шча́сце, ‑я, н.

1. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення. Народнае шчасце. Сямейнае шчасце. □ Але толькі вольная праца на вольнай зямлі ёсць шчасце чалавека. Клімковіч. Шчасцю іх [бацькоўскаму] канца не было, як угледзелі яго ў чорных суконных вопратках з бліскучымі гузікамі, — якраз асэсар. Бядуля. Усюды маладую пару ветліва сустракалі, усе былі ім рады, жадалі жыцця і шчасця. Ермаловіч. // Пра знешняе праяўленне такога стану, пачуцця. Упершыню паглядзеў.. [Слава] на бацьку вачыма, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. — Зірні, здорава! — Сцёпка аж свяціўся ад шчасця. Хомчанка.

2. Удача, поспех у чым‑н. Мне выпала шчасце быць запрошаным на ХХ з’езд ЛКСМБ. «Маладосць». // Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей. Але дарэшты спарахнелі снасці, і здрадзіла зусім старому шчасце. А. Вольскі. // у знач. безас. вык. Добра, удала. Якое шчасце, што мы ўжо дома. // у знач. вык. Пашанцавала, пашчаслівіла, пашэнціла каму‑н. Яго шчасце — бабка са мной побач, а то я паказаў бы.. [Пецьку] дарогу. Сяркоў.

3. Лёс, доля. Камбедаўцы на кожным надзеле забівалі калкі і на залысінах ставілі нумары. Пад вечар з вялікай Усавай шапкі кожны цягнуў сваё шчасце. Грахоўскі.

•••

Бог шчасця не даў гл. бог.

На шчасце — а) каб былі поспех, удача ў каго‑н., каб шанцавала каму‑н. (даць, зрабіць, сказаць што‑н.); б) (у знач. пабочн.) выражае задавальненне з выпадку чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элемента́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пачатковы, які датычыцца толькі асноў чаго‑н. Элементарная матэматыка. □ — Каб вы [Андрэй] пазнаёміліся, ну, хоць бы з самымі элементарнымі асновамі палітграматы, вы зусім іначай глядзелі б на папоў і на іх шкодную для працоўных прафесію, — заўважыў Кузьма. Колас. Элементарную тэорыю музыкі ўсе абітурыенты павінны ведаць не ніжэй праграмы дзіцячай музычнай школы. «Маладосць».

2. Нескладаны, прасцейшы. Я не разумеў, ды, мусіць, і рэдактар таксама не разумеў, бо мы перакінуліся позіркамі, навошта гэта сакратар гаркома кінуўся ў такія тэарэтычныя разважанні, быццам перад ім сядзелі якія невукі, якіх ён павінен быў, лічыў сваім абавязкам навучыць, растлумачыць ім самыя элементарныя палітычныя пытанні. Сабаленка. // Павярхоўны, спрошчаны; абмежаваны. Элементарны погляд на рэчы. Элементарная схема. // Зразумелы кожнаму без тлумачэнне. Адна бяда аўтара ў тым, што ягонаму герою часам не стае элементарнай тактоўнасці. Марціновіч. — Толькі за прыгажосць! Бач, які шчасліўчык, — неадабральна смяецца Марынчук. — Ніякай элементарнай логікі... Ракітны. / у знач. наз. элемента́рнае, ‑ага, н. Неабходна пачынаць работу над сабой з элементарнага. Асіпенка.

3. Асноўны, самы неабходны. Паэт [Я. Купала] паказвае жудасную бытавую прыніжанасць сялянства, пазбаўленага элементарных правоў, даведзенага да становішча жывёлы. Івашын.

4. У хіміі — звязаны з вызначэннем саставу элементаў у чым‑н. і іх суадносін паміж сабою. Элементарны аналіз. Элементарны састаў рэчыва.

5. У фізіцы — найменшы з тых, што існуюць, што ёсць. Элементарныя часціцы. Элементарны зарад.

[Ад лац. elementārius.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд. Ю.​Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),

бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел. газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час. «Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел. нар. т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ. «Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.​Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.​Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.​Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.​Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.​Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.

