РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),
асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш. дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн. Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІ Міхаіл Аляксандравіч (6.11.1904, С.-Пецярбург — 12.10.1994),
расійскі геафізік; адзін з заснавальнікаў фізікі выбуху. Акад.Рас.АН (1966; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1928). З 1930 у Сейсмалагічным ін-це АНСССР, з 1941 у Прэзідыуме АНСССР, з 1948 нам. дырэктара Ін-та хім. фізікі АНСССР. З 1960 дырэктар, з 1989 ганаровы дырэктар Ін-та фізікі Зямлі Рас.АН. У 1967—69 акад.-сакратар Аддзялення навук аб Зямлі АНСССР. Навук. працы па гравіметрыі, фізіцы выбуху і ўдарных хваль, мех. і сейсмічным дзеянні выбуху, мадэліраванні геафіз. асяроддзя, геамеханіцы горных парод, сейсмічнай бяспецы і прагназаванні землетрасенняў. Распрацаваў метад вызначэння сейсмічна небяспечных адлегласцей пры ўзрыўных работах. Прапанаваў блочна-іерархічную мадэль структурнай будовы літасферы (1979). Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР (1985). Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949, 1951, 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМНІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Стараж. Рымам і Самніцкай федэрацыяй (саюз самнітаў з сабеламі) за панаванне ў Цэнтр. Італіі ў 4—3 ст. да н.э. Паводле рым. падання, у барацьбе Рыма з самнітамі з-за Кампаніі (343—341 да н.э., т. зв. 1-я С.в.) рымляне атрымалі кантроль над Капуяй і Кумамі, самніты — над Тэанумам. Захоп Рымам Неапаля стаў прычынай 2-й С.в. (327—304 да н.э.), якая вялася з пераменным поспехам. Але рымляне, рэарганізаваўшы армію і памяняўшы тактыку баёў, занялі гарады Самнія. Паводле мірнага дагавора самніты аддалі Рыму Кампанію. Замацаванне самнітаў у Луканіі стала прычынай 3-й С.в. (298—290 да н.э.). Ваен.дзеянні праходзілі ў Самніі і Умбрыі, дзе разам з самнітамі супраць Рыма ваявалі галы і этрускі. Пасля першых няўдач рымляне разбілі самнітаў і галаў пры Сентыне (295 да н.э.). У 290 да н.э. самніты спынілі супраціўленне. Самніцкая федэрацыя была распушчана; самніцкія абшчыны сталі рым. саюзнікамі з абмежаванымі правамі. У выніку С.в. рымляне замацаваліся ў Цэнтр. Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКА-ЧАРНАГО́РСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1876—78,
вызваленчыя войны Сербіі і Чарнагорыі супраць Асманскай імперыі. Праходзілі ва ўмовах нарастання нац.-вызв. руху на Балканах (гл.Красавіцкае паўстанне 1876 у Балгарыі). 18.6.1876 Чарнагорыя і Сербія (патрабавала ад Асманскай імперыі перадачы Босніі і Герцагавіны пад сваё кіраванне) абвясцілі вайну Турцыі. У ходзе ваен. дзеянняў тур. войскі занялі шэраг населеных пунктаў Сербіі. Дзякуючы ультыматуму Расіі (прад’явіла тур. ўраду 31.10.1876) было заключана перамір’е. У лют. 1877 Сербія падпісала мір з Турцыяй на ўмовах даваен. становішча (Чарнагорыя мірны дагавор не падпісала). З пачаткам рус.-тур. вайны 1877—78 Чарнагорыя ў крас. 1877 аднавіла ваен.дзеянні. У снеж. 1877 Сербія зноў уступіла ў вайну, якая была фактычна часткай рус.-тур. вайны 1877—78. Сербскія і чарнагорскія войскі сумесна з рас. атрадам ген. І.У.Гуркі дасягнулі значных поспехаў на паўд. і ўсх. напрамках. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 Сербія і Чарнагорыя атрымалі незалежнасць і значна пашырылі свае тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРШЫ́НАказацкая,
