ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.

Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш. Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш. Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-р да 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш. Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.

Г.​Г.​Паніч.

Канструкцыя з гарачаўстойлівых матэрыялаў (тунэльная печ з гарачаўстойлівага жалезабетону); 1 — панэль скляпення; 2 — сценавая панэль; 3 — цеплаізаляцыя; 4 — фундаментны блок.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯНО́СНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма сасудаў і поласцей у арганізме чалавека і жывёл, па якой цыркулюе кроў. Праз К.с. клеткі і тканкі забяспечваюцца пажыўнымі рэчывамі, кіслародам і вызваляюцца ад прадуктаў абмену рэчываў. Гал. орган К.с. — сэрца. Ад сэрца кроў ва ўсе органы і часткі цела ідзе па артэрыях, да сэрца — па венах. Артэрыі разгаліноўваюцца на больш дробныя сасуды, пераходзяць у артэрыёлы, потым у капіляры, якія ўтвараюць капілярную сетку. З капілярнай сеткі кроў паступае ў венулы, з іх — у вены. У чалавека, наземных пазваночных жывёл і дваякадыхальных рыб 2 кругі кровазвароту: вялікі (артэрыяльная кроў па артэрыях паступае ў органы і тканкі, праходзіць праз капілярную сетку органаў, пераходзіць у вянозную сістэму і па буйных венах вяртаецца ў сэрца) і малы (вянозная кроў з сэрца па лёгачных артэрыях ідзе ў лёгкія, дзе праз іх капілярную сетку абагачаецца кіслародам і па лёгачных венах вяртаецца ў сэрца). У чатырохкамерным сэрцы артэрыяльная кроў поўнасцю аддзелена ад вянознай; тканкі і органы забяспечваюцца толькі артэрыяльнай крывёю.

Літ.:

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965;

Проссер Л., Браун Ф. Сравнительная физиология животных: Пер. с англ. М., 1967.

А.​У.​Чантурыя.

Да арт. Крывяносная сістэма. I. Замкнёная сістэма кровазвароту (у дажджавога чарвяка); 1 — сэрца, сасуды, што пульсуюць і праганяюць кроў па замкнёнай сістэме крывяносных сасудаў; 2 — крывяносныя сасуды. II. Незамкнёная крывяносная сістэма (крывяносная сістэма рака): 1 — сэрца з адтулінамі, у якія ўсмоктваецца кроў з поласцей паміж органамі; 2 — сасуды, па якіх кроў паступае да органаў. III Схема кровазвароту чалавека: 1 — сэрца; 2 — малы (лёгачны) круг кровазвароту; 3 — вялікі круг кровазвароту. Чырвоны колер — артэрыяльная кроў, сіні — вянозная, жоўты — лімфатычныя сасуды.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

транзі́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які звязаны з транзітам, заснаваны на ім. Транзітны гандаль. // Які дазваляе транзіт. Транзітныя краіны. Транзітная віза. // Які ідзе транзітам да месца прызначэння. Транзітны вагон. // Які едзе да месца прызначэння з перасадкай у якім‑н. пункце (пра пасажыраў). Транзітны пасажыр. // Прызначаны для такіх пасажыраў. Транзітная зала. Транзітная каса.

2. Які ідзе да месца прызначэння без перагрузкі (пра грузы). У чыгуначных перавозках пераважнае месца займаюць транзітныя грузы. Лыч.

3. Непасрэдны, прамы, які мінае прамежкавыя інстанцыі. Транзітная дастаўка гародніны ад пастаўшчыкоў у магазіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднапла́навы, ‑ая, ‑ае.

Аднаго плану, аднаго падыходу, адналінейны; адной філасофскай канцэпцыі. Разнапланавасць таго ці іншага акцёра часам ідзе ад тэатра, якому трэба пашыраць рэпертуар, а найчасцей ад рэжысёра, які не хоча затрымліваць артыста на аднапланавых ролях. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпускні́к, ‑а, м.

Той, хто ідзе ў адпачынак, знаходзіцца ў водпуску. — Куды зямляк? — Ды от.. у водпуск, на пабыўку пасля шпіталю .. Адпускнік раптам як успомніў што. Ён вельмі ажывіўся, нецярпліва стаў наглядаць на дарогу, на бярозы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́муштраваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вымуштраваць.

2. у знач. прым. Прывучаны да строгага выканання якіх‑н. правіл, распарадку. Якая ж магутная сіла ідзе з усходу, калі яна змагла зламаць вымуштраваную жалезную армію фюрэра! Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсвядо́мы, ‑ая, ‑ае.

Неўсвядомлены, інстынктыўны, няясны. Усё жыццё сваё.. [Жан] пачынаў рабочы дзень з падсвядомай іскрай надзеі, што новы дзень прынясе яму нейкую.. радасць. Шамякін. [Алаіза] баялася азірнуцца, адчувала нейкім падсвядомым пачуццём, што чалавек ідзе за ёю наўмысля. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакаві́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сакавіка. Раптам дзьмухнуў сакавіцкі вецер, І баец адчуў — ідзе вясна. Панчанка. Бучнеюць верб пупышкі, бо як след Сок сакавіцкі грае пад карою. Калачынскі. // Які адбыўся, праходзіў у сакавіку. Сакавіцкі пленум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́жачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да сцежка. Лабановіч дайшоў да сцежачкі каля ветракоў і накіраваўся ў школу. Колас. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трася́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле. З катуха, у які мы кідалі Падласцы трасянку з саломы і сена, мне ўжо не вельмі цяжка было дабірацца да бэлькі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)