Конь 1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis — *komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь 2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́пець ’пазногаць, кіпцюр, ногаць’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Некр., ТС, КЭС, лаг., Мал., Сл. паўн.-зах., Грыг., Мат. АС, Касп., Яруш.). Верагоднае запазычанне з балтыйскіх моў. Параўн. літ. kìbčius ’задзіра’, kė́pčiotis ’задзірацца’ (Сл. паўн.-зах., 463). Арашонкава і інш. (Весці АН БССР, 1971, 1, 93) сцвярджалі сувязь з літ. kìbti ’чапляцца’, kìbčius ’той, хто чапляецца’ без кваліфікацыі характару гэтай сувязі. Упершыню беларускія словы разглядаліся як запазычаныя з балтыйскіх моў у Лаўчутэ (Балтизмы, 114).

Кіпе́ць ’бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні вадкасці’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’варыцца’ (Сл. паўн.-зах.), ’гніць, псавацца’ (Янк.), кіпець на сэрцы ’моцна злавацца, крыўдзіцца, знешне не выказваючы пачуццяў’ (Юрч. Фраз. 2), укр. кипіти, рус. кипеть ’тс’, балг. кипя, макед. кипи, серб.-харв. ки́пети, славен. kipéti, польск. kipieć, чэш. kypěti, славац. kypieť, н.-луж. kipieś ’тс’, ст.-слав. кыпѣти і в.-луж. kipić маюць значэнне ’выцякаць’. Яшчэ балта-славянская інавацыя: параўн. літ. kūpė́ti ’кіпець’, ’выцякаць’. Іншыя балтыйскія паралелі маюць больш далёкую семантыку. Параўн. лат. kûpêt ’дыміцца’ і ст.-прус. kupsins ’імгла’ (Тапароў, K–L, 296–300). Астатнія індаеўрапейскія паралелі яшчэ больш далёкія па сваёй семантыцы: ст.-інд. kúpyati ’гневацца’, лац. cupio ’жадаю’ і інш. (Фрэнкель, 325). Як відаць з гэтага, балта-славянскія значэнні больш старажытныя. Далейшы семантычны аналіз вядзе да прасторавых паняццяў «выпукласці» і «ўвагнутасці», якія ляжаць у аснове кіпення. Параўн. ст.-іран. kaufа ’гара’ і ст.-інд. kū́pa ’яма’ (Тапароў, там жа, 298).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́зга 1 ро́ска, ро́зґа, ро́зка, ро́жґа ’тонкая гнуткая галінка, дубчык, дубец’, (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., Нар. Гом., ТС, ПСл; пін., Шатал.; Байк. і Некр., Мат. Гом., Жд. 1, Сл. ПЗБ), ро́ска, ро́скі ’вітка (на калках плота)’ (чэрв., ЛА, 4). Укр. рі́зка ’галінка’, ’дубец для пакарання’, рус. ро́зга ’тс’, ’парастак, атожылак’, стараж.-рус. розга, польск. rózga ’тс’, н.-луж. rozga ’сухая галіна’, палаб. rözgă, rözgo ’галіна’, ’сук’, ’шост, палка’, ’куст’; чэш. růzha, ст.-чэш. rózka ’аднагадовая галінка’, славац. rázga ’дубец’, славен. rọ̑zga ’малады парастак вярбы’, rọ̑zgva, ròzga ’тс’, серб. ро̏зга і харв. rȍzga ’малады парастак вінаграднай лазы’, ’калок, што падтрымлівае вінаградную лазу’, ’палка, дубіна; дубец, розга; вецце, сухое галлё’, балг. розга́ ’кол, палка, жэрдка’, ст.-слав. розга ’маладая галінка, парастак’, рождиѥ ’сухое галлё, фашына’. Этымалагічна няясна. Звычайна параўноўваюць з літ. règzti, rezgù ’плесці, вязаць’, rẽzgis ’кошык, пляцёнка’, ст.-інд. rájju‑ ’вяроўка, ліна’, лац. restis ’тс’ (Мее-Ваян, 131; Мікала, Berühr., 158; Шэфталявіц, IF, 33, 134; Вальдэ-Гофман, 2, 431). Не пераконвае супастаўленне лексемы розга з лат. razga, razda ’дзяркач, старая мятла’, літ. rãžas ’пень’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 492). Гл. таксама ESJSt, 13, 778 з аглядам версій і літ-рай.

