КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),
расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
зброя далёкага бою, прызначаная для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для ўступлення з ім у рукапашны бой. Складаецца са снарада і механізма для кідання або толькі са снарада. У эпоху позняга палеаліту з’явіўся першы ўзор спецыялізаванай К.з. — лук. У антычнасці распаўсюдзілася кідальная артылерыя ў выглядзе машын рознай канструкцыі, якія кідалі снарады значнай вагі (гл.Кідальныя машыны). У той час узнік арбалет — механізаваны лук, прымацаваны да ложа-прыклада. Па-ранейшаму выкарыстоўваліся прашча і лук. На Беларусі выкарыстоўваліся практычна ўсе віды К.з., вядомыя ў старажытнасці. З пашырэннем агнястрэльнай зброі К.з. траціць актуальнасць.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Медведев А.Ф. Ручное метательное оружие (лук и стрелы, самострел) VIII—XIV вв. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́О,
расійскія цыркавыя артысты-ілюзіяністы, бацька і сыны. Нарадзіліся ў Маскве. Эміль Тэадоравіч (сапр.Гіршфельд-Рэнард; 11.4.1894—19.12.1965). Нар.арт. Расіі (1958). Як ілюзіяніст дэбютаваў у 1921 на Маск. эстрадзе. З 1932 адзін з першых пачаў выступаць у цырках з ілюзійнай апаратурай на адкрытай арэне. У праграмах выкарыстоўваў балет, сцэн. ігру, кантакт з залай. Ствараў цэласныя праграмы-рэвю, дзе асобныя нумары мелі вострасатыр., надзённы характар. Канструяваў цыркавую апаратуру. Эміль Эмілевіч (н. 12.7.1938). Сын Эміля Тэадоравіча. Засл. арт.Паўн.-Асецінскай рэспублікі (1969), засл. арт. Расіі (1977). Скончыў Маск. інж.-буд. ін-т. У цырку пачаў працаваць з 1961 у атракцыёне бацькі, з 1966 выступае самастойна. Апіраючыся на рэпертуар бацькі, стварае новыя нумары і трукі. Ігар Эмілевіч (н. 13.3.1944). Сын Эміля Тэадоравіча. З 1959 асістэнт і дублёр бацькі, з 1966 выступае з яго нумарамі самастойна. Стварае арыгінальныя ілюзійныя атракцыёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ ЧАНЧУ́НЬСКАЯ ЧЫГУ́НКА (КЧЧ, з 1953 Харбінская чыгунка),
чыгуначная магістраль у Паўн.-Усх. Кітаі ад станцыі Маньчжурыя праз Харбін да Суйфыньхэ і ад Харбіна да Даляня з шэрагам адгалінаванняў. Пабудавана Расіяй у 1897—1903 пад назвай Кіт.-Усх. чыгунка (КУЧ). Пасля рас.-яп. вайны 1904—05 паўд. напрамак КУЧ адышоў да Японіі і названы Паўд.-Маньчжурскай чыгункай (ПМЧ). З 1924 КУЧ была ў сумесным кіраванні СССР і Кітая. Захоп КУЧ кіт. ўладамі ў ліп. 1929 прывёў да сав.-кіт.ўзбр. канфлікту, пасля завяршэння якога (снеж. 1929) правы СССР на КУЧ адноўлены. У 1935 ва ўмовах акупацыі Паўн.-Усх. Кітая яп. войскамі СССР прадаў КУЧ уладам марыянетачнай дзяржавы Манчжоў-Го. Са жн. 1945 КУЧ і ПМЧ былі ў сумесным кіраванні СССР і Кітая пад агульнай назвай КЧЧ. У 1952 СССР бязвыплатна перадаў свае правы на КЧЧ Кітаю.
