СПЕ́ВЫ, вакальнае мастацтва,
мастацтва перадаваць сродкамі пеўчага голасу і выканальніцкага інтанавання ідэйна-вобразны змест муз. твора; адзін са стараж. відаў выканальніцтва. С. бываюць аднагалосыя (сола), ансамблевыя (дуэт, трыо, квартэт) і харавыя; са словамі і без іх (на галосных гуках — вакалізацыя), з інстр. акампанементам і без яго (а капэла). Асн. жанры С. у класічнай музыцы: С. оперныя, звязаныя з тэатр.-драм. дзеяннем, і камерныя — выкананне рамансаў, песень і інш. Адрозніваюць 4 асн. тыпы вакальных мелодый і, адпаведна, 4 стылі С.: пявучы (кантыленныя плаўныя мелодыі шырокага дыхання),
каларатурны (адметны тэхн. складанасцю. віртуознасцю выканання), дэкламацыйны (разнастайныя інтанацыі мовы, структура слоўнага тэксту), рэчытатыўны (гл. Рэчытатыў). Для прафес. С. неабходны пеўчы голас (выразны, яркага тэмбру, шырокага дыяпазону), валоданне вак. тэхнікай (пастаноўка голасу і дыхання), выразная дыкцыя, агульная муз.-прафес. адукацыя. Розныя нац. школы С. вылучаюцца стылем выканальніцтва, манерай гукавядзення і характарам пеўчага голасу.
Прафес. вак. мастацтва існавала ўжо ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, краінах Усходу, пераважна ў форме нар. і культавых С. З узнікненнем хрысціянства С. ўвайшлі ў царк. богаслужэнні, пры манастырах і цэрквах існавалі школы С. Першая еўрап. школа С. — італьян. (склалася ў пач. 17 ст., вызначалася дасканалай тэхнікай бельканта і выдатнымі галасамі). У Расіі пеўчая культура вядома з 10 ст. Асн. від стараж. царк. С. — знаменны спеў — быў пашыраны ў Расіі, Украіне і Беларусі. У 17 ст. зацвердзіліся партэсныя спевы. У 18 ст. росту прафесіяналізму рус. кампазітараў і спевакоў садзейнічала італьян. опера. Асновы рус. нац. школы С. зацвердзіў М.Глінка, вучнямі якога былі спевакі С.Гулак-Арцямоўскі, В.Пятроў, Г.Вараб’ёва-Пятрова, Д.Лявонава. Далейшае развіццё рус. вак. мастацтва звязана з дзейнасцю спевакоў І.Рупіна, А.Варламава (аўтар «Поўнай школы спеваў», 1840), кампазітараў А.Даргамыжскага, М.Балакірава, М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава і інш. Рус. вак. школе характэрны высокі прафесіяналізм, шчырасць і прастата выканання, уменне арганічна спалучаць вак. майстэрства з тонкай псіхал. ігрой драм. акцёра (Ф.Шаляпін, І.Яршоў, А.Няжданава, Л.Собінаў, Р.Пірагоў і інш.). У сав. час спевакі развівалі лепшыя традыцыі рус. класічнай школы (А.Абразцова, Н.Абухава, І.Архіпава, У.Атлантаў, В.Барсава, М.Біешу, Б.Гмыра, Н.Дарліяк, З.Далуханава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, В.Нарэйка. У.Несцярэнка, Г.Нэлеп, М.Рэйзен, Т.Сіняўская, Б.Штокалаў і інш.).
На Беларусі нац. рысы выканальніцтва замацаваны ва ўсіх відах і жанрах нар.-песеннай культуры. Характар бел. напеваў, што ўвасобілі агульныя традыцыі, абумоўлены асаблівасцямі мовы, тэмпераментам, духоўным складам, характарам народа, што спрыяла развіццю спецыфічных і разнастайных прыёмаў выканання і гукаўтварэння — галасны спеў, С. з падводкай, прыёмы гетэрафоніі і бурданіравання (гл. Бурдон). У 16—18 ст. на Беларусі развівалася свецкая кантавая культура, асн. жанры якой — канты і псальмы. Уклад у станаўленне пеўчага мастацтва зрабілі бел. брацтвы, пры якіх існавалі школы хар. С. Развіццё прафес. С. у 18 ст. звязана з дзейнасцю прыватных т-раў і капэл. У 20 ст. на Беларусі сфарміравалася нац. школа С., якая вылучыла шэраг вядомых майстроў, у іх ліку нар. арт. СССР Л.Александроўская, М.Ворвулеў, С.Данілюк, Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, нар. арт. Беларусі І.Балоцін, З.Бабій, Л.Бражнік, В.Валчанецкая, Н.Гайда, Л.Галушкіна, А.Генералаў, В.Глушакоў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Л.Златава, М.Зюванаў, Р.Млодак, Я.Пятроў, І.Сайкоў, І.Сарокін, М.Сярдобаў, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова, Т.Шымко, засл. арт. Беларусі Т.Глаголева, М.Грыгорчык, В.Кавальчук, А.Мельнікаў, А.Пятроў, В.Скорабагатаў і інш. Вял. роля ў развіцці нац. вак. мастацтва належыць Беларускай акадэміі музыкі, Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру оперы Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнаму акадэмічнаму народнаму хору Рэспублікі Беларусь, Хору акадэмічнаму беларускага тэлебачання і радыё. Дзярж. сістэма муз. адукацыі і выхавання створана ў 1930-х г.: спевакоў рыхтуюць Бел. акадэмія музыкі (кафедра спеваў і оперная студыя), муз. вучылішчы, выкладчыкаў спеваў агульнаадук. школ — Бел. пед. ун-т (муз.-пед. ф-т). Гл. таксама Вакальная музыка.
Літ.:
Иванов А.П. Об искусстве пения. М., 1963;
Морозов В.П. Вокальный слух и голос. М.; Л., 1965;
Яго ж. Тайны вокальной речи. Л., 1967;
Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Пікарда Г. дэ. Царкоўная музыка на Беларусі. 989—1995. Мн., 1995;
Музычны тэатр Беларусі. [Т. 1—4]. Мн., 1990—97;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Э.А.Алейнікава.
т. 15, с. 105