Тв.:

Калісь. Вільня, 1919;

Страхі жыцця. Вільня, 1919;

Цені. Мн., 1920;

Птушка шчасця. Вільня, 1922;

Шчаслівы муж. Вільня, 1922;

У лясным гушчары. Рыга, 1932;

Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;

Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;

У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;

Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;

Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;

Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;

Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;

Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;

Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;

Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.​Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1994. № 4;

Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Г.​В.​Кажамякін.

Ф.К.Аляхновіч.

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.​Жалезняковіч і Р.​Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.​Адамовічам і У.​Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.​Талстога, А.​Чэхава, І.​Крылова, М.​Горкага, П.​Бажова, Г.​Траяпольскага, А.​Вішні, А.​Даўжэнкі, І.​Друцэ, Э.​Ажэшкі, М.​Канапніцкай, Б.​Пруса, Л.​Кручкоўскага, Я.​Івашкевіча, Я.​Бранеўскай і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1979—81;

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1992—93;

Пішу як жыву. Мн., 1994.

Літ.:

Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;

Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;

Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;

Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;

Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч. Мн., 1982. Т. 2;

Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.

Г.​С.​Шупенька.

Я.Брыль.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛЫМЯ»,

літаратурна-мастацкі і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца са снежня 1922 у Мінску на бел. мове штомесячна. У 1922—24 [да № 3(11)] выданне Бел. каап.-выдавецкага т-ва «Савецкая Беларусь», у 1924 [з № 4(12)] — 31 — Дзярж. выд-ва Беларусі; у 1932—34 (да № 5) орган Арг. к-та Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1934 (з № 6—7) — праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1945 — Саюза сав. пісьменнікаў Беларусі (з № 2, 1957 — Саюза пісьменнікаў Беларусі), з 1993 (№ 5) заснавальнікамі з’яўляюцца Саюз бел. пісьменнікаў і калектыў рэдакцыі. У 1932—41 (да № 3) выходзіў пад назваю «Полымя рэвалюцыі». У Вял. Айч. вайну не выдаваўся. У першы склад рэдкалегіі ўваходзілі З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), М.​Кудзелька (М.​Чарот), З.​Бядуля, У.​Ігнатоўскі і В.​Нодэль. У 1920 — пач. 1930-х г. у рэдагаванні час. ўдзельнічалі А.​Сянкевіч, Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, Я.​Купала і інш. Рэдактары П.​Галавач (1932—33), М.​Лынькоў (1933—41), П.​Броўка (1945-48), М.​Танк (1948—67), П.​Кавалёў (1967—72), К.​Кірэенка (1972—86), С.​Законнікаў (з 1986). Друкуе творы бел. пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусв. л-ры і сучасных пісьменнікаў замежных краін, артыкулы па пытаннях бел. л-ры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, эканомікі, культуры, грамадска-паліт. і сац. жыцця Беларусі, рэцэнзіі. Адыгрывае вял. ролю ў развіцці бел. л-ры.

