МАСКВІ́Н (Іван Міхайлавіч) (18.6.1874, Масква — 16.2.1946),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1936). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1896). З 1896 у Яраслаўскім т-ры, т-ры Корша ў Маскве. З 1898 у МХТ (з 1943 дырэктар). Творчасць М. вызначалася мастацтвам пераўвасаблення, жыццёвай дакладнасцю вобразаў, імкненнем да раскрыцця іх унутр. сутнасці, ярка выражаным нац. характарам. Сярод роляў: цар Фёдар («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.Дастаеўскага), Наздроў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Епіходаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Лука («На дне» М.Горкага), Пугачоў («Пугачоўшчына» К.Транёва) і інш. Выступаў як рэжысёр: «Сіняя птушка» М.Метэрлінка і «Рэвізор» Гогаля (1908), «Месяц на вёсцы» І.Тургенева (1909) і інш. Здымаўся ў кіно: «Палікушка» (1919, вып. 1922), «Калежскі рэгістратар» (1925) і інш. У 1941 з т-рам гастраліраваў у Мінску. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НСКІ СТЫЛЬ, маўрытанскае мастацтва,
1) умоўная назва сярэдневяковага мастацтва краін Паўн. Афрыкі і Паўд. Іспаніі 11—15 ст. Узнік ад зліцця маст. традыцый Араб. халіфата, бербераў і вестготаў. Дамінаваў у архітэктуры: мячэці з унутр. дваром і адкрытай у яго шматнефавай малітоўнай шматстоўпнай залай, квадратныя ў плане мінарэты-вежы, палацы. У пабудовах выкарыстоўваліся шматлопасцевыя, стральчата-падковападобныя і фестончатыя аркі, сталактытавыя купалы, столі артэсанада, фрызы, карнізы, у аздабленні — насценная разьба па стука і дрэве, абліцоўка калон кафляй, керамічная і шкляная мазаіка, вітражы, каляровы мармур. Стыль развіваўся ад яснай тэктанічнасці форм са стрыманым дэкорам (Вялікая мячэць у Алжыры) да іх зрокавага растварэння ў дэкар. аздабленні (палац-крэпасць Альгамбра ў Гранадзе, сярэдзіна 13 — канец 14 ст.). Дэкор пабудоў і прадметаў прыкладнога мастацтва вызначаўся павышана-дэкар. арнаментам з расл., геам. і эпіграфічнымі матывамі (размаляваная люстрам фаянсавая «Ваза Фартуні» з Альгамбры).
2) Адзін з гіст. стыляў 2-й пал. 19 ст., заснаваны на выкарыстанні матываў дэкору маўрытанскай архітэктуры 11—15 ст. (будынкі сінагог у Берліне, Будапешце, Ужгарадзе, асабняк Марозавых у Маскве, 1894, арх. В.Мазырын, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РТЭНС (Станіслаў Адамавіч) (парт.псеўд. Стэфан Скульскі; 3.5.1892, г. Лодзь, Польшча — жн. 1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі. Чл. СДКПІЛ з 1909, чл. РКП(б) з 1928, чл. КПП з 1921. Вёў рэв. дзейнасць у Варшаве, Лодзі, Калішы. У 1913—14 зняволены ў турму. У 1918 старшыня павятовага к-та РКП(б) і ЧК у Мсціславе. У 1919 у Чырв. Арміі, у 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкома і чл. губкома РКП(б); потым у Часовым польрэўкоме ў Беластоку, старшыня Навагрудскага рэўкома. У 1921 нарком унутр. спраў і чл. калегіі ЧКБССР, чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Адзін з арганізатараў КЛЗБ і Мінскай школы КПЗБ. У 1923—25 упаўнаважаны ЦК КПП пры ЦККПЗБ. У кастр. 1925 зняволены польск. ўладамі. Са студз. 1928 у СССР. Чл.ЦК КПП у 1923—27 і з 1931. Чл. Палітбюро ЦК КПП у 1923—25 і ў 1935. Чл. Бюро ЦККПЗБ і яго прадстаўнік пры ЦККП(б)Б у 1934—35. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),
клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.
Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,
творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл.Авангард, Мадэрнізм у музыцы).
Літ.:
Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;
Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
вызваленчае антыфаш. паўстанне насельніцтва Парыжа ў час 2-й сусв. вайны. Адбылося 19—25 жніўня. Было кульмінацыяй руху Супраціўлення, які асабліва актывізаваўся і пашырыўся ва ўмовах паспяховых дзеянняў англа-амер. саюзнікаў у Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944 і «Оверлорд»), а таксама шэрагу паражэнняў вермахта на ўсх. фронце. Узбр. выступленне патрыётаў рыхтавалася арг-цыяй фронту ўнутр. сіл, якія ў чэрв. 1944 налічвалі 500 тыс.чал., пры актыўнай падтрымцы франц. кампартыі. Непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляў Парыжскі к-т вызвалення на чале з А.Тале; камандаваў унутр. арміяй Парыжскага р-на палк. А.Роль-Тангі. У выніку вулічных баёў патрыёты за 6 дзён вызвалілі б.ч. Парыжа. Вечарам 24 жн. ў горад увайшло падраздзяленне франц. бранятанк. дывізіі ген. Ф.Леклерка і 25 жн. аказала дапамогу парыжанам у ліквідацыі апошніх ваен. апорных пунктаў акупантаў. Гарнізон ням.-фаш. войск капітуляваў. У той жа дзень у Парыж прыбыў кіраўнік Часовага ўрада Франц. рэспублікі Ш. дэ Голь.
