ФІЛАЛО́ГІЯ (грэч. philologia літар. — любоў да слова),
комплекс навуковых дысцыплін гуманітарнага цыкла, што вывучаюць сутнасць і гісторыю духоўнай культуры чалавецтва праз моўны і стылістычны аналіз пісьмовых, часткова і вусных тэкстаў. Тэрмін «Ф.» ўвёў ва ўжытак у 1-й чвэрці 19 ст. ням. філолаг Ф.А.Вольф.
Вытокі Ф. ў антычнасці; высокага развіцця дасягнула стараж.-інд. Ф. З пашырэннем хрысціянства на першы план выступілі праблемы тлумачэнняў і перакладаў Бібліі і інш. багаслоўскай л-ры; традыцыі грэч. Ф. прадаўжаліся пераважна ў Візантыі. Цікавасць да класікі абудзілася пераважна ў эпоху Адраджэння. З’явіліся вучоныя-філолагі, якія былі адначасова лінгвістамі, літаратура- і мастацтвазнаўцамі, этнографамі, гісторыкамі, філосафамі і г.д., бо толькі ўсебаковая дасведчанасць давала магчымасць выявіць змест, пафас, асаблівасці стараж. пісьмён. Выдатныя філолагі 16—17 ст.: Ю.Ц. і І.Ю.Скалігеры, А.Эцьен, Эразм Ратэрдамскі, Р.Бентлі, Ш.Дзюканж і інш. «Гісторыя мастацтва старажытнасці» І.Вінкельмана (1764) спрыяла філал. вывучэнню мінулага з канца 18 да пач. 20 ст. (Вольф, Г.Узенер, Э.Родэ, У. фон Віламавіц-Мёлендорф). У 19 ст. ад Ф. адмежаваліся гіст. дысцыпліны, вылучыліся ў самаст. навукі мовазнаўства, літ.-знаўства, пачала фарміравацца тэксталогія; узніклі новыя галіны «Ф.» — навукі пра мову і л-ру асобных народаў: германістыка, славяназнаўства, раманістыка, усх. Ф. і інш., але падыход да тэксту як прадмета Ф. застаецца комплексным. Вял. роля ў развіцці рус. Ф., пачатак якой даў М.Ламаносаў, належыць Ф.Буслаеву, І.Сразнеўскаму, А.Шахматаву, Ф.Коршу, В.Вінаградаву, С.Абнорскаму і інш.
Асновы бел. Ф. заклалі Л.Зізаній, І.Насовіч, Я.Карскі. Пра філал. даследаванні на Беларусі гл. ў арт. Мовазнаўства, Літаратуразнаўства, Фалькларыстыка, Лексікаграфія, Дыялекталогія, Тэксталогія.
Літ.:
Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А. Введение в романскую филологию. М., 1987;
Супрун А.Я. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.
А.Я.Міхневіч, А.Я.Супрун.
т. 16, с. 384