Літ.:
Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж. Сил. Хабаровск, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯШТО́РНЫ (Тодар Тодаравіч) (11.3.1903, в. Парэчча Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.10.1937),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Працаваў на Бел. радыё, у рэдакцыях газет і часопісаў. Чл.літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. У 1936 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб-каў вершаў «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм, на штурм» (1934), паэмы «Палі загаманілі» (1930). Паэма «Калі асядае муць» (1927—28) як водгук на грамадскую сітуацыю канца 1920-х г. выклікала вострую палеміку. Уласцівая К. схільнасць да імпрэсіяністычнай вобразнасці захавала яго паэзію ад выраджэння ва «ўдарніцкую», не растварыла ў агульнапрынятай «пралеткультаўскай» паэтыцы непаўторнасць яго творчай індывідуальнасці і светаадчування. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.Асеева, А.Безыменскага, У.Маякоўскага і інш. На вершы К. напісаны песні І.Івановым, М.Равенскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЕРАМЕ́ТРЫЯ (ад колер + ...метрыя),
навука аб метадах колькаснага вызначэння колеру (яго тону, яркасці). У выніку колерных вымярэнняў вызначаюцца 3 лікі — колерныя каардынаты ў выбранай сістэме 3 асн. колераў, якія поўнасцю вызначаюць колер пры пэўных стандартызаваных умовах яго разглядання.
К. заснавана на тым, што пры змешванні трох асн. колераў (кожны з іх не ўзнаўляецца 2 астатнімі) у пэўных колькасцях можна атрымаць усе магчымыя колеры. Ідэя трохкампанентнага колернага зроку прапанавана М.В.Ламаносавым, развівалі яе Дж.Максвел і Г.Грасман. Вымяраюць колер з дапамогай колераметраў, дзе змешваюць асн. колеры ў такіх суадносінах, каб атрымаць колер, эквівалентны даследаванаму. Карыстаюцца таксама колернымі атласамі для параўнання атрыманага колеру з узорамі. Ідэі і метады К. шырока выкарыстоўваюцца ў каляровым кіно і тэлебачанні, тэкст. і лакафарбавай вытв-сці.
Літ.:
Ивенс Р.М. Введение в теорию цвета: Пер. с англ.М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НРАД (Conrad) Джозеф [сапр.Кажанёўскі
(Korzeniowski) Тэадор Юзаф Конрад; 3.12.1857, г. Бярдзічаў, Украіна — 3.8.1924], англійскі пісьменнік. Па паходжанні паляк, сын удзельніка паўстання 1863—64. З 1874 прафесійны мараплавец. У 1894 пакінуў марскую службу, жыў у Англіі. У л-ры дэбютаваў раманам «Капрыз Алмеера» (1895),
рукапіс якога ўхваліў Дж.Голсуарсі. У неарамант. раманах «Негр з «Нарцыса» (1897), «Лорд Джым» (1900), «Сэрца цемры» (1902), звяртаючыся да марской тэматыкі, даследуе сутнасць душы чалавека, які ўступае ў фатальную схватку з лёсам і самім сабой. Найб. вядомы твор — раман «Нострама» (1904) пра разбуральнае ўздзеянне палітыкі і матэрыяльных інтарэсаў на ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Аўтар паліт. рамана «Вачыма Захаду» (1911), артыкулаў пра І.Тургенева, Г. дэ Мапасана.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1959;
Ностромо. М., 1985.
Літ.:
Урнов Д.М. Джозеф Конрад. М., 1977;
Najder Z. Życie Conrada-Korzeniowskiego. T. 1—2. Warszawa, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НТРЫМ (Казімір) (1776, пас. Багданаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1836),
эканаміст, публіцыст. Удзельнік паўстання 1794. Пазбегшы рэпрэсій, працаваў нам. бібліятэкара, ад’юнктам Віленскага ун-та. У 1815—18 рэдактар час. «Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), у 1820—22 гал. рэдактар час. «Dzieje Dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącymi» («Хроніка айчыннай і замежнай філантрапічнай дзейнасці са звесткамі па яе ўдасканаленню»). Адзін з заснавальнікаў літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў (напісаў кодэкс т-ва), у 1817—22 выдаваў яго орган «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). У 1824 пасля суд. працэсу над філаматамі высланы з Вільні. У 1829—30 чыноўнік Польскага банка ў Варшаве, рэдагаваў час. «Biblioteka handlowa» («Гандлёвая бібліятэка») і газ. «Wiadomości handlowe» («Гандлёвыя навіны»). Даследаваў Палессе. Вынікам падарожжа стала апісанне Палесся, выдадзенае ў 1829 (у 1839 перавыдаў Э.Рачынскі), у якім ёсць звесткі пра насельніцтва, флору, фауну, прам-сць, сельскую гаспадарку, суднаходства і інш.