1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.
2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб.спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.
Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 × 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 × 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.
Да арт.Басейн. Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая палітычна-эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920 у Мінску на бел. мове. Пераемніца газеты «Звон» (27 нумароў яе уключаны ў суцэльную нумарацыю «Беларусі»). Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нац.паліт. партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Бел. Рэспублікі ў этнагр. межах бел. народа. Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літ. твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, нар. гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гіст. ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сац.-паліт. тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польск. улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі бел. арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне бел. школ. У артыкулах на эканам. тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прам-сці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыяліст. крыла аўтарскага калектыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакр. сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я.Карскага па гісторыі бел. л-ры і культуры. Значнае месца ў «Беларусі» займаў літ. аддзел. Друкаваліся творы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа, М.Чарота, У.Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатр. жыццё ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧ (Антон Антонавіч) (3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. — 8.12.1937),
збіральнік і папулярызатар бел.муз. фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. З 1896 жыў у Пецярбургу, служыў у дэпартаменце гандлю і промыслу. З 1906 чл.бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1910 заснаваў прыватнае выдавецтва (гл.Грыневіча выдавецтва). У 1919 у Мінску, заг.Бел.нар. дома, выкладчык музыкі ў школе, у бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, у кааператыве друкароў. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік» (абодва 1920). У апошнім акрамя нар. песень змясціў і свае муз. творы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, Г.Леўчыка. У 1921 зняволены ў лукішскую турму. У 1922—23 сакратар Т-вабел. школы, выкладчык музыкі ў Віленскай бел. гімназіі. У 1923 выдаў бел. падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 — «Дзіцячы спеўнік». З 1925 жыў у Мінску, быў сакратаром муз. падсекцыі Інбелкульта, старшынёй песеннай камісіі. Зрабіў каля 300 запісаў нар. меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. У 1928—33 жыў у Гарадку, Віцебску. 6.9.1933 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Частка фалькл. архіва Грыневіча за 1906—24 у Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі.
Літ.:
Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;
Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЯЎРЭ́ЙСКІ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1926—49 у Мінску. Створаны з выпускнікоў Яўр. студыі ў Маскве (1922—26). Узначальвалі т-р М.Рафальскі (1926—37) і В.Галаўчынер (1938—46). Маст. аблічча т-ра вызначалі спектаклі, створаныя паводле твораў яўр. класікі: Шолам-Алейхема («Тэўе-малочнік»), А.Гольдфадэна («Суламіф»), І.Аксенфельда («Рэкрут»), М.Мойхер-Сфорыма («Маленькі чалавечак»). Значнае месца ў рэпертуары займала замежная класічная драматургія — п’есы У.Шэкспіра, Мальера, Лопэ дэ Вэгі, К.Гальдоні, Б.Шоу. Т-р імкнуўся папаўняць рэпертуар тагачаснымі нац. п’есамі: «Гірш Лекерт» А.Кушнірова, «Бойтра» М.Кульбака, «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша і інш. У 1930-я г. пастаўлены п’есы М.Горкага («Фальшывая манета», упершыню на сав. сцэне), А.Карнейчука, А.Арбузава, М.Пагодзіна. Тэатр героіка-рамантычнага кірунку. У яго пастаноўках — тэатральна яркіх, дынамічных, маляўнічых, насычаных музыкай, танцамі. нар. песнямі — яркая відовішчнасць спалучалася з псіхалагізмам. У Айч. вайну т-р працаваў у Новасібірску. З 1946 у Мінску. У рэпертуары п’есы, прысвечаныя вайне: «Паўстанне ў гета» Маркіша, «Помста» І.Левіна, «Так і будзе» К.Сіманава і спектаклі паводле твораў нац. класікі. Сярод акцёраў т-ра: засл. арт.БССР Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У канцы 1940-х г.т-р абвінавацілі ў фармалізме, касмапалітызме, нацыяналізме і ў 1949 расфарміравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел.паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд.Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац.АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЕЦ (Рыгор Якаўлевіч) (24.7.1898, г. Кіраваград, Украіна — 9.9.1990),
бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). З 1921 жыў у Мінску, працаваў у рэдакцыі газ. «Рабочий». З 1925 чл.рус. секцыі «Маладняка» — «Звенья», з 1929 — «Маладняка». У 1931—37 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, пазней на студыі кінахронікі на Д. Усходзе. У 1938 рэпрэсіраваны, у 1939 апраўданы, жыў у Хабараўску. У 1941 зноў рэпрэсіраваны, з 1951 на пажыццёвым пасяленні ў кірг. стэпах. З 1960 у Мінску. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1918. Пісаў вершы, фельетоны, нарысы. Першая і найб. значная ў драматург. спадчыне пісьменніка п’еса «Гута» (1929, паст. 1930 БДТ-1) на рабочую тэму. Сярод інш. п’ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1934), «Мігрэнь» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965) і інш. Зрабіў значны ўклад у станаўленне бел. кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б.Брадзянскім), «Двойчы народжаны» (1933, першы гукавы фільм на бел. мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І.Зэльцарам, апубл. 1988), «Дняпро ў агні» (1937, з І.Барашкам). Аўтар муз. камедыі «Шчаслівы бераг» (паст. 1940), аповесці «Ноеў каўчэг» (нап. 1964, апубл. 1989), успамінаў пра Я.Купалу «Купалава ноч» (нап. 1959, апубл. 1998).