Ро́зга 2 ’сумнік звычайны, Solidago virga-aurea L.’ (Кіс.), польск. rózga złota ’тс’, славен. rọ̑zga ’тс’. Да розга 1 (гл.) у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́зкаць ’пырскаць’ (Шат., Гарэц.). Рус. бры́згать, укр. бри́зкати, польск. bryzgać, балг. бръ́згам і г. д. Прасл. *bryzg‑ ’пырскаць’. Параўн. лат. brũzgat, brùzgât ’пырскаць’, brùzgas ’бурбалкі пены’, літ. bruzė́ti ’шумець, клекатаць’ і г. д. Першапачаткова гукапераймальнае. Гл. Бернекер, 93–94; Праабражэнскі, 1, 48; Брукнер, 43; Фасмер, 1, 222; Фрэнкель, 1, 57; Слаўскі, 1, 45. Сюды ж брызкль ’халодны дожджык’ (Янк. II).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вайдава́ць, вайтава́ць ’злаваць, злавацца, знаходзіцца ў роспачы, адчаі’ (КЭС). Укр. войдувати ’буяніць, дэбашырыць’. Балтызм, параўн. літ. vaĩdytis ’сварыцца’. Варыянт з ‑т‑, магчыма, у выніку збліжэння з войт, вайтаваць ’выконваць ролю войтаў злавацца’ (параўн. рус. смал. войтить ’выконваць пасаду войта’) або з вайцяць ’сварыцца’ (ашмян.). Рудніцкі (1, 463) лічыць укр. войдуватися ’вазіцца’ неалагізмам, утвораным на базе кантамінацыі ўкр. возитися і ўкр. воювати.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́кліп (прысл.) ’вярхом, без сядла’ (Нас.). Запазычанне з польск. oklep, na oklep ’тс’, якое ў сваю чаргу да klepać ’удараць, хлопаць’ (Брукнер, 233). У семантычных адносінах параўн. рус. дыял. о́хлябь, о́хлюпя, охлю́пкой, укр. охляп ’вярхом, без сядла’, якія належаць да хлюпать, хлябать ’стукаць, хлопаць’ і сведчаць супраць версіі Карскага (Белорусы, 130) аб сувязі з літ. klypstù, klỹpti ’у час хадзьбы згінаць ногі крыва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́рапень ’гультай, лежабок’ (Бяльк.). Магчыма, з варапай (гл.) з прычыны генералізацыі адмоўнай ацэнкі. Але параўн. рус. дыял. воропи́счина ’дубіна, палка’ і літ. vir̃ptis ’жэрдка, шост’, vir̃pstas ’тс’ (Іванаў, Тапароў, Иссл., 248), якія ставяцца ў сувязь з вороп, варапай. У такім выпадку мы, магчыма, маем справу з пераносным значэннем ворапень *’дубіна, жэрдка’ (перанос ’дубіна’ → ’лежабок, дурань’ звычайны) і з захаваннем архаічнай семантыкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́зкі (БРС, Байк. і Некр., Грыг., Касп., Шат., Бяльк.), укр. вузьки́й, рус. у́зкий, ву́зки (Растаргуеў, Бранск.), польск. wązki, чэш. úzký, славац. úzky, в.-луж. wuski, н.-луж. wuzki. Да ву́зак (гл.), прасл. ǫzъkъ, роднаснае да літ. añkštas ’тс’, лац. augustus ’вузкі, цесны’, ст.-інд. aṁhús ’вузкі’, гоц. aggwus ’тс’ і інш. (гл. Фасмер, 4, 154; Брукнер, 605; Рудніцкі, 1, 496).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́тка ’качка’ (Касп., Шат., Грыг., ДАБМ, карта № 297), рус. у́тка, укр. ву́тка. Прасл. *ǫtъka; параўн. літ. antuka ’кулік’, ãntukas ’Saxicola oenanthes’ (Буга, РФВ, 72, 202; Фасмер, 4, 174). Гл. ву́тва, ву́ціца. У знач. ’выдумка’ і ’медыцынская пасудзіна’ запазычанне ў літар. мову з рус. (Крукоўскі, Уплыў, 29, 99), дзе ў сваю чаргу першае — калька з франц. canarde ’качка’ і ’газетная выдумка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапту́ха ’пухір на целе’ (Касп.), рус. пск., цвяр., наўг., алан. ’высыпка на целе пры воспе, адры, вятранцы; воспа, адзёр’, ’воспіны на твары’. Бел.-рус. ізалекса. Параўн. яшчэ рус. наўг., пск., пенз., ёнаў., прэйл., тарт. латушка, латушка ’адзёр’, лапты ’чырвоныя плямы і пісягі на целе’ (Даль, Б. м.). Генетычна звязана з лапта, лапата < прасл. lapъta < балт. lap- (> літ. lapas, лат. lapa ’ліст’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)