ПРОЦІРАКЕ́ТНАЯ АБАРО́НА (ПРА),

комплекс сіл і сродкаў, а таксама мерапрыемствы і баявыя дзеянні па адбіцці ракетна-ядз. ўдару шляхам паражэння ракет і іх баявых частак на траекторыі палёту. У склад сістэмы ПРА уваходзяць: сродкі далёкага выяўлення балістычных ракет, проціракетныя комплексы рознай далёкасці дзеяння, комплекс вылічальных сродкаў, сродкі перадачы інфармацыі. Асн. этапы выканання баявой задачы: выяўленне ракет у палёце і іх распазнанне, вызначэнне параметраў траекторый руху ракет, іх перахоп і знішчэнне, у т. л. проціракетамі. Адрозніваюць сістэмы ПРА: тэрытарыяльную (абарона краіны), занальную (абарона буйных раёнаў), аб’ектавую (абарона адм., прамысл. і ваен. аб’ектаў), вайсковую (абарона войск). З 1980-х г. у некат. краінах у мэтах ПРА распрацоўваецца касмічная зброя. (Гл. Стратэгічная абаронная ініцыятыва.).

А.​А.​Салаўёў.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДА́КЦЫЯ (франц. rédaction ад лац. redactus прыведзены ў парадак),

1) працэс апрацоўкі рэдактарам (рэдагаванне) аўтарскага твора для публікацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні. Р. твораў маст. ці навук. л-ры ў тых выпадках, калі выдаюцца кананізаваныя тэксты, зводзіцца да складальніцкай працы, удакладнення тэксту і падрыхтоўкі даведачнага апарата (гл. Тэксталогія, Каментарый).

2) Разнавіднасць (варыянт) тэксту літ. або фалькл. твора, этап у яго творчай гісторыі. Новая Р. ўзнікае, як правіла, у выніку свядомай мэтанакіраванай перапрацоўкі твора, выкліканай Пэўнымі ідэйна-маст. задачамі, зменай аўтарскай задумы і яе літ. выражэння, новымі грамадска-паліт. ўмовамі, эстэт. запатрабаваннямі часу, а таксама ў выніку значных пераробак у працэсе доўгага бытавання.

3) Установа сістэмы сродкаў масавай інфармацыі (Р. газеты, часопіса і інш.).

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

С.АЦЫЯ́ЛЬНАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

атрыманне, апрацоўка, аналіз і выкарыстанне сукупных звестак, якія характарызуюць колькасныя і якасныя заканамернасці сац. жыцця, сац. працэсаў і з’яў. Разглядае паліт., ідэалаг. і прававыя бакі жыцця людзей, жыццёвы ўзровень насельніцтва ў сац. разрэзе і па групах. Сістэма паказчыкаў С.с. характарызуе сац. ўпарадкаванне і структуру грамадства, колькасць і склад насельніцтва, спосабы і велічыню размеркавання даходаў паміж рознымі сац. групамі, наяўнасць і склад прац. рэсурсаў, узровень адукацыі, культуры. аховы здароўя, сац. забеспячэння, жыллёва-камунальныя і быт. ўмовы, умовы працы і адпачынку, выкарыстанне вольнага часу, стан і тэндэнцыі развіцця грамадскай думкі (гл. Статыстыка). Для атрымання сац. інфармацыі аб грамадскай свядомасці і праблемах яе развіцця ў С.с. выкарыстоўваюцца звесткі сацыялагічных даследаванняў.

т. 14, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ў тэхніцы,

сукупнасць узаемазвязаных тэхн. аб’ектаў (прылад, машын, механізмаў), а таксама носьбітаў інфармацыі, працэсаў, элементаў і інш., аб’яднаных адзінай мэтай і агульным алгарытмам функцыянавання.

С. ў кібернетыцы і вылічальнай тэхніцы — сукупнасць апаратных і праграмных сродкаў вылічальных сістэм, у т. л. базавых праграмных сродкаў (напр., аперацыйных сістэм, комплексаў праграм для рашэння канкрэтных прыкладных задач). Адрозніваюць С. аўтаматычныя і аўтаматызаваныя (з удзелам чалавека), адаптыўныя, саманавучальныя, самаарганізавальныя і інш. Найб. пашыраны С. інфармацыйныя, пошукавыя, аўтам. кіравання, аўтаматызацыі навук. даследаванняў, навук.-тэхн. эксперыментаў і выпрабаванняў, аўтаматызаванага праектавання, кіравання прадпрыемствамі і тэхнал. працэсамі, апрацоўкі відарысаў, сігналаў, распазнавання вобразаў, тэхн. зроку і інш.

Літ.:

Острейковский В.А. Теория систем. М., 1997.

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУКА́ Алег Георгіевіч (н. 12.7.1941. в. Лабковіца Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

гісторык, дзярж. дзеяч. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1968), дзе і працаваў з 1971 (з 1986 дэкан ф-та журналістыкі). З 1995 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 1997—2001 нам. міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 2002 рэктар Міжнар. гуманітарна-эканам. ін-та. Даследуе пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі сродкаў інфармацыі, тэорыі ідэалогіі бел. дзяржаўнасці. Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларуская журналістыка» (ч. 1, 2000).