У «П.» ўпершыню апубл. многія творы Я.​Купалы, Я.​Коласа (у т. л. раздзелы паэмы «На шляхах волі», паэма «Рыбакова хата», аповесці «Дрыгва», «На ростанях»), В.​Адамчыка, Л.​Арабей, У.​Арлова, М.​Арочкі, А.​Асіпенкі, З.​Астапенкі, А.​Астрэйкі, М.​Аўрамчыка, Р.​Баравіковай, Р.​Барадуліна, С.​Баранавых, А.​Бачылы, Д.​Бічэль-Загнетавай, Т.​Бондар, П.​Броўкі. Я.​Брыля (у т. л. раман «Птушкі і гнёзды», аповесць «Ніжнія Байдуны»), Г.​Бураўкіна, В.​Быкава (у т. л. аповесці «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Сцюжа», «Ваўчыная яма»), З.​Бядулі, А.​Васілевіч, В.​Віткі, А.​Вялюгіна, А.​Вярцінскага, Галавача, Ц.​Гартнага, М.​Гарэцкага (у т. л. раман-хроніка «Віленскія камунары»), С.​Гаўрусёва, Н.​Гілевіча, М.​Гіля, П.​Глебкі, Ю.​Голуба, С.​Грахоўскага, А.​Грачанікава, К.​Губарэвіча, А.​Гурло, Л.​Дайнекі, Г.​Далідовіча, У.​Дамашэвіча, С.​Дзяргая, У.​Дубоўкі, І.​Дуброўскага, А.​Дудара, А.​Дударава, А.​Жука, Я.​Журбы, Законнікава, М.​Зарэцкага (у т. л. раманы «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо»), А.​Звонака, В.​Зуёнка, В.​Іпатавай, Кавалёва, В.​Каваля, В.​Казько, Л.​Калюгі, В.​Карамазава, У.​Караткевіча, А.​Карпюка, К.​Кірэенкі, В.​Коўтун, К.​Крапівы (у т. л. п’есы «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»), А.​Кудраўца, А.​Кулакоўскага, А.​Куляшова (у т. л. паэмы «У зялёнай дуброве», «Прыгоды цымбал», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Далёка да акіяна». «Хамуціус»), М.​Лобана, А.​Лойкі, Е.​Лось, Лынькова, А.​Макаёнка, П.​Макаля, М.​Матукоўскага, Н.​Мацяш, І.​Мележа (у т. л. раманы «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), Б.​Мікуліча, П.​Місько, А.​Мрыя, Р.​Мурашкі, М Мятліцкага, І.​Навуменкі, Я.​Нёманскага, І.​Новікава, У.​Някляева, В.​Палтаран, А.​Пальчэўскага, С.​Панізніка, П.​Панчанкі. У.​Паўлава, Г.​Пашкова, П.​Пестрака (у т. л. раман «Сустрэнемся на барыкадах»), А.​Петрашкевіча, П.​Пруднікава, І.​Пташнікава, Я.​Пушчы, А.​Пысіна, А.​Русецкага, Р.​Сабаленкі, Э.​Самуйлёнка, Б.​Сачанкі, Ю.​Свіркі, Р.​Семашкевіча. А.​Сербантовіча, Я.​Сіпакова, Я.​Скрыгана, М.​Стральцова, М.​Танка, В.​Таўлая, П.​Труса, Н.​Тулупавай, А.​Федарэнкі, Ў.​Хадыкі, М.​Хведаровіча, В.​Хомчанкі, А.​Чарнышэвіча, М.​Чарота, К.​Чорнага (у т. л. аповесці «Вясна», «Люба Лук’янская», раманы «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях»), І.​Чыгрынава, І.​Шамякіна (у т. л. раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль»), С.​Шушкевіча, А.​Якімовіча, Я.​Янішчыц, Ф.​Янкоўскага і інш ; літ.-крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы А.​Адамовіча, С.​Александровіча, С.​Андраюка, В.​Бечыка, Дз.​Бугаёва, Р.​Бярозкіна, У.​Гніламёдава, І.​Замоціна, В.​Каваленкі, У.​Калесніка, Г.​Кісялёва, А.​Клышкі, Лойкі, А.​Мальдзіса, М.​Мушынскага, Ю.​Пшыркова, В.​Рагойшы, Я.​Саламевіча, А.​Сямёнавай, М.​Тычыны, Р.​Шкрабы, У.​Юрэвіча і інш.

Літ.:

Лынькоў М. Шляхам жыцця // Полымя. 1972. № 11;

Танк М. Летапіс вялікіх здзяйсненняў // Там жа. 1982. № 11;

Саламевіч Я. Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12;

Конон В. На рубежах утверждения // Неман. 1982. № 12;

Федарэнка А «Полымю» — 70 // Роднае слова. 1992. № 12;

Далідовіч Г. Флагман // Маладосць. 1997. № 12.

