млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд.Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.
Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦІ (Strix),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жывуць у лясах, гарах, парках пераважна ў дуплах, часам у чужых гнёздах, на зямлі, у норах. Аселыя. На Беларусі 3 віды: няясыць барадатая, Н. даўгахвостая, або уральская (S. uralensis), якія занесены ў Чырв. кнігу, і Н. звычайная, або шэрая (S. aluco).
Даўж. да 84 см, маса да 1,2 кг. Апярэнне густое, рыхлае, мяккае, шэрае або рыжаватае са стракацінкамі. Галава вял., круглая, тваравы дыск добра развіты. Вочы з бурай радужынай. Дзюба моцная. Крылы шырокія, закругленыя. Хвост сярэдняй даўжыні. Пальцы звычайна апераныя. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, жабамі, беспазваночнымі. Нясуць 2—6, зрэдку да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’ХІ́ГІНС (O’Higgins) Бернарда (20.8.1778, г. Чыльян, Чылі — 24.10.1842),
адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, дзярж. і ваен. дзеяч Чылі. Атрымаў адукацыю ў Перу, Вялікабрытаніі і Іспаніі. Чл. тайнай масонскай ложы «Лаўтара», якая стаяла за незалежнасць Ісп. Амерыкі. Дэпутат Нац. кангрэса (1811), чл. урадавай хунты (1811—13) Чылі. У 1813—14 галоўнакамандуючы чылійскімі войскамі. У кастр. 1814 далучыўся да аргенцінскіх войск на чале з Х.Сан-Марцінам. Сумесна з ім разбіў іспанцаў пры Чакабука (12.2.1817). Вярх. правіцель Чылі ў 1817—23. Падпісаў 18.2.1818 дэкларацыю пра незалежнасць Чылі. Ажыццявіў шэраг ліберальных рэформ, чым выклікаў незадаволенасць клерыкальных і кансерватыўных колаў краіны. У 1823 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Перу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МПА, пампасы (ісп. pampa, множны лік pampas, з мовы індзейцаў кечуа),
субтрапічная стэпавая расліннасць, якая займае раўніны на ПдПаўд. Амерыкі. Прадстаўлена злакамі і разнатраўем. П. называюць таксама некаторыя раўнінныя тэр. ў Паўд.Амерыцы з пераважаннем аднайм. травяністай расліннасці. Уласна П. — прыродная вобласць у цэнтр. частцы Аргенціны. Акумулятыўная раўніна з лёсавым покрывам, якая паступова ўздымаецца на З, да перадгор’яў Анд. На ПдУ горныя масівы выш. да 1243 м. Клімат субтрапічны. Ападкаў ад 300—500 мм (на З) да 800—950 мм (на У) за год. Характэрны штармавыя вятры пампера. Гал. рака — Парана. Прыродная разнатраўна-злакавая расліннасць захавалася на асобных мясцінах. П. — адзін з асн.эканам. раёнаў краіны. Вял. колькасць гарадоў; пасевы пшаніцы і кукурузы; на З — пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд.Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КАРЫЕВЫЯ (Tayassuidae),
сямейства няжвачных парнакапытных кл. млекакормячых. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 2 роды, 3 віды: пекары ашыйнікавы (Tayassu tajacu), белабароды (T. pecari) і чакскі (Catagonus wagneri), які занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Пашыраны ў Амерыцы. Жывуць у разнастайных ландшафтах, ад засушлівых месцаў да вільготных трапічных лясоў. Трымаюцца групамі да 100 галоў і больш.
Даўж. да 115 см, выш. ў карку да 57 см. маса да 50 кг. Афарбоўка шэра-карычневая і Па знешнім выглядзе падобны да дзікоў, але больш лёгкага целаскладу. Ногі тонкія, ва пярэдніх 4, на задніх 3 пальцы. На крыжы ёсць залоза тыпу мускуснай. Усёедныя. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (зрэдку да 4) дзіцяняці. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ (Pérez Esquivel) Адольфа Марыя (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),
аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац.Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЗЫсапраўдныя
(Coluber),
род неядавітых змей сям. вужовых атр. паўзуноў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмераным і трапічным паясах Азіі, у Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. і Цэнтр.Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах. Вельмі рухавыя, добра лазяць па дрэвах і скалах.
Даўж. да 2,4 м. Цела зверху аднаколернае, часам яркае з цёмнымі палосамі і плямамі, знізу светлае. Кормяцца мышападобнымі грызунамі, яшчаркамі, птушанятамі, насякомымі. Ахвяру душаць: абвіваюць кольцамі цела або прыціскаюць да зямлі. Адкладваюць да 40 яец. Да П. сапраўдных блізкія роды П. лазячых (Elaphe, каля 50 відаў, даўж. да 2 м), велікавокіх (Ptyas, каля 10 відаў, даўж. да 3,5 м) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ЦЯПЛА́,
мясцовасці на зямным шары з найбольш высокімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні, звычайна ў трапічных паясах. У Паўн. паўшар’і: у пустыні Тар у Індыі (да 53 °C), у пустыні Махаве (Даліна Смерці) у ЗША (да 56,7 °C), у Лівійскай пустыні каля Эль-Азізіі (да 57,8 °C). У Афрыцы (у р-не г. Масаўа, у Эфіопіі) самая высокая сярэднегадавая т-ра паветра на Зямлі (30,2 °C). У Паўд. паўшар’і найвыш.т-ра паветра: у даліне р. Фліндэрс у Аўстраліі (53 °C), у даліне р. Парана ў Паўд.Амерыцы (47 °C). У Сусветным ак.найвыш. т-ры паверхневага слоя вады ў Персідскім зал. (35,6 °C), у паўд.ч. Чырвонага м. і ў Мексіканскім зал. (33 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НІЯ (Robinia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр.Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў пач. 17 ст. На Беларусі інтрадукавана 4 віды Р.: псеўдаакацыя, або белая акацыя (R. pseudacacia), клейкая (R. viscosa), новамексіканская (R. neomexicana), пышная (R. luxurians). Культывуюцца ў садах і парках.
Лістападныя, часта калючыя, дрэвы або кусты. Лісце непарнаперыстаскладанае, аснова чаранка ўтварае покрыва, якое ахоўвае пазушныя пупышкі. Кветкі белыя, ружовыя, чырв. ў гронках. Плод — лінейна падоўжаны боб. Драўніна ў Р. псеўдаакацыі шчыльная, трывалая з цёмна-жоўтым ядром і светлай абалонай; ідзе на выраб мэблі, добра паліруецца. Адна з лепшых меданосаў. Выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў, малаплодных і засоленых глеб, схілаў яроў і інш.Дэкар. расліны.