Тв.:

Голос революционной молодежи. Мн., 1978;

Слово в комсомольском строю. Мн., 1980: Комсомольская строка. Мн., 1984;

Модель устойчивого развития Республики Беларусь. Мн., 1999 (у сааўт.);

Нацыянальная ідэя: Сістэмны аналіз праблемы. Мн., 2001.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́МЛЕНАСЦЬ у фізіялогіі,

часовае паніжэнне працаздольнасці пад уздзеяннем інтэнсіўнай або працяглай працы. Памяншаецца сіла і трываласць мышцаў, пагаршаюцца каардынацыя рухаў, памяць, павялічваюцца затраты энергіі, запавольваецца хуткасць перапрацоўкі інфармацыі, ускладняецца працэс канцэнтравання і пераключэння ўвагі. Крытэрыі С. — стан фізіял. функцый, колькасныя і якасныя паказчыкі працы. Развіваецца С. напачатку ў розных аддзелах ц. н. с., найперш у клетках кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга, і звязана з парушэннем дынамічнай раўнавагі працэсаў узбуджэння і тармажэння. У мышачнай сістэме ўзнікае ў выніку памяншэння запасаў энергет. рэчываў і назапашвання прадуктаў распаду. Ліквідуецца зменай віду працы, адпачынкам, сном; пры адсутнасці змен пераходзіць у паталаг. стан — ператамленне.

Літ.:

Зинченко В.П., Леонова А.Б., Стрелков Ю.К. Психометрика утомления. М., 1977.

С.​С.​Ермакова.

т. 15, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача на адлегласць моўнай інфармацыі; від электрасувязі. Забяспечвае вядзенне вусных перамоў паміж абанентамі, якія знаходзяцца на любой адлегласці. Ажыццяўляецца шляхам пераўтварэння гукавых ваганняў у эл. сігналы ў мікрафоне тэлефоннага апарата абанента, які гаворыць, перадачы гэтых сігналаў па лініях правадной ці радыёсувязі і іх адваротнага пераўтварэння ў гукавыя ваганні тэлефонам абанента, які слухае. Перадача тэлеф. паведамленняў адбываецца па правадных, кабельных, радыёрэлейных, валаконна-аптычных лініях сувязі; камутацыя каналаў Т.с. (злучэнне і раз’яднанне абанентаў) — аўтам. і ручным спосабамі на тэлефонных станцыях. У Расіі гарадскія тэлеф. станцыі пачалі дзейнічаць з 1882, на Беларусі — з 1896; міжгародняя лінія Т.с. Мінск—Смалявічы—Барысаў пабудавана ў 1908. Гл. таксама Сувязь.

П.​М.​Малочка.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННЫ АПАРА́Т,

прылада для перадачы і прыёму гукавой інфармацыі (маўлення, музыкі і інш.); канцавая абаненцкая прылада тэлефоннай сувязі. Мае моўныя (мікрафон, тэлефон, гучнагаварыцель), выклікальныя (нумаранабіральнік, званок) і камутацыйныя (пераключальнік «выклік — размова») прыстасаванні. Вынайдзены А.​Г.​Белам (1876).

Найб. пашыраны аўтаматычныя Т.а. з дыскавым ці кнопачным нумаранабіральнікам; паводле прызначэння адрозніваюць бытавыя Т.а., таксафоны, шахтавыя (выбуханебяспечныя), дыспетчарскія і інш. Многія Т.а. маюць мікрапрацэсар, з дапамогай якога карыстальнікі атрымліваюць розныя паслугі: электронная памяць (запамінаюцца набраныя тэлеф. нумары) з магчымасцю аўтам. паўторнага выкліку, вызначальнік нумара (вызначае і запамінае нумары Т.а., з якіх быў выкліканы дадзены Т.а.) і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.

Схема тэлефоннага апарата: 1 — рычажны пераключальнік; 2 — кантакт нумаранабіральніка; 3 — трансфарматар; 4 — тэлефон; 5 — мікрафон; 6 — званок.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛІК Вячаслаў Мікалаевіч (н. 23.10.1951, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1994—2001 заг. кафедры). Навук. працы па праектаванні і тэсціраванні лічбавых устройстваў ЭВМ і ахове інфармацыі. Распрацаваў метады праектавання саматэсціравальных выліч. структур і сістэмы аховы даных у сістэмах на крышталі і ў праграмным забеспячэнні.

Тв.:

Контроль и диагностика цифровых узлов ЭВМ. Мн., 1988;

Generation and Application of Pseudorandom Sequences for Random Testing. Chichester, 1988 (разам з С.​М.​Дземідзенкам);

Self-Testing VLSI Design. Amsterdam, 1993 (разам з І.​У.​Качаном).

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВА Алена Уладзіміраўна (н. 20.4.1954, г. Гродна),

бел. палітолаг. Д-р паліт. н. (2001). Скончыла БДУ (1980). З 1977 працавала ў газ. «Знамя юности», «Советская Белоруссия», часопісе «Беларуская думка», з 1998 заг. аддзела СМІ Гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з мая 2000 заг. аддзела Ін-та сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з вер. 2000 праф. Міжнар. ін-та прац. і сац. адносін. Навук. працы па праблемах трансфармацыі, асаблівасцях паліт. камунікацыі ў постсавецкі перыяд.

Тв.:

Политические партии и проблемы модернизации власти в Республике Беларусь. Мн., 1995;

Многопартийность в условиях системной трансформации постсоветского периода. М., 2001;

Политология: Курс лекций. Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)