С.​І.​Законнікаў.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шыро́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікія памеры ў папярочніку; проціл. вузкі. Тратуар шырокі. Па ім ідзе многа людзей. Брыль. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі. Лынькоў. Мужчына прыцмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай. Прайшло шмат часу, а яны [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Буйны, плячысты, каранасты (пра склад цела чалавека). Ліпа Варфаламееўна — шырокая, высокая, дзябёлая і таксама вельмі ветлівая, вельмі гаваркая, вельмі шчырая. Пянкрат. А той [Максім], высокі, шырокі ў плячах, але крыху згорблены, праціснуўся наперад. Капусцін.

2. Свабодны па пакрою, які не прылягае да фігуры. Поп выйшаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан. Колас. Сівы, увесь ружовенькі, як анісавы яблык, з запалым, як у бабулькі, ротам, апрануты.. [сусед] быў у шырокі салдацкі мундзір. Ракітны.

3. Які займае сабой вялікую прастору; вялізны. Налева адкрыўся шырокі плёс. Брыль. Шырокі парк, густы агрэст, Шумяць дубы і клёны. Прыходзька. На луг шырокі Грамада рушыла касцоў. Гурло. Я праходжу, Мая краіна, Твой шырокі, Як свет, Прастор. Глебка.

4. Размашысты, свабодны (пра крокі, рухі і пад.). Ад ложка доктар пайшоў хутка, шырокім крокам, як спяшаўся куды. Пташнікаў. — Прашу! — Гунава, ідучы да стала, зрабіў шырокі, гасцінны жэст. Самуйлёнак.

5. перан. Вялікі па колькасці, ступені ахопу, размаху і пад. Шырокая сетка школ. Шырокія паўнамоцтвы. Шырокія планы. □ Шырокая аўдыторыя таксама прыкмеціла і запомніла інтэлігентнага лектара, які ўмеў вельмі жыва і цікава расказаць пра творчасць Някрасава ці Маякоўскага. Ліс. // Вялікі, значны па багаццю, разнастайны па выбар і пад. Шырокая начытанасць. Спецыяліст шырокага профілю. Шырокая праграма навуковых даследаванняў. □ У чайной заўсёды шырокі асартымент страў. «Беларусь». // Неабмежаваны, агульны. — Мы павінны лячыць фактычна здаровых людзей, разумеючы лячэнне ў шырокім сэнсе гэтага слова. Шахавец. Творчы кругагляд Самуйлёнка вельмі шырокі, цікавіўся ён многім. «Маладосць». Пад восень 1943 года пачалося наша шырокае наступленне. Лужанін. // Які вызначаецца вялікім размахам у дзейнасці, шчодрасцю ў выяўленні сваіх пачуццяў і пад. Гэта быў чалавек з адкрытым, шырокім характарам. «Маладосць». Ты ведай, дзяўчына, павер, дарагая, Даўно ў маім сэрцы шырокім жывеш. Бялевіч. // Свабодны і гучны. Напевамі песні шырокай Гамоняць палі і лугі. Колас. Песня хлынула шырокая, працяжная... Грамовіч.

6. перан. Які ахоплівае ўсё, многае або ўсіх, многіх, распаўсюджваецца на ўсё, многае або ўсіх, многіх; масавы. Шырокае сацыялістычнае спаборніцтва. Шырокія колы чытачоў. □ Бальшавікі разгарнулі сярод салдат шырокую агітацыю, растлумачваючы ім сапраўдныя мэты і прычыны вайны, паказваючы, у чыіх інтарэсах яна вядзецца. Кудраўцаў. Таварыства [аховы помнікаў гісторыі і культуры] праводзіць шырокую прапагандысцкую работу. «Помнікі». // Які з’яўляецца прадстаўніком многіх людзей. Шырокі чытач. // Распаўсюджаны, вядомы многім. Шырокая папулярнасць. □ Шырокі рэзананс кабыла беларуская літаратура на Украіне ў пачатку ХХ стагоддзя. «Полымя». // Прызначаны для многіх людзей, разлічаны на шырокія масы. На прадпрыемствах Ніжняга Тагіла расшыраецца выраб тавараў шырокага ўжытку. «Звязда».

•••

Шырокі экран гл. экран.

На шырокую нагу гл. нага.

Шырокая косць; шырокі ў косці гл. косць.

Шырокая натура гл. натура.

