МАЗГАВЫ́Я АБАЛО́НКІ,

злучальнатканкавыя плевачныя мембраны, якія пакрываюць галаўны мозг і спінны мозг у пазваночных жывёл і чалавека. Аднаслойную першасную М.а. маюць рыбы. У наземных пазваночных М.а. дыферэнцыруецца на цвёрдую (вонкавую) і мяккую (унутр.); мяккая падзяляецца на павуцінную і сасудзістую. Цвёрдая М.а. высцілае ўнутр. паверхню чэрапа і пазваночнага канала, утварае вянозныя сінусы, якія служаць для адцёку вянознай крыві ад галаўнога мозга. Павуцінная М.а. ў поласці чэрапа прылягае да паверхні звілін кары вял. паўшар’яў. Сасудзістая М.а. непасрэдна пакрывае паверхню галаўнога і спіннога мозга, шчыльна злучана з ёю, багатая крывяноснымі сасудамі, якія забяспечваюць мозг і служаць для ўсмоктвання спіннамазгавой вадкасці (ліквара). Разам з павуціннай абалонкай утварае сасудзістыя спляценні жалудачкаў мозга.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯККАЦЕ́ЛЫЯ ЧАРАПА́ХІ, мяккаскурыя чарапахі,

мяккія чарапахі (Trionychoidea),

падатрад прэснаводных чарапах. 2 сям.: двухкіпцюровыя чарапахі (Carettochelyidae) — 1 від, пашыраны ў Паўн. Аўстраліі, на в-ве Н. Гвінея, і трохкіпцюровыя чарапахі, або трыоніксы (Trionychidae) — 6 або 7 родаў, 22 віды; пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы.

Даўж. да 90 см. Цела і сплошчаны касцявы панцыр укрыты мяккай скурай без рагавых шчыткоў (адсюль назва). Галава з мяккім хабатком, на канцы якога знаходзяцца ноздры. Лапы шырокія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Здольныя трымацца пад вадой да 15 гадз. Кормяцца раслінамі і жывёламі (насякомыя, ракападобныя, малюскі, рыбы, земнаводныя і інш.). У Азіі — аб’ект промыслу (мяса, яйцы).

Да арт. Мяккацелыя чарапахі: 1 — трыонікс кітайскі, або далёкаўсходняя чарапаха; 2 — трыонікс калючы.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́СТ,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Пагост-Загародскі. Утворана на месцы большай ч. Пагосцкага возера і прылеглых да яго зямель Пл. 16,2 км², даўж. 6,1 км, найб. шыр. 4,1 км, найб. глыб. 9,9 м, аб’ём вады 54,48 млн. м³. Былое возера абгароджана дамбай-плацінай даўж. 16,2 км, для рэгулявання аб’ёму вады ў плаціне ёсць вадавыпуск. П. напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы па падвадным канале (даўж. 8,5 км) пры дапамозе шлюзаў-рэгулятараў. Берагі спадзістыя, дно вадасховішча пясчанае. Замярзае ў сярэдзіне ліст.—пач. студзеня. Таўшчыня лёду 40—60 см. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 2—3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца для адпачынку, лоўлі рыбы.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.

Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчаны відэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАЛЬНЫ ПУЗЫ́Р (лац. vesica natatoria),

няпарны або парны орган рыб. Развіваецца як выраст пярэдняй ч. кішэчніка. Выконвае гідрастатычную, у некат. рыб — дыхальную (дваякадыхальныя, касцявыя ганоіды, мнагапёры), гукавыдаючую і гукаўспрымальную функцыі, а таксама ролю рэзанатара і пераўтваральніка гукавых хваль. У адных рыб П.п. звязаны з кішэчнікам (т.зв. адкрытапузырныя), у другіх поўнасцю ізаляваны (закрытапузырныя), і рэгуляванне ўтрымлівання газаў у ім ажыццяўляецца пры дапамозе т.зв. чырв. цела, або авала (густое спляценне крывяносных капіляраў на ўнутр. сценцы); рэгуляцыя ажыццяўляецца рэфлекторна. Аб’ём П.п. і суадносіны газаў у ім адрозніваюцца ад саставу атм. паветра і могуць мяняцца. У некат. рыб П.п. адсутнічае (напр., акулы, месяц-рыба і рыбы, якія вядуць прыдонны спосаб жыцця: камбалы і інш.).

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ГАСПАДАРЫ́ паразітаў,

арганізмы, у якіх паразіт жыве ў лічынкавым стане, размнажаецца бясполым шляхам ці партэнагенетычна; абавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У адрозненне ад П.г. дэфінітыўнымі гаспадарамі з’яўляюцца арганізмы, у якіх паразіт дасягае палавой спеласці і размнажаецца палавым шляхам. П.г. насяляюць агульны з дэфінітыўнымі гаспадарамі біятоп ці маюць з імі харч. сувязі. П.г. могуць быць малюскі, чэрві, ракападобныя, кляшчы, насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, млекакормячыя і чалавек.

