Верашча́ка, верашча́ка і т. п. ’мясны адвар з рабрынкамі, каўбасой, мясам, падбіты мукой’ (БРС, Нас., Шат., Сцяшк. МГ, Вешт.). Параўн. рус. вереща́га, вереща́нка ’яешня’. Польск. wereszczaka ’тс’ запазычана з бел. мовы. Брукнер (606) лічыць, што гэта «od wrzasku», верашчання. Таксама Даль («верещит, шипит на сковороде») і Фасмер, 1, 298. Іншае тлумачэнне ў матэрыялах Карловіча: «Wereszczak był to sławny kucharz Augusta III, a od niego nazwa co do sposobu dawania kiełbasy» (гл. Карловіч, 4, 91).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́йска (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Мал., Сцяшк.). Рус. во́йска, укр. ві́йсько, ст.-рус. воиско, ст.-слав. воиска, польск. wojsko, чэш., славац. vojsko, в.-луж. wójsko, балг. войска, макед. војска, серб.-харв. во́јска, славен. vójska. Прасл. vojьsko. Гл. воін (Фасмер, 1, 335). У словаўтваральных адносінах гэта nom. kol. ад vojь ’воін’ (Махэк₂, 698). Інакш Шанскі (1, В, 143) і Скок (3, 612), якія разглядаюць яго як субстантывіраваны прыметнік з суф. ‑ьsk ад vojь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́лка ’вуліца’ (Нас., Грыг.); ’вулічка’ (Гарэц.); ’завулак, правулак’ (Бяльк., Янк. I, Касп., КСТ); ’дарога, якая праходзіць папярок вёскі, прыблізна пасярэдзіне’ (Шат.); ’праход з асноўнай вуліцы’ (Жд., 3); ’вузкая дарожка, абгароджаная з двух бакоў’ (КЭС), укр. палес. ву́лка ’вулачка’, рус. у́лка ’двор, прастора па-за хатай’, ст.-рус. улъка ’завулак’. Дэмінутыўнае ўтварэнне, паралельнае да вуліца; параўн. га́лка/га́ліца і інш., суфіксацыя на ‑ъka характэрна для паўн.-слав. моў, для паўд.-слав. — ica (Слаўскі, SP, 1 94).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Выйма́ць ’вымаць’ (Нас., Гарэц., Касп., Бяльк.). Рус. дыял. выйма́ть, укр. вийма́ти, польск. wyjmować, в.-луж. wujimać, чэш. vyjmouti, славац. 1‑я асоба vyjme. Утвораны з дапамогай прэфікса вы‑ ад праславянскага дзеяслова j‑ьmǫ, ‑ęti або ад формы незакончанага трывання гэтага дзеяслова — emi̯ǫ, jьmati, пасля имать; параўн. ліг. imù, im̃ti, ст.-прус. imma, īmt, лац. emō, ēmi ’бяру’ (Траўтман, 103 і наст.; Фасмер, 2, 19; Махэк₂, 231; Шанскі, 1, В, 227 і наст.). Параўн. узяць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вытвара́ць ’вырабляць штукі, свавольнічаць’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Янк. III, Мядзв.). Рус. вытворя́ть, укр. витворя́ти ’тс’. Утворан як форма незакончанага трывання дзеяслова вы́тварыць, які ад тварыць (параўн. польск. wytworzyć ’зрабіць, стварыць’) (гл. Шанскі, 1, В, 235). Семантычны зрух ’тварыць’ > ’рабіць што-небудзь незвычайнае’ атрымаўся, відавочна, не пры пераходзе ў прастамоўна-аргатычнае асяроддзе ўжывання (Шанскі, там жа), а з’явіўся вынікам эліпса словазлучэння вытвараць штукі, свавольства, дзе дзеяслоў выступае ў сваім прамым значэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вярло́ма ’баршчоўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (маг., Кіс.; Нас.), відавочна, экспрэсіўнае слова, якое можна звязаць з бел. вярлю́й ’мядзведзь’, серб.-харв. вр́љати ’кідаць’. Утворана ад вярнуць і ламаць (гл.), пры называнні падкрэсліваецца магутнасць расліны, яе моцнае сцябло; параўн. яшчэ маг. барэц (Кіс.), а таксама назвы з іншымі матывацыямі рус. опаль ад палить (пры дотыку да лісцяў на целе ўзнікаюць апёкі), рус. снидь (< снедь < ěsti ’есці’ — маладыя лісты ўжываюцца ў ежу ў якасці салата).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вячэ́раць (Байк. і Некр., Бесар., БРС, Бяльк., Булг., Гарэц., Грыг., Касп., КТС, КЭС, лаг., Мядзв., Нас., Шат., Шэйн). Укр. вечеряти, рус. вечерять (падрабязней аб распаўсюджанні на рус. тэрыторыі гл. Герд., Бел.-рус. ізал., 31), польск. wieczerzać, памор. v́ečěřac, в.-луж. wječerjeć, н.-луж. wjacerjaś, чэш. večeřeti, славац. večerať, серб.-харв. вѐчерати, славен. večę̑rjati, макед. вечера, балг. вече́рям ’тс’. Праславянскі дзеяслоў ад večerja; гл. вячэра. Параўн. яшчэ рус. ужинать, завтракать як аналагічныя ўтварэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вішча́ць (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бес., Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), вішчэ́ць (Інстр. III, Гарэц.). Рус. визг, визжа́ть, укр. визга́ти, виска́ти, вища́ти, ст.-рус. вискати ’ржаць’, ц.-слав. виштати, виснѫти ’пішчаць, шаптаць’, балг. виждя́ ’вішчу’, серб.-харв. ви̏ска ’ржанне, крык’, ви̏снути ви̑сне̑м ’крыкнуць’, польск. wiskać, wiszczeć. Прасл. *visk‑, *vizg‑ ’вішчаць, іржаць’ гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 1, 313; Скок, 3, 597). Праабражэнскі (1, 83) супастаўляе таксама з н.-в.-ням. wiehern ’іржаць’. Гл. віск.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галосны 1 (лінгвістычны тэрмін, БРС). Параўн. укр. голосни́й ’тс’. Здаецца, што гэта калька рус. гла́сный (гук), якая засведчана ўжо ў XVII ст. і з’яўляецца калькай лац. vocalis (ад vox ’голас’). Аб рускім слове Фасмер, 1, 410; Шанскі, 1, Г, 90.
Галосны 2 ’вядомы’ (Нас.). Насовіч перакладае рускім «гласный» і дае прыклад «галоснае дзела». Можна меркаваць, што, магчыма, гэта запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. głośny ’вядомы; гучны, нашумеўшы’, głośna sprawa ’нашумеўшая справа’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ган ’недахоп’ (Нас., Касп.). Каспяровіч параўновае гэта слова з зага́на ’тс’. Аднак лепш параўноўваць (бо фармальна стаіць бліжэй) з укр. га́на ’бессаромнасць, сорам, ганьба’, польск. gana, чэш. hana і г. д., якія адносяцца да слав. *ganiti ’ганьбіць і да т. п.’ (бел. га́ніць, укр. га́нити, рус. дыял. га́нить, польск. ganić, чэш. haniti). Аб слав. *ganiti падрабязней гл. Слаўскі, 1, 254–255 (там і агляд літ-ры). Форма ган, мусіць, нейкае беларускае новаўтварэнне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)