Шырокім фронтам гл. фронт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барацьба́, ‑ы, ж.

1. Адзінаборства дваіх, кожны з якіх імкнецца здужаць праціўніка. Барацьба асілкаў. // Від спорту, сілавое змаганне паводле пэўных правіл, пры якім удзельнікі імкнуцца пакласці адзін другога на лапаткі. Класічная барацьба. // Каманднае або асабістае спартыўнае спаборніцтва. Адразу ж.. у барацьбу ўступаюць веласіпедысткі на гоначных машынах. «Звязда». Шахматная барацьба грунтуецца на суровай, вельмі паслядоўнай логіцы. «Маладосць».

2. Змаганне супрацьлеглых класавых, грамадскіх, ідэйных сіл, у якім кожны з бакоў імкнецца атрымаць перамогу. Класавая барацьба. Нацыянальна-вызваленчая барацьба. □ Праблемы ідэалагічнай барацьбы ўсё больш выходзяць на першы план, а праўда аб сацыялізме — магутная зброя ў гэтай барацьбе. Брэжнеў. Налібоцкая пушча.. ператварылася ў адно з вогнішчаў усенароднай партызанскай барацьбы. Брыль. Не на жыццё, а на смерць вялася ў гэтай вайне барацьба паміж сацыялізмам, які з’яўляецца будучыняй усяго чалавецтва, і фашызмам. «Звязда».

3. за што. Актыўная дзейнасць, накіраваная на дасягненне пэўнай мэты. Барацьба за мір. Барацьба за пабудову камунізма. Барацьба за павышэнне прадукцыйнасці працы. Барацьба за датэрміновае выкананне плана. Барацьба за ўраджай. Барацьба за існаванне. // з чым. Дзейнасць на пераадоленне чаго‑н. Барацьба са стыхіяй. Барацьба з безгаспадарчасцю. Барацьба з пустазеллем. Барацьба з перажыткамі мінулага.

4. перан. Сутычка процілеглых, супярэчлівых пачуццяў, імкненняў і ўнутраныя намаганні аддаць перавагу чаму‑н. аднаму з іх. У мяне, у глыбіні пачуццяў, ішла нейкая добра нявызначаная мною барацьба. Нікановіч.

•••

Вольная барацьба — від спартыўнай барацьбы, якая адрозніваецца сваімі правіламі ад класічнай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́сці, ‑паду́, ‑падзе́ш, ‑падзе́; ‑падзём, ‑падзяце́; пр. прыпа́ў, ‑па́ла; зак.

1. Нізка нахіліцца, апусціцца да чаго‑н. Малое дрэўца к зямлі прыпала, у траву схавала свае лісточкі. А. Вольскі. Глядзяць сіратою лугі, Пажоўклі, аселі стагі, Да долу прыпалі. Колас.

2. Прыціснуцца да каго‑, чаго‑н. Косця прыпаў да зямлі: спераду чуваць быў глухі шум, — відаць, туды пайшоў абоз. Якімовіч. [Гумоўскі] прыпаў да шыбіны, але ў начным мораку і яго востры зрок не ўбачыў нікога. Броўка. [Марыя Сяргееўна] нахілілася — Саша абняла яе, прыпала тварам да яе пляча і ціха заплакала. Шамякін.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Супасці з чым‑н. у часе; прыйсціся. Якраз Вольчыны вакацыі з братнім водпускам разам прыпалі. Калюга. Аляксандрава маладосць прыпала на час першых год рэвалюцыi. Чорны. Маё дзяцінства прыпала якраз на той час, калі па пыльнай вуліцы прагрукатаў першы трактар. Навуменка.

4. што. Дастацца, выпасці каму‑н. На працадзень прыпала па 3 кіло збожжа, 6 кіло бульбы, 6 кіло фуражу і рубель грашамі. Лужанін.

5. безас. Здарыцца, аказацца. А назаўтра так прыпала, што Багдан Пятровіч тэрмінова павінен быў з’ездзіць у Далінічы. Краўчанка.