Тв.:
Письма из ссылки (1958—1960 гт.) // Неман. 1998. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АДДЗЕ́Л БЕЛАРУ́СКАГА ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны; адзін з цэнтраў бел.нац. руху. Існаваў у Мінску ў ліп. 1915—17 як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў крас. 1915. Налічваў каля 50 чал. (снеж. 1916). У к-т праўлення аддзела ўваходзілі: В.І.Чавусаў (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш., нам. старшыні), У.І.Голуб (У.Галубок, сакратар), А.С.Астрамовіч (А.Зязюля), В.А.Лявіцкая, Л.А.Сівіцкая (З.Верас), Э.Л.Сівіцкая, У.С.Фальскі. Адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Мінска), 2 бясплатныя сталовыя і 1 платную — «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні — ткацкую і па рамонце ваен. абмундзіравання. У крас.—маі 1916 дзейнічалі курсы па садаводстве, агародніцтве і пчалярстве. Пасля Лют. рэв. 1917 аб’явіў сябе Часовым Бел.нац. к-там і пачаў арганізац. і прапагандысцкую працу ў новых умовах.
Яго прадстаўнік П.А.Аляксюк увайшоў у склад Выканаўчага к-та грамадскай бяспекі г. Мінска, быў выбраны нам. старшыні К-та прапаганды на вёсцы асноў новага грамадскага ладу. У час агульнагар. маніфестацыі 6.3.1917 адбылося першае выступленне членаў Бел.к-та з паліт. лозунгамі. 25—27.3.1917 склікаў у Мінску з’езд бел.нац. арг-цый, які выбраў Беларускі нацыянальны камітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТО́НДА (італьян. rotonda ад лац. rotundns круглы),
круглае ў плане цэнтрычнае збудаванне, звычайна завершанае купалам, з размешчанымі па перыметры калонамі. Вядома з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма ў некат. храмах, маўзалеях, залах, паркавых павільёнах, альтанках і інш. (Рымскі пантэон). Сустракаліся ў культавых збудаваннях сярэдніх вякоў, эпохі Адраджэння, стылю класіцызму. На Беларусі вядома з 16 ст., найб. пашырана ў культавым дойлідстве стылю класіцызму (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, капліца-пахавальня ў в. Пральнікі Валожынскага р-на Мінскай вобл.). Форму Р. мелі ў сваіх завяршэннях некат. манум. збудаванні: Гродзенскі палац Тызенгаўза, ратушы ў Гродне, Мінску, г. Драгічын (Брэсцкая вобл.). У выглядзе Р. вырашаны альтанкі і павільёны ў рэгулярных і пейзажных парках сядзіб вёсак Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., Варняны Астравецкага, Залессе Смаргонскага р-наў Гродзенскай вобл., Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і інш. (18—19 ст.), альтанкі ў архітэктуры 1950-х г. (на набярэжнай р. Свіслач і каля гал. ўвахода ў Цэнтр дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску).
С.А.Сергачоў.
Капліца-пахавальня ў форме ратонды ў в Пральнікі Валожынскага раёна Мінскай вобл. (цяпер Мікалаеўская царква). 2-я пал 19 ст. Фота 2000.Да арт.Ратонда. Царква-ратонда Святой Труны ў г. Кембрыдж (Вялікабрытанія). Каля 1101—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН (Антон Рыгоравіч) (28.11.1829, с. Выхвацінец, Малдова — 20.11.1894),
рускі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог і муз. дзеяч. Брат М.Р.Рубінштэйна. Чл. Ін-та Францыі (1874). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст., які паклаў пачатак сусв. славы рус. піяністычнага мастацтва. З 1839 вёў канцэртную дзейнасць у Маскве і за мяжой. Заснавальнік Рускага музычнага таварыства (1859) і першай рас. кансерваторыі (1862, С.-Пецярбург; адначасова яе дырэктар, у 1862—67 і 1887—91 праф.). Выкананне Р. вылучалася імправіз. свабодай, драм. сілай. Аўтар твораў розных жанраў: 14 опер (у т. л. «Дэман», паст. ў 1875; у Мінску ў 1892, на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі ў 1951; «Макавеі», паст. 1875, ставілася ў Мінску ў 1890—91), 6 сімфоній, 5 фп. канцэртаў (найб. вядомы 4-ы), 10 стр. квартэтаў, фп. мініяцюр, рамансаў і песень, у т. л. цыкла «Персідскія песні» (1854), і інш. Яго музыка адметная лірыка-рамант. накіраванасцю, шырокім меладычным подыхам, тонкім увасабленнем арыентальных матываў. Сярод вучняў І.Гофман, П.Чайкоўскі і інш.
Літ. тв.: Лит. наследие. Т. 1—3. М., 1983—86; Избр. письма. М., 1954.
Літ.:
Баренбойм Л.А. А.Г.Рубинштейн. Т. 1—2. Л., 1957—62;