каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.
2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.
3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.
4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць патрэбныя якасці ў выніку запарвання. Дзежка запарылася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць прыгодным для скарыстання ў выніку запарвання. Сечка вапарылася.
3. Разм. Доўга парачыся ў лазні, давесці сябе да знямогі. Запарыцца да паўсмерці.
4. Разм. Моцна стаміцца ад шпаркай або доўгай язды, хады, цяжкай працы. Язэп стараўся не адстаць, кульгаў і ўсё больш абапіраўся на кій. — Запарыўся я зусім, — нарэшце не вытрываў ён. Асіпенка. // перан. Адстаць, не справіцца з работай. З работай цяпер я, можна сказаць, проста запарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́пшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. добры; проціл. горшы. Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот... І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот. Чарот. [Бацька:] — Ведаеш, сынку, нам трэба было б набыць лепшага каня. Бядуля.
2. Найвыш. ст. да прым. добры; самы добры. [Шугаеў:] Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Крапіва. Таварышы з акругі, хочучы пазнаёміць грамадства з лепшым участкам беларускай граніцы і лепшым камандзірам ўчастка, — накіравалі мяне іменна сюды. Брыль. // у знач. наз. ле́пшае, ‑ага, н. Збіраліся, прыходзілі і садзіліся за сталы калгаснікі, адзетыя ў лепшае. Васілевіч.
•••
У лепшым выпадку гл. выпадак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касі́цца 1, косіцца; незак.
1. Паддавацца скошванню. Канюшына была радкаватая, касілася лёгка.
2. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці касіць. З расой лёгка косіцца. □ Так мне лёгка і весела косіцца, У руках я не чую касы. Свірка.
3. Зал. да касіць 1.
касі́цца 2, кашуся, косішся, косіцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Станавіцца касым (у 1 знач.); крывіцца. Сцяна косіцца. Вокны косяцца.
2. Глядзець не прама, а скоса, убок. Нерашуча ступаючы за Маяй,.. [Чудзін] з жахам касіўся на свой шынель. Карпюк.
3. перан. Адносіцца неадабральна, недаверліва да каго‑н., злавацца. Марына ж не касілася на .. [Пракопа], не абыходзіла бокам. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.
2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.
3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.
•••
(Апошні) крык моды гл. крык.
Выйсці з моды гл. выйсці.
Мець моду гл. мець.
Увайсці ў моду гл. увайсці.
Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.
[Фр. mode.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
налаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. з інф., чым, чаму і без дап. Набыць навык, спрыт у якой‑н. справе; навучыцца рабіць што‑н. Палонны найбольш трапляў гаварыць па-польску, але за год налаўчыўся ўжо крыху і па-тутэйшаму. Чорны. З дзіцячых гадоў яшчэ Павел палюбіў лыжы.. А калі пасталеў, ён так налаўчыўся хадзіць на іх, што рэдка хто мог яго абагнаць. Шахавец. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка.
2. без дап. Разм. Злаўчыцца, прылаўчыцца. Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніжэ́й,
1. Выш. ст. да прысл. нізка 2.
2. прысл. Далей (пры спасылцы на наступнае месца тэксту).
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «ніжэй» выражае прасторавыя і колькасныя адносіны: а) уніз ад якой‑н. прасторавай мяжы. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Груды былі значна ніжэй процілеглага вала. Колас; б) па цячэнню ракі ўніз ад якога‑н. месца. Рэчка ніжэй завадзі пашыраецца і цячэ неглыбокай бліскучай стужкай. Аляхновіч; в) менш за якую‑н. колькасць, у напрамку памяншэння па лічбаваму раду. Тэмпература ніжэй нуля. □ Ісці ніжэй трох долараў прадавец яўна не хацеў. В. Вольскі.
•••
Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паві́нен, ‑нна, у знач. вык. (часцей з інф., з дзеясл. «быць» або без апошняга).
Абавязан, вымушан што‑н. рабіць, або мець якую‑н. якасць. Мы павінны змагацца за мір. □ Чалавек! Ён павінен быць варты свайго месца на зямлі. Карпаў. // Аб тым, што абавязкова здарыцца. Зацменне месяца павінна быць у 11 гадзін вечара. □ [Васіль:] — Мінут праз дзесяць тут па графіку павінен прайсці наступны поезд... Васілёнак. // Ужываецца для вырашэння магчымасці, непазбежнасці чаго‑н. Ён павінен хутка з’явіцца. □ [Муляры] павінны будуць сабрацца неўзабаве, перад закладкаю галоўнага будынка. Чорны. Не мае права жартаваць .. [Марына сваім] лёсам. Яна маладая, яна павінна быць шчаслівая па-сапраўднаму. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.
1. Сагнуць, пакарабаціць усё, многае або што‑н. у многіх месцах. Аднойчы я сам бачыў, як .. [парабкі].. выплюхнулі з цабэрка ваду, а рыдлёўкі пагнулі і закінулі ў крапіву. Бажко. Алёша, закасаўшыся, сам стаяў у размешанай гразі, глядзеў, каб чаго не пагнуць у машыне. Лобан. // Схіліць, нахіліць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. На .. [ стале] у гладышы з адбітым горлам пагнулі галовы прывялыя чырвоныя вяргіні. Пташнікаў.
2. і без дап. Гнуць некаторы час. Узяў дзед кусок скуры, так падэшвы на дзве, пагнуў-пагнуў яго ў руках і пытае: — Колькі за гэта? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Забраць, узяць з сабой, да сябе ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пачынаўся вечар.. Змрокам ужо выйшаў .. [Тамаш] за гумно на агароды, пазабіраць калкі з разгароджанага плоту. Чорны.
2. Забраць сілай, канфіскаваць усё, многае. — Ад такарнага [цэха] нічога амаль не засталося. Верстакі палякі пазабіралі пры адыходзе, не было тут каму перашкодзіць ім. Галавач. Нічога [гарадавыя] не знайшлі. Ротмістр пазабіраў пісьмы, аркушы спісанай паперы, некалькі рукапісных вершаў. Усё гэта ён запісаў у пратакол. Колас. // Арыштаваць або прызваць усіх, многіх. [Марылька:] — А пасля [пільня] зусім была стала, як фронт падышоў. Дый людзей, сказаць, не было. У войска рабочых пазабіралі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)