Ю.Славацкага і Ю.Крашэўскага. Размалёўваў (з Т.Попелем і А.Пятроўскім) касцёл Св. Кацярыны ў Пецярбургу.
К.Альхімовіч. Аўтапартрэт. 1864.К.Альхімовіч. Вясковая дзяўчына. 1880-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),
вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.
Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл.Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.М.Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.А.Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.
Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Антон) (н. 26.6.1909, Мінск),
гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл.Цэнтр. рады Бел.нар. самапомачы, прэзідыума Бел.навук.т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.Арсенневай, М.Багдановіча, А.Гаруна, У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, А.Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАРЭ́ВІЧЫ, Азарэвічавы,
сям’я бел. і рус. акцёраў 18—19 ст.
Пелагея (па сцэне Жывакіна; ?, Шклоў — ?), артыстка балета. Прыгонная. Вучылася ў балетмайстра Марыядзіні. Пры мадонна балета Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1799 адпушчана на волю, выступала на пецярбургскай, потым да 1812 на маскоўскай сцэне. Маці акцёра В.І.Жывакіні.
Кацярына Лук’янаўна (?, Шклоў — пасля 1870), артыстка балета. Прыгонная. Пляменніца Пелагеі, маці Надзеі і Марыі Азарэвіч. Вучаніца балетмайстра М.Пранчынскага. Да 1799 вядучая танцоўшчыца Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 перададзена дырэкцыі Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў. У 1802 адпушчана на волю.
Надзея Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 1-я, па мужу Навіцкая; каля 1802, Пецярбург — ?), артыстка балета і драмы. Вучылася ў імператарскім тэатр. вучылішчы ў балетным класе і ў т.зв. «маладой трупе» А.Шахаўскога. У 1821—27 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне. Вызначалася ў пантамімных балетах Агюста і Ш.Дзідло.
Марыя Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 2-я; 1804, Пецярбург — 14.11.1888), драм. актрыса. Вучаніца Шахаўскога і К.Сямёнавай. У 1821—43 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне ў трагедыях і камедыях. Першая выканаўца ролі Лізы ў спектаклі «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (паст. 1831).
Да арт.Азарэвічы. Надзея Апалонаўна і Марыя Апалонаўна. Невядомыя мастакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЎСКАЕ МО́РА (стараж.-рус. Суражскае мора),
унутранае мора Атлантычнага ак. на ПдУсх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс.км², аб’ём 0,29 тыс.км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м.Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася паслябуд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЧЫ́ННЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання масавых грамадка-паліт. арг-цый для вырашэння праблем нацый на пэўных этапах іх гіст. развіцця. Дзейнічалі ў Балгарыі (1942—89), Венгрыі (1944—89) і В’етнаме (з 1955). У Айчынны фронт уваходзілі грамадзяне, паліт. партыі, рухі. У час 2-й сусв. вайны меў антыфаш. накіраванасць. У пасляваен. час дамінуючую ролю ў Айчынным фронце набылі камуніст. партыі, прыкрываючы такім чынам сваю манаполію на ўладу.
Айчынны фронт Балгарыіпасля рэарганізацыі (1948) аб’ядноўваў Балг. Кампартыю Балг. земляробчы нар. саюз, Дзімітраўскі камуніст. саюз моладзі, прафсаюзы; выдаваў газ. «Отечествен фронт». У Венгрыі айчынны фронт дзейнічаў пад кіраўніцтвам Венг.сацыяліст. рабочай партыі пад назвамі: Венг. фронт (з мая 1944), Венг.нац. фронт незалежнасці (са снеж. 1944), Венг.нар. фронт незалежнасці (з лют. 1949) і Айчынны нар. фронт (з 1954); выдаваў газ. «Maguar Nemzet» («Венгерская нацыя»), «Szabad Föld» («Свабодная зямля»), Айчынны фронт В’етнама ў 1977 аб’яднаў Нац. фронт вызвалення Паўд. В’етнама (дзейнічаў з 1960), Саюз нац.дэмакр. і міралюбівых сіл Паўд. В’етнама (з 1968), асн. мэтай якіх было аб’яднанне краіны, а таксама камуніст., дэмакр., сацыяліст. партыі, прафсаюзы, жаночыя і маладзёжныя арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАГЛА́ССЕ,
сістэма знаменнага распеву ў стараж.-правасл. пеўчым мастацтве. Складалася з 8 самаст. частак — гласаў, якія ўяўлялі сабой арганізацыю песнапенняў, засн. на пэўным меладычным папевачным складзе і суаднясенні папевак, падпарадкаваных ладавай апорнасці.