Да арт.Парыжскае паўстанне 1944: 1 — заклік Парыжскага камітэта вызвалення да насельніцтва сталіцы; 2 — французскія патрыёты на барыкадах у Парыжы. Жнівень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ ДАКО́ТА (South Dakota),
штат у цэнтр.ч. ЗША. Пл. 199,5 тыс.км². Нас. 738,2 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Пір. Усх.ч. штата ў межах Цэнтральных раўнін (выш. 300—350 м), сярэдняя і зах. — Вялікіх раўнін (выш. да 1000 м). На крайнім 3 — горны масіў Блэк-Хілс (выш. да 2207 м). Паверхня моцна парэзана рачнымі далінамі і ярамі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-раліп. 20—23 °C, студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў 350—500 мм за год; частыя засухі. Рака Місуры з прытокамі; ёсць буйныя вадасховішчы. Расліннасць прэрый. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва мяса-малочная жывёлагадоўля. У 1999 пагалоўе (млн. галоў) буйн. раг. жывёлы — 3,9, свіней — 1,4, авечак — 0,4. Птушкагадоўля (2,6 млн. курэй, 1999). Асн. культуры: кукуруза, соя, пшаніца, авёс, ячмень, сланечнік, сорга, лён-кудраш, кармавыя травы. Здабыча золата (1-е месца ў ЗША), уранавай руды, цэм. сыравіны, буд. матэрыялаў. Прам-сць: мясная, мукамольная, сыраварная, масларобчая, дрэваапрацоўчая, вытв-сцьс.-г. машын, эл. і электроннага абсталявання. Турызм. Транспарт. чыг., аўтамаб., унутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ ДРАЎНІ́НЫ, сухая перагонка драўніны,
тэрмічнае (пры награванні да 450 °C) раскладанне драўніны без доступу паветра. Асн. прадукты П.д. — драўнінная смала, воцатная кіслата, драўняны вугаль. Адзін з першых працэсаў хім. тэхналогіі, вядомы з 12 ст. (смалакурэнне, вуглевыпальванне). У 19 ст. пачалося прамысл. выкарыстанне П.д. пераважна для атрымання воцатнай к-ты.
Пры П.д. адбываецца тэрмадэструкцыя геміцэлюлоз (пры 200—260 °C), цэлюлозы (240—350 °C), лігніну (250—400 °C). Выхад прадуктаў залежыць ад скорасці награвання і канчатковай т-ры працэсу, а таксама пароды і вільготнасці драўніны. З 1 м³ драўніны атрымліваюць (у сярэднім) 140—180 кг драўнянага вугалю, 280—400 кг вадкага дыстыляту, з якога вылучаюць драўнінную смалу і воцатную к-ту, і 80—100 кг газападобных прадуктаў (некандэнсавальных гаручых газаў; цеплата згарання 3—15 МДж/м³). Асн. стадыі тэхнал. схемы П.д.: раздрабненне сыравіны на кавалкі, высушванне драўніны (да вільготнасці не вышэй за 15%), піроліз, ахаладжэнне вугалю і яго стабілізацыя, кандэнсаванне пары лятучых прадуктаў. Звычайна П.д. ажыццяўляюць у верт. апаратах (рэтортах) бесперапыннага дзеяння з унутр. цыркуляцыяй газападобнага цепланосьбіта. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш. Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадаць унутр. свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭТЫЛЕ́Н,
сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі этылену, адзін з найб. пашыраных поліалефінаў, [—CH2—CH2—]n. Займае 1-е месца ў сусв. вытв-сці палімераў, што атрымліваюць метадам полімерызацыі.
Цвёрдае рэчыва белага колеру. Паводле спосабу атрымання адрозніваюць П. высокага ціску, ці нізкай шчыльнасці (913—930 кг/м³), з мал. м. (3—40)∙104, tпл 103—110 °C, і П. нізкага ціску, ці высокай шчыльнасці (910—968 кг/м³), з мал. м. (5—100)∙104, tпл 124—137 °C. Пры пакаёвай т-ры не раствараецца ў арган. растваральніках (абмежавана набракае). Тэрмадэструкцыя ў паветры пачынаецца пры 180 °C. Спалучае высокую трываласць пры расцягванні з эластычнасці, добры дыэлектрык. Устойлівы да ўздзеяння хім. рэагентаў і радыеактыўных выпрамяненняў Выкарыстоўваюць для вытв-сці плёнак тэхн. і быт. прызначэння (гл.Плёнкі палімерныя), вырабу ёмістасцей, канстр. дэталей, арматуры, гальванічных ваннаў, высокатрывалых валокнаў, пратэзаў унутр. органаў, цепла- і электраізаляцыі, прадметаў хатняга ўжытку і інш.
Літ.:
Полиэтилен низкого давления: Науч.-технич. основы пром. синтеза. Л., 1980;
Полиэтилен высокого давления: Науч. технич. основы пром. синтеза. Л., 1988.