вытворчы комплекс, які аб’ядноўвае гібкія аўтаматызаваныя цэхі загатовачнай вытв-сці, апрацоўчыя і зборачныя цэхі, аўтаматызаваныя склады матэрыялаў, загатовак, камплектуючых вырабаў з дапамогай транспартна-накапляльнай сістэмы і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСК) вытв-сцю; вышэйшая форма гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Забяспечвае выпуск шырокай наменклатуры аднародных па канструкцыйных і тэхнал. параметрах вырабаў і безынерцыйны пераход на выпуск новай прадукцыі за кошт комплекснай аўтаматызацыі ўсіх асн. і дапаможных тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкі абсталявання, сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР) і кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі.
Узаемадзеянне структурных элементаў З.-а. ажыццяўляецца сродкамі інтэграванай сістэмы кіравання на базе лакальнай вылічальнай сеткі, якая рэалізуе сумеснае выкананне функцый тэхн. і арганізац.-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці, яе планаванне, аператыўнае кіраванне на базе інтэграцыі САПР, АСК міжцэхавага ўзроўню, АСКгібкімі вытворчымі модулямі, гібкімі аўтам. лініямі, участкамі, цэхамі, заводскімі складамі, робататэхнічнымі комплексамі і асобнымі адзінкамі спец.тэхнал. абсталявання. Інфарм. забеспячэнне структурных элементаў АСК З.-а. ўключае сродкі абмену канструктарска-тэхнал., планавай, справаздачнай і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй, кіравальнымі праграмамі для станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, данымі аб стане вытв-сці і абсталявання, камандамі і запытамі. Інтэграцыя структурных элементаў інтэграванай АСК З.-а. ажыццяўляецца сродкамі сістэмнага інтэрфейса на аснове адзінай інфарм. базы і уніфікаванага комплексу тэхн., праграмных сродкаў і пратаколаў абмену данымі. Шматузроўневы сістэмны інтэрфейс уключае сістэмныя інтэрфейсы заводскага, цэхавага ўзроўню, узроўню аўтаматызаваных участкаў і аўтам. ліній. У знешняе асяроддзе З.-а. ўваходзяць САПР, аўтаматыз. сістэмынавук. даследаванняў, што функцыянуюць у рамках навукова-вытворчых аб’яднанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш.Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,
адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.
Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл.Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ ЦЕ́ЛА,
сіла, з якой цела ў полі сілы цяжару (напр., гравітацыйным полі Зямлі) уздзейнічае на апору (або падвес), што перашкаджае свабоднаму падзенню цела. Калі апора нерухомая або рухаецца раўнамерна і прамалінейна адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, вага цела лікава роўная сіле цяжару. Вызначаецца з дапамогай спружынных (непасрэдна) або рычажных (ускосна) вагаў. Вымяраецца ў ньютанах.
З прычыны сціснутасці Зямлі і яе сутачнага вярчэння вага цела залежыць ад шыраты мясцовасці (на экватары прыблізна на 0,5% меншая, чым на полюсах). Пры паскораным руху цела вага цела залежыць ад паскарэння сістэмы, напр., калі паскарэнне супадае (па модулі і напрамку) з паскарэннем сілы цяжару, назіраецца бязважкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛХАЛІ́Н,
воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіял. функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і інш. растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некат. раслінных ядах.
Фізіял. значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстр. вучоным О.Лёві (1921). Ацэтылхалін — хім. перадатчык нерв. імпульсаў у месцах кантактаў нерв. валокнаў з нерв. клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нерв.сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нерв.сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,
скорасць, якую трэба надаць касмічнаму апарату, каб выканаць палёт па зададзенай траекторыі адносна Зямлі (або інш. нябеснага цела).
Адрозніваюць 1-ю, 2-ю і 3-ю К.с. Першая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа стаць штучным спадарожнікам Зямлі і пачаць рухацца вакол яе па кругавой арбіце. Другая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Зямлі і стаць штучнай планетай Сонечнай сістэмы. Трэцяя К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Сонца і выйсці за межы Сонечнай сістэмы. Каля паверхні Зямлі 1-я, 2-я і 3-я К.с. роўныя адпаведна 7,9 км/с, 11,2 км/с і 16,7 км/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
со́нца, -а, н.
1. (у тэрміналагічным значэнні С вялікае). Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло.
Вярчэнне Зямлі вакол Сонца.
2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам.
Травы нельга сушыць на сонцы.
У пакой не даходзіць с.
3.перан., чаго. Тое, што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго-, чаго-н.
С. свабоды.
С. праўды.
◊
Да сонца — да ўсходу сонца, вельмі рана падняцца.
Месца пад сонцам — права на існаванне.
Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы час па месцазнаходжанні сонца.
|| ласк.со́нейка, -а, н. (да 1 і 2 знач.).
|| прым.со́нечны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
мозг, -а і -у, мн. мазгі́, -о́ў, м.
1. -а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы чалавека і жывёл: нервовая тканка, якая запаўняе чэрап і канал пазваночніка.
Галаўны м.
Спінны м.
Работа мозга.
2. -у. Мяккая тканка, якая запаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл.
Касцявы м.
3. -у. перан. Розум, разумовыя здольнасці.
4. толькі мн. Ежа, прыгатаваная з мазгоў свойскіх жывёл.
Цялячыя мазгі.
◊
Варушыць мазгамі (разм.) — думаць, разважаць.
Круціць мазгі — выклікаць у каго-н. пачуццё кахання, прывабліваць.
Сушыць мазгі (разм.) — заўзята займацца разумовай працай на шкоду здароўю.
Уцечка мазгоў — эміграцыя людзей разумовай працы.
|| прым.мазгавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
АСЬМІ́НА,
даўняя мера сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 асьміна = ⅛ бочкі віленскай = 18 малых гарцаў = 50,84 л. У Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы мераў 1 асьміна = ⅛ кадзі (кадзь — вялікая бочка) = ½ чвэрці = 104,95 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАДРУКАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
тэлеграфны апарат, што друкуе на паперы літарамі і лічбамі тэкст тэлеграмы, якая ім прымаецца. Вядомы Л.а. пульсацыйнай сістэмы Якобі, сінхронныя аднакратныя Юза, шматкратныя Бадо, стартстопныя. З 1960-х г. выкарыстоўваюцца выключна стартстопныя апараты (тэлетайпы).