Песнапенні аднаго гласа спяваліся на працягу тыдня, пасля іх змянялі песнапенні наступнага па парадкавым нумары гласа. 8-тыднёвы цыкл з 1-га да 8-га гласа ўтвараў т.зв. стоўп (песнапенні святаў маглі не супадаць з тыднёвымі). Парадак чаргавання гласаў канчаткова ўсталяваўся ў 15 ст. Сістэме асмагласся падпарадкаваны знаменны распеў, пуцявы, грэчаскі, балгарскі, кіеўска-літоўскі і інш., у т. л.мясц. распевы на Беларусі — супрасльскі, слуцкі, жыровіцкі і інш. Унутраная муз. арганізацыя гласаў і сістэмы асмагласся магла будавацца на аснове 2 прынцыпаў — ладава-гукараднага (суаднясенне пануючага і канечнага тонаў) і ладава-меладычнага (сума меладычных формул — папевак; фіксаваліся строга замацаванымі за імі графічнымі знакамі). З развіццём мелодыкі песнапенняў сістэма асмагласся часткова парушылася, гласы часткова страцілі ладава-меладычную характэрнасць. Асн. рысы асмагласся — дыятанізм, у меладычнай аснове — лады-інтанацыі, лады-папеўкі, унутрыладавая шматустойнасць. Звод асмагласся змешчаны ў «Асмагласніку», або «Актоіху». Найб. вядомыя асмаглассі: «Сімвал веры», «Свеце ціхі», трапар «Уваскрэсенне Хрыстова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Андрэй) (сапр.Бугаеў Барыс Мікалаевіч; 26.10.1880, Масква — 8.1.1934),
рускі пісьменнік, тэарэтык сімвалізму. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). Належаў да «малодшага пакалення» сімвалістаў. Першы зб. вершаў — «Золата ў блакіце» (1904). Трагічнымі інтанацыямі прасякнуты напісаныя рытмічнай прозай 4 «сімфоніі»: «Паўночная сімфонія (1-я гераічная)», (1900, выд. 1904), «Сімфонія (2-я драматычная)» (1902), «Вяртанне» (1905); «Кубак мяцеліц» (1908). Рэвалюцыю 1905—07 Белы ўспрыняў з уздымам, але быў далёкі ад яе паліт. асэнсавання. У 1909 выдаў зб-кі вершаў «Попел» (асн. тэма — трагічнае становішча тагачаснай Расіі) і «Урна» (расчараванне ў юнацкіх ідэалах і шуканнях). Раманы «Пецярбург» (1913—14, перапрацаванае выд. 1922) прысвяціў гіст. лёсу Расіі і падвёў сімвалічныя вынікі «заходняга» перыяду яе развіцця. ПасляКастр.рэв. 1917, якая бачылася яму мяцежнай, ачышчальнай стыхіяй (паэма «Хрыстос уваскрэс», 1918), пісаў пераважна прозу (аўтабіягр. аповесці «Коцік Лятаеў», 1922; «Хрышчоны кітаец», 1927; раман «Масква», ч. 1—2, 1926). Распрацаваў эстэтыку сімвалізму (зб.арт. «Сімвалізм», 1910) і тэорыю рытму ў вершы і прозе, дзе ўпершыню выкарыстаў матэм. метады («Рытм як дыялектыка» і «Медны коннік», 1929; арт. ў час. «Горн» у 1919). Аўтар мемуараў «На мяжы двух стагоддзяў» (1930), «Пачатак стагоддзя. Успаміны» (1933), «Паміж дзвюх рэвалюцый» (1934) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,
галіна вытв-сці і абслугоўвання, прызначаная для перавозак людзей і грузаў, выкарыстання ў сан. і проціпажарнай службах, сельскай гаспадарцы, геолагаразведцы і інш. Першая трансп.авіялінія на Беларусі адкрыта ў 1932 па маршруце Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр (курсіравалі 3 самалёты, вазілі пераважна пошту). Перавозка пасажыраў пачалася з 1938 па лініі Мінск—Масква (гл.Паветраны транспарт). Пасля 2 сусв. вайны прамыя паветр. лініі звязалі Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Сучасная грамадзянская авіяцыя Рэспублікі Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі, у т. л. з Англіяй, Германіяй, Кітаем, ЗША і інш. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» — Беларускае аб’яднанне грамадзянскай авіяцыі. На лініях эксплуатуюцца самалёты ТУ-134, ТУ-154 (розных мадыфікацый), АН-26, АН-24, ЯК-40 і інш., верталёты К-26, Мі-2 і інш. Рамантуюць лятальныя апараты Мінскі авіярамонтны завод, авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай. Спецыялістаў для грамадзянскай авіяцыі рыхтуе Мінскі авіяцыйны каледж, спец.навуч. ўстановы інш. краін СНД. Перавозкі грамадзянскай авіяцыі забяспечваюць міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне, нац. і мясц. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Мазыры, Пінску, Полацку, Салігорску і інш.Гл. таксама Аэрапорт, Авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,
у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.