катэгорыя службовых асоб у казацкіх войсках Украіны і Расіі ў 16—18 ст. Ажыццяўляла адм. і ваен. кіраўніцтва. Уключала атаманаў, палкоўнікаў, есаулаў, сотнікаў, суддзяў і інш. Падзялялася на генеральную (вайск.), палкавую і соценную. Выбіралася з асяродка заможных казакоў (у Запарожскай Сечы С. на чале з кашавым атаманам выбіралася вайск. радай). Узначальвала барацьбу супраць крымскіх татараў і туркаў, падтрымлівала дзеянні ўрадаў Рэчы Паспалітай і Расіі, выкарыстоўвалася ў барацьбе паміж рознымі паліт. групоўкамі, у ваен. сутыкненнях паміж суседнімі дзяржавамі і грамадз. вайне ў Расіі ў пач. 17 ст. (гл.Смута). Удзел казацтва ў Булавінскім паўстанні 1707—09, Сялянскай вайне 1773—75, дапамога шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 (гл. ў арт.Мазепа) прывялі да абмежавання яе самастойнасці (С. стала прызначацца ўрадам Расіі). У канцы 18 ст. многія дзеячы С. атрымалі афіцэрскія чыны, правы дваранства і інш. прывілеі. У 19 ст. тэрмін «С.» выйшаў з ужытку. Гл. таксама Казакі, Казацкія летапісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛЬФАКІСЛО́ТЫ, сульфонавыя кіслоты,
арганічныя злучэнні, якія маюць аднавалентную сульфагрупу, ці сульфонавую групу (SO2OH), злучаную з арган. радыкалам. Агульная ф-ла С. — RSO3H, дзе R — алкіл, арыл або гетэрацыклічны радыкал. Класіфікуюць паводле прыроды арган. радыкала, наяўнасці інш. замяшчальнікаў і колькасці сульфонавых груп у малекуле. Найважн. С. — алкан-, аксі- і амінасульфакіслоты, араматычныя С.
Большасць С. — крышт. гіграскапічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе. Моцныя к-ты, утвараюць солі і эфіры (сульфанаты), галагенангідрыды (сульфагалагеніды RSO2Hal), аміды (сульфаміды RSO2NH2). Араматычныя С. пры награванні гідралізуюцца да вуглевадародаў з вылучэннем сернай к-ты. Араматычныя С. атрымліваюць сульфіраваннем, аліфатычныя — сульфакісленнем і сульфхлараваннем (сульфіраванне пры сумесным дзеянні дыаксіду серы SO2 адпаведна з кіслародам ці хлорам у прысутнасці ініцыятараў або пры апрамяненні). Араматычныя С. з’яўляюцца паўпрадуктамі ў вытв-сці фенолаў, нафтолаў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў (гл.Сульфанілавая кіслата), іонаабменных смол і інш.Тэхн. сумесь метан-, этан- і прапансульфонавых кіслот выкарыстоўваюць як каталізатар арган. рэакцый, растваральнік, солі алкансульфонавых кіслот — як мыйныя сродкі, паверхневаактыўныя рэчывы, эмульгатары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ІНСТВЫ,
у хрысціянстве абрадавыя дзеянні, у якіх «пад бачным абразом паведамляецца вернікам нябачная боская ласка». Праваслаўе і каталіцызм прызнаюць Т. хрышчэння, прычасця, свяшчэнства, споведзі, мірапамазання, шлюбу, ялееасвячэння (саборавання). У большасці пратэстанцкіх плыней спраўляюцца толькі хрышчэнне і прычасце, якія разглядаюцца як сімвалічныя абрады, што не адрозніваюцца ад іншых. Паводле вучэння царквы, Т. ўстаноўлены Ісусам Хрыстом. Яны ў хрысціянскі культ уводзіліся на працягу доўгага часу. Спачатку хрышчэнне і прычасце, потым свяшчэнства і толькі ў 4—5 ст. — астатнія Т. Вытокі Т. узыходзяць да вераванняў, магічных дзеянняў стараж. людзей, якія былі ўпэўнены ў магчымасці непасрэдных зносін са звышнатуральнымі сіламі, уздзеяння на іх. Пры ўстанаўленні Т. хрысціянства запазычыла шмат элементаў з усх. рэлігій. Вял. ўвагу царква аддае правільнаму выкананню Т. з абавязковым удзелам у іх духоўных асоб, чым падкрэсліваецца роля царквы як пасрэдніцы паміж Богам і людзьмі. Гэта ўмова не прызнаецца пратэстанцкімі цэрквамі, якія адмаўляюць ідэю пасрэдніцтва царквы ў зносінах чалавека з Богам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, што ўзнікаюць у праводзячых асяроддзях пры адначасовым дзеяннімагн. поля і градыента т-ры. Абумоўлены ўздзеяннем магн. поля на накіраваны рух носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) пад дзеяннем градыента т-ры.
