збо́ку, прысл.

1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры. Збоку ад дарогі. □ Недзе далёка збоку, на левым краі, за ракою засакатаў кулямёт. Краўчанка. У цэнтры сядзіць суддзя — высокі мужчына з дабрадушным тварам. Паабапал яго — два народныя засядацелі. А збоку за сталом — сакратарка. Дадзіёмаў. // Побач, поплеч. Разам з маці, Галейша Ганнай, выйшлі і сталі моўчкі збоку Жэня, Міця і Соня. Пальчэўскі.

2. З месца, аддаленага ад каго‑, чаго‑н. Хлопцы не раз бачылі трактары на полі. Але там яны глядзелі на іх збоку. Якімовіч. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Лынькоў. // перан. З пазіцыі старонняга, незацікаўленага чалавека. Так, збоку, новымі вачамі глядзела [Галя] сёння і на свой цэх, на людзей, з якімі працуе ўжо некалькі год. Арабей. — Канечне, — кажа [Мурашова], — збоку ўсё вельмі лёгка здаецца. Скрыган.

3. у знач прыназ. з Р. Побач з кім‑, чым‑н., паблізу каго‑, чаго‑н. Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч.

•••

Збоку прыпёку — пра каго‑, што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасярэ́дзіне, прысл. і прыназ.

1. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, на аднолькавай адлегласці ад аднаго і другога краю. Школьная святліца здалася Міхасю такою веліччу, такім хараством, што ён стаў пасярэдзіне і не смеў ступіць далей. Колас. Па шырокім асфальце ішла прыгожая, хораша адзетая пара. Упоравень адно з адным, а пасярэдзіне сын. Кулакоўскі. У хаце пуста і няўтульна. Пасярэдзіне чорная печка. Асіпенка. З краёў балота зарасло альшэўнікам і лазой, а пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярэдзіне» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца або прасторы, у сярэдзіне ці ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Пасярэдзіне мястэчка, збоку рыначнай плошчы, узвышаецца белы касцёл. Брыль. Пасярэдзіне школы стаяў стол для настаўніка. Колас. Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым напоеным пяску і цячэ гэтая невялічкая рэчка. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасячы́ і перасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. перасек, ‑ла; заг. перасячы; зак., што.

1. Рассячы папалам, на часткі. Перасячы жэрдку сякерай. □ Бізуном бервяна не перасячэш. Прыказка.

2. Перайсці, пераехаць што‑н. упоперак. Перасячы вуліцу. Перасячы экватар. □ З краю ў край Перасек я краіну. Смагаровіч. Выбраўшыся з лесу, партызаны перасеклі вялікае гарыстае поле і зноў апынуліся ў бары. Сіняўскі.

3. Прайсці, пралегчы па паверхні чаго‑н. Чыгунка перасекла вобласць з усходу на захад. / Пра маршчыны, рубцы і пад. Лоб .. [жанчыны] ўздоўж перасекла глыбокая зморшчына, якая неяк адразу змяніла выраз яе ажыўленага твару. Васілевіч. // Размясціцца, прайсці ў папярочным напрамку. Дарогу, па якой ішлі партызаны, павінна была перасекчы гравійная шаша. Краўчанка. Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.

4. перан. Перарэзаць, перагарадзіць каму‑, чаму‑н. (дарогу, шлях і пад.). Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Пальчэўскі. І вось савецкі мірны чалавек Дарогу сухавеям перасек. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сві́та 1, ‑ы, ДМ свіце, ж.

1. Асобы, якія суправаджаюць важную, высопапастаўленую асобу. Світа караля. □ [Мартын:] — Едзе, бывала, пані, дык хто-небудзь з яе світы крычыць на нас, хлапчукоў: «Здымайце шапкі, галганы, на калені!». «ЛіМ». // Разм. Асобы, якія пастаянна, увесь час ходзяць за кім‑н. Я з усёй вясёлай світы Маладзейшы. Барадулін.

2. Афіцэры, якія складалі ваенна-прыдворны штат цара ў дарэвалюцыйнай Расіі.

[Фр. suite.]

сві́та 2, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Спец. Сукупнасць пластоў горных парод, аб’яднаных узростам, агульнасцю ўмоў утварэння і падобным саставам. Вапнавая світа. Вугляносная світа. Світа пясчанікаў.

сві́та 3, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна. Смалою, сасняком прапахла твая світа, шапка; у крывавых мазалях, нібы тыя таркі, твае далоні, а ты [плытагон] гоніш плыты ў чужыя краіны, гоніш золата роднага краю. Бялевіч. Максім ускочыў з пасцелі, хуценька апрануўся, паснедаў на хуткую руку і, уздзеўшы на свой паўкажушак шырокую світу з башлыком, падперазаўся тоўстым поясам і выйшаў з хаты. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускра́й 1, прыназ. з Р.

З краю чаго‑н. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным ўзгорку ўскрай лесу. Колас. Але кругом ускрай поля была мяккая густая мурава. Крапіва. Сцёпка ехаў ускрай хмызняку, пільна ўглядаючыся наперад. Хомчанка.

ускра́й 2, ‑ю, м.

