ТУЛО́Н (Toulon),
горад на Пд Францыі. Каля 200 тыс. ж., з прыгарадамі каля 450 тыс. ж. (2001). Порт на Міжземным м., чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., харч., хімічная. Цэнтр рыбалоўства. Марскі арсенал. Гал. ваенны порт краіны. Ун-т, вышэйшая марская школа. Музеі: ваенна-марскі, Тулона (з 1874). Арх. помнікі 13—18 ст.
У старажытнасці грэч., пазней рым. калонія. У 541—1790 рэзідэнцыя біскупа. Шмат разоў горад бралі ў аблогу арабы (889, 1176, 1196, 1211). З 1032 пад уладай графаў Тулонскіх. У 1348 Т. атрымаў права камуны. У 1481 разам з Правансам далучаны да каралеўскага дамена. У 1679—1701 пабудаваны ўмацаванні. якія ў 1707 дазволілі гораду вытрымаць аблогу аўстр. войск пад камандаваннем Яўгенія Савойскага. У ліп. 1793 пры падтрымцы англ. флоту захоплены мяцежнікамі. У снеж. 1793 пад моцным агнём франц. артылерыі (каманд. Напалеон Банапарт) англ. караблі адышлі, горад узяты штурмам рэсп. войскамі. З 1815 Т. — гал. стаянка франц. ваен.-марскога флоту. У 1822 у Т. адбылося паўстанне карбанарыяў. У 2-ю сусв. вайну пасля капітуляцыі Францыі (1940) Т. у зоне рэжыму «Вішы», тут знаходзілася частка франц. флоту. У 1942 напярэдадні захопу горада ням.-фаш. войскамі маракі затапілі караблі і ўзарвалі арсенал. Вызвалены франц. арміяй у жн. 1944.
т. 16, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)