прыпасці́, ‑пасу́, ‑пасе́ш, ‑пасе́; ‑пасём, ‑пасяце́; пр. прыпа́с, ‑ла́, ‑ло́; зак., што.

Разм. Зрабіць прыпасы чаго‑н.; захаваць, падрыхтаваць на які‑н. выпадак, для якой‑н. мэты; назапасіць, прызапасіць. Падаў я кашміроўку маладзіцы. — Даўно на памяць дзеля вас прыпас. Вітка. — А я не толькі скасіў, — задаволена засмяяўся Анісім, — але і ласунак табе прыпас. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ражо́к 1, ‑жка; мн. рожкі, ‑жак і ражкі, ‑оў; м.

1. мн. рожкі, ‑жак. Памянш. да рог ​1; маленькі рог. Авечыя рожкі.

2. мн. ражкі, ‑оў. Назва рознага роду духавых музычных або сігнальных інструментаў; гук такога інструмента. У .. [кансерваторыі] навучаюцца ігры на скрыпцы, флейце .., англійскім ражку. «Маладосць». Здалёку пачуўся ражок пастуха. Гамолка. Толькі сюд-туд зрэдку чуліся далёкія гудкі маняўровых паравозаў ды даносіліся з захаду прыглушаныя гудкі ражкоў стрэлачнікаў. Васілёнак.

3. мн. ражкі, ‑оў. Прадмет у выглядзе рога ​1. Уласна кажучы, у Курта думак ніякіх не было; ён ляжаў у акопе, як адзервянелы, націскаў пальцам на спускавы кручок аўтамата, спаражняючы ражок за ражком. Сабаленка. І сапраўды, на стале стаяла чорная прамавугольная скрыначка з двума ражкамі, на якіх ляжала тэлефонная трубка. Васілёнак.

4. мн. ражкі, ‑оў. Плод ражковага дрэва ў выглядзе струка.

5. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Спарыння.

6. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Харчовы прадукт у выглядзе коратка нарэзанай макароны.

7. мн. ражкі, ‑оў. Лапатачка для надзявання абутку.

•••

Брацца ў рожкі гл. брацца.

Звесці ў рожкі гл. звесці.

Рожкі ды ножкі — нічога, амаль нічога (не пакінуць, не застацца ад каго‑, чаго‑н.).

ражо́к 2, ‑жка; мн. ражкі, ‑оў; м.

Памянш. да рог ​2 (у 1 знач.). Выціраючы ражком хусткі вочы, хлюпаючы, як дзіця, Арына стала расказваць. Мележ. — «Адмовіць» напісана тут, — прачытаў Петручок сакратарскую рэвалюцыю на ражку дзедавай скаргі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

срэ́бра, ‑а, м.

1. Высакародны метал шаравата-белага колеру з бляскам. З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбра і золата. «Помнікі». Але і гандаль рабамі не задавальняў партугальцаў, якія прагнулі захапіць усю краіну з яе багатымі залежамі срэбра. «Маладосць». // перан. Што‑н. бліскуча-белае, колерам ці бляскам падобнае на гэты метал. Сонца стала ўставаць, Ззяла срэбрам трава. Лойка. Дождж срэбра сваё ледзяное На ядраным лузе рассыпаў. Калачынскі. / Пра сівізну. Не, гэта не срэбра на скронях, не вузлы сініх вен на руках і нават не сетка маршчынак ля вачэй. Данілевіч. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. Сем дываноў, фарфор і срэбра, А што за мэбля ў яго! Панчанка. // перан. Пра багацце, раскошу. І ўжо ніяк нельга падумаць, што жыхары Серабранкі хадзілі тут у срэбры ды золаце... Новікаў. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек, і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пасярэбраныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання.

3. зб. Разменная манета са сплаву, у якім галоўнай састаўной часткай з’яўляецца срэбра або нікель. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны .. лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пацеркі. Колас. Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Крапіва.

4. перан. Меладычнасць, гучнасць, чысціня (пра гук, голас і пад.). Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце. Чорны. А над намі льюцца срэбрам Птушак галасы. Журба.

•••

Жывое срэбра — ртуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)