аб’е́кт
(лац. objectus = прадмет)
1) філас. усё тое, што складае частку знешняга, матэрыяльнага свету, існуе незалежна ад нашай свядомасці;
2) з’ява, прадмет, на якія накіравана пэўная дзейнасць (напр. а. назірання);
3) прадпрыемства, будоўля, асобны ўчастак чаго-н. як месца чалавечай дзейнасці (напр. а. будаўніцтва, ваенны а.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПАЎНОЧНААТЛАНТЫ́ЧНАГА ДАГАВО́РУ (North Atlantic Treaty Organization; НАТО),
ваенна-паліт. арганізацыя, створаная на аснове падпісанага 4.4.1949 у Вашынгтоне Паўн.-Атлантычнага дагавору. Першапачатковыя ўдзельнікі: Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, ЗША, Ісландыя, Італія, Канада, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Францыя; пазней далучыліся Грэцыя і Турцыя (1952), ФРГ (1955), Іспанія (1982). Асн. мэты арг-цыі — гарантаванне бяспекі, свабоды і міру краінам-удзельніцам.
На пачатку існавання палітыка НАТО фарміравалася ў атмасферы «халоднай вайны» і гонкі ўзбраенняў, выкліканых узбр. і паліт. процістаяннем ЗША і СССР, НАТО і арг-цыі краін Варшаўскага дагавору 1955. Пасля распаду сацыяліст. сістэмы, СССР і спынення дзейнасці Варшаўскага дагавору (1991) палітыка НАТО істотна змянілася. У 1991 прынята Рымская дэкларацыя аб міры і супрацоўніцтве. Дзеля большай бяспекі ў Еўропе створаны Савет Паўн.-Атлантычнага супрацоўніцтва. У вер. 1994 На сесіі Савета НАТО прынята праграма «Партнёрства дзеля міру», адкрытая для далучэння ўсіх краін Усх. Еўропы (Беларусь далучылася ў 1994).
Вышэйшыя органы НАТО — сесія Савета НАТО і К-т ваеннага планавання, якія збіраюцца 2 разы на год. Паміж сесіямі Савет працуе як Пастаянны Савет НАТО ў складзе пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц. Бягучую работу і падрыхтоўку сесій вядзе Міжнар. сакратарыят на чале з Ген. сакратаром НАТО. У ваен арганізацыі НАТО вышэйшы орган — К-т ваен. планавання, выканаўчы — Ваенны к-т, якому падначалены Вярх. штаб аб’яднаных узбр. сіл НАТО. Штаб-кватэра арг-цыі ў Бруселі (да 1967 была ў Парыжы).
т. 1, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ (Філон Сямёнавіч) (каля 1530 — да 29.11.1587),
ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб. поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж. бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.
Тв.:
Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.
В.А.Чамярыцкі.
т. 8, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕ́ЛІ ((Machiavelli) Нікало ды Бернарда) (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),
італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць ўсё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл. Макіявелізм).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. соч. М., 1982;
История Флоренции. М., 1987;
Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.
Літ.:
Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;
Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.
В.І.Боўш.
т. 9, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРАСЛА́ЎСКІ ((Mieroslawski) Людвік) (17.1.1814, г. Немур, Францыя — 22.11.1878),
польскі паліт. дзеяч, пісьменнік, ваенны гісторык. Генерал. Вучыўся ў кадэцкім корпусе ў г. Каліш. Удзельнік паўстання 1830—31. Потым у эміграцыі ў Францыі, чл. масонскай ложы. У 1834—36 дзеяч «Маладой Польшчы», з 1839 — Аб’яднання польск. эміграцыі. З 1843 чл. Польскага дэмакратычнага таварыства (з 1845 у яго кіраўніцтве); прызначаны кіраўніком запланаванага нац.-вызв. паўстання. У 1845 прыехаў у Велікапольшчу, дзе арыштаваны прускімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання (1847). Вызвалены ў выніку рэвалюцыі 1848 у Германіі, узначаліў паўстанцкія атрады ў Велікапольшчы. У 1849 узначаліў паўстанне на Сіцыліі (атрымаў чын генерала), потым армію бадэнска-пфальцкіх паўстанцаў. У 1861—62 кіраваў польск. вайсковай школай у г. Генуя (Італія). У 2-й пал. 1862 рэзка выступаў супраць крыла «чырвоных» у Цэнтральным нацыянальным камітэце і заснаваў апазіцыйны Нац.-рэв. камітэт; адстойваў канцэпцыю аднаўлення Польшчы ў межах да 3 падзелаў Рэчы Паспалітай, не прызнаваў нац. своеасаблівасці Беларусі, Літвы і Украіны. У пач. паўстання 1863—64 абвешчаны яго дыктатарам, пацярпеў 2 паражэнні і выехаў у Францыю. Аўтар прац «Паўстанне польскага народа ў 1830 і 1831 гг.» (т. 1—8, 1845—87), «Крытычны разбор кампаніі 1831 г...» (1845), «Пазнанскае паўстанне ў 1848 г.» (1852), «Дзённіка (1861—1863)» (выд. 1924).
Літ.:
Chmiel L. General Ludwik Mierostawski, 1814—1878. Warszawa, 1975.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.
Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр. ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.С.Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс. ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.
В.С.Пазднякоў.
т. 11, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯРЧЭ́ЎСКІ ((Świerczewski) Кароль) (псеўд. ген. Вальтэр; 22.2.1897, Варшава — 28.3.1947),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Польшчы, адзін з арганізатараў нар. Войска Польскага. Ген. броні. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну эвакуіраваны ў Маскву. У 1917 добраахвотнік атрада Чырв. гвардыі, удзельнік Кастр. паўстання ў Маскве. У Чырв. Арміі ў 1918—36 і 1938—43. Удзельнік грамадз. вайны ў Расіі. Да 1936 на камандных і штабных пасадах (у 1927—28 у штабе БВА). У 1936—38 пад імем ген. Вальтэра камандаваў інтэрнац. брыгадай, потым дывізіяй у грамадз. вайне ў Іспаніі. У 1939—41 выкладаў у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандзір 248-й стралк. дывізіі на Зах. фронце. У 1943 удзельнічаў-у арг-цыі Польскай арміі на тэр. СССР. Са жн. 1943 нам. камандзіра 1-га польскага корпуса, у сак.—жн. 1944 нам. камандуючага 1-й арміяй Войска Польскага. У вер. 1944 сфарміраваў 2-ю армію Войска Польскага, якая пад яго камандаваннем удзельнічала ў вызваленні зах. польскіх зямель і Чэхаславакіі. З лют. 1946 нам. міністра нац. абароны Польшчы. Забіты тэрарыстамі ў час інспекцыйнай паездкі ў Баліград (Польшча).
Літ.:
Бранеўская Я. Пра чалавека, які не кланяўся кулям: Пер. з пол, Мн., 1968;
Wadecka S.L. Generał Karol Swierczewski «Walter» 1897—1947. Warszawa, 1976;
Сверчевские А. и М. Солдат трех армий.-М., 1993.
т. 14, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц. паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац. тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар. дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
М.С.Даўгяла.
т. 2, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
марш
(фр. marche)
1) пераход войск паходным парадкам з аднаго раёна ў другі, а таксама сам працэс гэтага пераходу;
2) спосаб мернай рытмічнай хадзьбы ў страі (напр. цырыманіяльны м.);
3) музычны твор выразнага рытму, прызначаны для суправаджэння ўрачыстых шэсцяў, паходаў, дэманстрацый (напр. ваенны м.);
4) частка лесвіцы паміж дзвюма пляцоўкамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)