Разм. Крайняя частка якой‑н. тэрыторыі, прасторы. Ад чырвонага месяца — зарыва, як ад далёкага пажару, але на ўскраі лесу пануе ўжо густая начная цемра. Мурашка. // Аддаленая ад цэнтра частка населенага пункта. Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла. Лынькоў. Да ўскраю горада ехала я трамваем. Кавалёў. // Край якога‑н. прадмета. Я лёг, а бацька прысеў на ўскрай лавы і пачаў расказваць сваю бяду. Сабаленка. То ён заклапочана бегаў між сталом і этажэркай, то садзіўся на ўскрай тэлефоннага століка. Асіпенка. Маці ўхадзілася, палезла на печ, прылегла на ўскраі і спадцішка пазірала за дачкой. Пальчэўскі. На ўскраі сіласнай ямы стаіць Аркадзь Богдан і нешта гаворыць у яму. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́йний

1. (находящийся на краю) кра́йні;

кра́йняя изба́ кра́йняя ха́та;

кра́йняя ле́вая полит. кра́йняя ле́вая;

кра́йние чле́ны пропо́рции мат. кра́йнія чле́ны прапо́рцыі;

2. (чрезвычайный) кра́йні, надзвыча́йны; (последний) апо́шні;

кра́йние ме́ры кра́йнія (надзвыча́йныя, апо́шнія) ме́ры (за́хады);

кра́йний срок апо́шні тэ́рмін;

кра́йняя цена́ апо́шняя цана́;

кра́йняя необходи́мость кра́йняя неабхо́днасць (пі́льная патрэ́ба);

в кра́йнем слу́чае у кра́йнім вы́падку;

к кра́йнему сожале́нию на вялі́кі жаль;

по кра́йней ме́ре прына́мсі, па кра́йняй ме́ры;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

о́бласть ж.

1. (часть страны) край, род. кра́ю м., во́бласць, -ці ж.;

2. (крупная административно-территориальная единица) во́бласць, -ці ж.;

Ми́нская о́бласть Мі́нская во́бласць;

3. зо́на, -ны ж., по́яс, -са м.;

о́бласть ве́чных снего́в зо́на ве́чных сняго́ў;

4. анат., мед. во́бласць, -ці ж.;

в о́бласти се́рдца у во́бласці сэ́рца;

5. перен. (сфера, отрасль) галіна́, -ны́ ж., абся́г, -гу м.;

о́бласть зна́ний галіна́ ве́даў;

разви́тие всех областе́й те́хники развіццё ўсіх галі́н тэ́хнікі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),

бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краюКраю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.​Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.​Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.​Пушкіна, А.​Фета, Ф.​Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.​Шылера, Г.​Гейнэ, А.​Ф.​Арвера, П.​Верлена, Э.​Верхарна, Ю.​Святагора, А.​Пушкіна, А.​Майкава, А.​Крымскага, М.​Розенгейма, А.​Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.​Купалы, Т.​Шаўчэнкі, І.​Франко, В.​Стафаніка, У.​Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел. нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел. нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.​Ламаносава, Пушкіна, М.​Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.​Бачылы кампазітар Ю.​Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1927—28;

Збор тв. Т. 1—2. Мн., 1968;

Поўны зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1991—95.

Літ.:

Замоцін І. М.​А.​Багдановіч: Крытыч.-біягр. нарыс // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;

Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Яго ж. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 189—199, 269—286;

Яго ж. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 240—255;

Богданович А. Материалы к биографии Максима Богдановича // Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966;

Валасовіч-Гразнова Г. Успаміны пра брата // Полымя. 1966. № 10;

Стральцоў М. Загадка Багдановіча. Мн., 1969;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977. С. 69—140;

Кабаковіч А.К. Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага. Мн., 1978;

Бачыла А. Дарогамі Максіма Багдановіча. 2 выд. Мн., 1983;

Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.​Багдановіча. Мн., 1986;

Каханоўскі Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... Мн., 1991;

Конан У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

Шлях паэта: Зб. успамінаў і біягр. матэрыялаў пра М.​Багдановіча. Мн., 1975;

Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч: Паказ. твораў, аўтографаў і крытыч. літ. Мн., 1977.

А.​А.​Лойка.

М.А.Багдановіч.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),

польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.​Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.​Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс. дэмакр. газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел. гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял. нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.​Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Каратынскага, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.​Купалы, Я.​Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.​Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.​Ельскім, А.​Гурыновічам, Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Танкам, А.​Куляшовым, П.​Панчанкам, І.​Багдановіч, У.​Мархелем, К.​Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.​Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.​Купала, В.​Сёмуха, паэму «Гражына» — С.​Дзяргай, П.​Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.​Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.​Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.​Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.​Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.​Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.​Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар. навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.

Тв.:

Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1955;

«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;

У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;

Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;

Да Нёмна. Мн., 1998;

Санеты=Sonety. Мн., 1998;

Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;

Рус. пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.

Літ.:

Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;

Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;

Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;

Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел. літ. Мн., 1998;

Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.

І.​Э.​Багдановіч.

А.Міцкевіч.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вялікі, вялізны, велічэзны, вялізазны, немалы, буйны, агромністы, аграмадны, значны, добры, гіганцкі, грандыёзны / па прасторы: неабсяжны, неабдымны, неабнімны, бязмежны, бясконцы, нямераны, бяскрайні, прасторны, разлеглы / па колькасці: невычарпальны, невычэрпны, неабмежаваны, бязмерны, нязмерны, невымерны, незлічоны, нялічаны; здаровы, здаравенны, ёмкі, ладны, прыстойны, салідны (разм.); волатны, волатаўскі, тытанічны (выс.); шырокі, раскошны, круглы, астранамічны (перан.) □ у квадраце, у кубе, як скінуць вокам, не акінуць вокам, не ахапіць вокам, без канца і краю, без канца-краю

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)