Кожная група П.г. спецыфічная для пэўных груп паразітаў. Напр., малюскі — для смактуноў; ракападобныя — для стужачных чарвей, скрэбняў; млекакормячыя жывёлы — для стужачных чарвей (мышападобныя грызуны — для альвеакока; авечкі, козы, свінні — для эхінакока, буйн. раг. жывёла — для бычынага цэпеня). Чалавек — П.г. для эхінакока, плазмодыяў.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),

род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.

Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рдзест плывучы.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРГА́САВА МО́РА (Sargasso Sea). У цэнтральнай частцы Атлантычнага акіяна. Абмывае ўсх. берагі Канады, ЗША, Кубы. Пл. 6—7 млн. км² (межы ўмоўныя і зменлівыя ў выніку сезонных перамяшчэнняў цячэнняў). Глыб. да 7110 м. Назва ад скопішчаў плаваючых саргасавых водарасцей, вял. колькасць якіх звязана з наяўнасцю ў С.м. зоны сыходжання паверхневых цячэнняў. У С.м. размешчаны Бермудскія а-вы. Уяўляе сабой застойны цэнтр асім. замкнутай антыцыкланічнай цыркуляцыі, тыповай для субтрапічных мораў, паміж цячэннямі Гальфстрым, Канарскім, Паўн.Атлантычным і Паўн. Пасатным. Т-ра вады на паверхні 18—23 °C зімой, 26—28 °C летам. Салёнасць 36,5—37‰. Багаты жывёльны свет: свабоднаплаваючыя — макрэлевыя, лятучыя рыбы, марскія іголкі, крабы, марскія чарапахі і інш.; прымацаваныя да водарасцей — актыніі, імшанкі і інш.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВО́ЙСКІЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы, якія былі прыручаны чалавекам і гадуюцца ім для задавальнення гасп., эстэт. і інш. патрэб. Да іх адносяць: буйн. і дробную раг. жывёлу, свіней, коней, вярблюдаў, лам, якаў, аслоў, паўн. аленяў, трусоў, сабак, катоў, курэй, гусей, качак, індыкоў, пчол, тутавых шаўкапрадаў і інш. Паходзяць ад дзікіх продкаў (гл. Прыручэнне жывёл), адрозніваюцца ад іх паводзінамі, анатама-фізіял. прыкметамі, прадукцыйнасцю і інш., што з’яўляецца вынікам накіраванага ўздзеяння чалавека. Амаль усе С.ж. маюць шматлікія пароды. Прамежкавай стадыяй паміж дзікімі і С.ж. лічацца маралы, лісы, пясцы, собалі, норкі, нутрыі, страусы, зебры, сланы, лоўчыя птушкі, якіх разводзяць у паўвольных умовах ці ў няволі. Блізкія да С.ж. «дэкаратыўныя» птушкі (канарэйкі, паўліны), акварыумныя і сажалкавыя рыбы, лабараторныя жывёлы (мышы, пацукі).

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пу́кас ’рыба альхоўка, Rhodeus sericeus amarus’ (Жук., Рыбы, 300), укр., рус. паўд. нукае ’тс’, польск. pūkas ’тс’, памянш. укр. нукаеш, рус. пугасіш. Паводле Герда (Лекс. балтызмы, 11), запазычанне з балтыйскіх моў, гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 20; у якасці крыніцы падаецца sm.pūkis, pūkys ’ёрш’. Сюды ж адносяць (відаць, беспадстаўна) і каш. рукой ’вугар’, што магло б сведчыць пра крыніцу ў нейкай заходнебалтыйскай мове (Лаўчутэ, там жа), адкуль слова трапіла і ў прускі дыялект нямецкай мовы — Pūkis ’ёрш’ (Клячкоўскі, RS, 5, 218). Аднак даволі шырокі арэал распаўсюджання назвы і аднясенне яе да розных відаў рыб пры-мушае сумнявацца ў балтыйскім паходжанні усіх пералічаных форм, частку якіх можна звязаць з гукапераймальным покаць ’глытаць паветра з паверхні вады’ або з пукаты ’тоўсты, надуты’, параўн. укр. пуката жаба, да суфіксацыі параўн. польск. grubas ’тоўсты чалавек’. Капаміец (Рыбы, 38; гл. таксама ЕСУМ, 4, 629) тлумачыць паходжанне назвы ад пукаты ’трэскацца’, бо такім шляхам выціскаюцца ўнутранасці ў рыбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)