Магн. поле адхіляе звязаныя з. пераносам часціц эл. ток і паток цеплаты ад першапачатковага напрамку (гл.Лорэнца сіла). У выніку паяўляюцца складальныя эл. току і цеплавога патоку ў напрамку, перпендыкулярным магн. полю. Адрозніваюць Т.з. папярочныя і падоўжныя ў залежнасці ад таго, у якім напрамку — перпендыкулярным ці паралельным першапачатковаму градыенту т-ры адпаведна — яны вымяраюцца. Да Т.з. належаць: Нернста—Этынгсгаўзена эфект, Рыгі—Ледзюка эфект (папярочны — узнікненне тэмпературнага градыента, падоўжны — змена цеплаправоднасці з-за ўзнікнення дадатковага цеплавога патоку) і інш. Вывучэнне Т.з. дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю аб носьбітах зараду ў паўправадніках; на ім заснавана дзеянне пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў электрычную.
Літ.:
Аскеров Б.М. Электронные явления переноса в полупроводниках. М., 1985;
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВО́ДУ-ВЫ́ВАДУ ПРЫСТАСАВА́ННЕў ЭВМ,
блок ЭВМ ці выліч. сістэмы для ўзаемаабмену інфармацыяй паміж цэнтр.працэсарам і перыферыйнымі прыладамі (гл.Уводу-вываду прылады). Асн. функцыі — прамы і адваротны перавод сігналаў працэсара ў гукі, сімвалы, дзеянні і інш., што ажыццяўляецца з дапамогай аперацый і праграмна-тэхн. сродкаў счытвання і перадачы даных са знешняга іх носьбіта ў асноўную памяць ЭВМ, а таксама адваротнага пераўтварэння інфармацыі пры вывадзе даных.
Працэс кіравання абменам інфармацыі са знешнімі прыладамі звычайна выконвае спецыялізаваны працэсар (кантролер уводу-вываду, ці перыферыйны кантролер), што вызваляе цэнтр. працэсар ад гэтых функцый. У залежнасці ад характару аб’екта кіравання (ці прызначэння) адрозніваюць інтэлектуальны кантролер (дадатковыя функцыі рэдагавання даных, іх кантроль, апрацоўка складаных каманд і інш.), відэакантролер (вывад відарыса з відэапамяці на экран манітора, фарміраванне сігналаў разгорткі і інш.), групавы кантролер (работа з групай аднатыпных механізмаў ці прылад) і інш. Часта кантролеры ўбудоўваюць у перыферыйныя прылады, напр., у клавіятуру, прынтэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
наступа́ць1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1.Незак.да наступіць 1.
2. Ведучы актыўныя ваенныя дзеянні, рухацца наперад, весці наступленне 1 (у 2 знач.). Чырвоная Армія хутка пачне наступаць.Чорны.Наступаць танкісты маглі толькі па спецыяльных дарогах.Мележ.// Весці актыўныя дзеянні з якой‑н. мэтай. [Андрэй Міхайлавіч] хадзіў па пакоі.., расказваючы Вісарыёну аб тым, як зменяць свой шлях рэкі, як каналы збяруць стаячыя балотным завадзі, як будзе наступаць чалавек, як будзе адыходзіць вялікае балота.Самуйлёнак.
3. Падступаць да каго‑н. з просьбамі, пагрозамі і пад. — Вы мне кажыце праўду, чуеце? Чыстую праўду, — горача наступала панна Людміла.Колас.
4.перан. Набліжацца да чаго‑н., распаўсюджвацца, насоўвацца на што‑н. Лес дажываў апошнія дні. З таго боку, ад шашы, на яго наступаў рабочы пасёлак.Асіпенка.Хвалі з белымі грабянямі з шумам наступаюць на пясчаны бераг.В. Вольскі.
•••
Наступаць на пятыкаму — даганяць каго‑н.
наступа́ць2, ‑ае.
Незак.да наступіць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)