ква́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Даўнейшая мера вадкіх і сыпкіх рэчываў, роўная чацвёртай частцы гарца, або 0,70577 літра. Кварта жыта. □ Амброжык Кубел разгуляўся, Са ўсімі шчыра цалаваўся, І кварту трэцюю ўжо ставіў, І ўсёю выпіўкаю правіў. Колас. // Металічны кубак роўны прыблізна гэтай меры. Антон зачарпнуў у вядры і паднёс да губ знаёмую медную кварту. Ракітны. Тося разлівае па квартах малако. Савіцкі.

2. У музыцы — чацвёртая ступень дыятанічнага гукарада. // Інтэрвал, які ахоплівае 4 ступені.

[Ад лац. quarta — чацвёртая.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэрва́л, ‑у, м.

1. Адлегласць, прамежак, прастора, якая аддзяляе адзін прадмет ад другога. Паходныя інтэрвалы. □ Машыны ішлі то невялічкімі групамі, то па адной, з пэўным інтэрвалам. Дадзіёмаў.

2. Перапынак, прамежак часу. Дзесяцісекундны інтэрвал. □ — Мы ідзём не па раскладу, і прапускаць наш састаў будуць у інтэрвалах між другімі цягнікамі. Пальчэўскі. [Мішка], не спяшаючыся, з пэўнымі інтэрваламі, старанна нацэльваючыся, страляў са сваёй ракетніцы. Лынькоў.

3. Розніца па вышыні паміж двума гукамі, утворанымі паслядоўна або адначасова.

[Лац. intervallum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца за морам. Даўно заморскія краіны Гукнулі ў вырай журавоў. Бялевіч.

2. Прывезены з-за мора, які прыбыў з-за мора. Заморскія госці. Заморскія тавары. □ За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі. Купала. // Замежны, чужаземны, уласцівы чужым краям. Заморская мода.

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі «цуд», «дзіва» і пад.). Уст. Пра што‑н. незвычайнае, нябачанае, дзіўнае. Заморскае дзіва. Заморскіх цуды. Заморскі звер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзічэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца дзікім (у 1 знач.). Кошка здзічэла. □ Наша поле здзічэла зусім — атруцілі слязамі зямлю, ды народ будзе вечна жывым, ён не скорыцца кату, ярму. Машара.

2. перан. Адвыкнуць ад людзей, стаць нелюдзімым. — Трэба ж мне хоць дзень дома пабыць, а то здзічэем там, у лесе, — апраўдвалася Марынка. Сабаленка. // Апусціцца, агрубець. — Калі пратрывае так даўжэй, вернемся да пячорнага жыцця. Здзічэем! — сказаў .. [Ян] са злосцю і накіраваўся да дзвярэй. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зма́хваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да змахнуць.

зма́хваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Нагадваць каго‑н., быць падобным на каго‑н. Генадзь з арліным носам і гордай паставай сапраўды змахваў на каршуна. Няхай. Лабановіч у параўнанні з Грыньком быў горкі пралетар, і ён нават са знявагаю паглядзеў на свой сурдут, які ён купіў у Курульчука за два рублі з палавінаю і ў якім ён, асабліва ззаду, вельмі змахваў на местачковага рабіна. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́вень, ліўня, м.

1. Моцны, праліўны дождж. За якія пяць хвілін рэдкі дождж змяніўся страшэнным ліўнем. Шашкоў. Хлынуў цёплы вясенні лівень. Гурскі.

2. перан. Пра тое, што падае, рухаецца, сыплецца масай, вялікай колькасцю. Нас не было яшчэ зусім на свеце, Калі грымеў Аўроры залп, калі Пад ліўнем куль матросы і гвардзейцы Па штурм Палаца Зімняга ішлі. Гілевіч. Прырэчны арэшнік увесь дыміўся залатым пылам, вераб’і перасыпаліся буйным ліўнем са стрэх на гразкую вуліцу. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. з інф. Займець намер што‑н. зрабіць. Намерыцца паехаць у падарожжа. □ Рыгор Яўхімавіч цвёрда намерыўся заўтра ж пагутарыць з .. Дашчынскай. Асіпенка. Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася. Мележ.

2. Нацэліцца; падняць што‑н. для выстралу, удару і пад. Ён намерыўся і стрэліў. □ [Вайсковец:] — Я падпусціў .. [чалавека] на крокаў дзесяць, намерыўся і шпурнуў у яго сякерай — іншай зброі ў той момант са мной не было. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Прымушаць рабіць што‑н. супраць жадання, волі. — Мамачка, давайце адпачнём трошкі, вельмі ж ногі забалелі. — А хіба ж я цябе прасіла, хіба ж я цябе няволіла ісці са мной? — чуліся прыглушаныя хусткай матчыны словы. Сабаленка. [Сымон] раіць Таццяне выйсці замуж за багацея.., раіць, але не няволіць. У. Калеснік.

2. Уст. Пазбаўляць волі; трымаць у няволі. Прыехалі [паліцыянты], заарыштавалі [настаўніка], няволілі ў астрозе і ў жоўтым доме... Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павярта́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і паварочаць ​1. Павяртаць людзей дамоў.

павярта́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і паварочваць (гл. павярнуць у 3, 4 знач.). Ах, сын мой, сын! Каб ведаў ты, як зашчымела, як сціснулася ў мяне сэрца, калі я зноў ступіў на тую дарогу, што павяртае са шляху ў самую вёску. Сачанка. Абходзячы вабны над хатай дымок, Ранец павяртае ізноў у лясок. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазла́зіць, ‑злазіць; ‑злазім, ‑злазіце, ‑злазяць; зак.

1. Злезці адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Паліцыянты пазлазілі з веласіпедаў і, грозна пакрыкваючы на нас, ішлі абочынамі дарогі. Брыль.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць з паверхні чаго‑н. Хутка рана загаілася зусім, пазлазілі струны і са спіны, кабылка пакруглела, нават павесялела. Дамашэвіч.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Разм. Знацца з чаго‑н. — пра ўсё, многае. Хусткі пазлазілі з галоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)