тэрмо́метр, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння тэмпературы ў пэўных адзінках (градусах). [Наталля:] Пакажыце вашу тэмпературу. (Глядзіць на тэрмометр). Усё ў парадку. Я думала, ці можна вас адпраўляць. Крапіва. // перан. Пра тое, што вымярае, паказвае змены ў сферах грамадскага жыцця. [Фрэйда:] — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Чырвона-чорная дошка як бы тэрмометр нашай працы. Бядуля.

•••

Ставіць тэрмометр гл. ставіць.

[Ад грэч. thermē — цяпло, гарачыня і merteō — вымяраю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлёпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Гучна, з пляскам, шумам стукацца, біцца аб што‑н. Вялікі саган з капустай быў абхоплены полымем. Вар у ім.. шлёпаўся. Бядуля.

2. Шумна, з глухім гукам падаць; плюхацца. Адна качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі кры[ла]мі і, апісаўшы дугу, раптам шлёпаецца ў ваду. Колас. Часта і густа шлёпаліся міны і снарады. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматкаляро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Афарбаваны ў розныя колеры; рознакаляровых пярэсты. Высока над лесам красавалася шматкаляровая вясёлка. Бядуля. Па вялізным квадратным стале побач са столікам, на якім была размешчана радыёапаратура, ляжала шматкаляровая карта зоны. Хадкевіч.

2. Спец. Звязаны з атрыманнем адбіткаў тэксту, ілюстрацый, узораў і інш. у фарбах. Шматкаляровы друк. Шматкаляровая машына. // Надрукаваны ў некалькі фарбаў, некалькі колераў. Шматкаляровы малюнак. Шматкаляровая ілюстрацыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.

1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.

2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.

3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.

4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.

5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́лкі, ‑ая, ‑ае.

1. Гучны, далёка чутны. Гулкія грымоты. □ Уласныя крокі палохалі Леаніда — яны здаваліся яму занадта гулкімі. Шахавец. Гулкі фабрычны Гудок пранясецца, Сілай крынічнай Работа пальецца. А. Александровіч.

2. Здольны ўзмацняць гул; з моцным рэзанансам. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддаль, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́весць, ‑і, ж.

1. Мастацкі твор апавядальнага характару, які займае прамежкавае месца паміж раманам і апавяданнем. Аповесць К. Чорнага «Вясна». □ — Хачу напісаць аповесць, як на Палессі жылі дзве прыгожыя краскі-панны і што з гэтага выйшла, — смяялася Габрынька. Колас.

2. Апавяданне пра якую‑н. падзею ў яе паслядоўным развіцці. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка. Стары тым часам цягнуў сваю аповесць. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Адсутнасць выстралу пры спуску курка ў выніку няспраўнасці зброі або патрона. Тадэўчык.. прыцэліўся і націснуў курок. — Асечка! Порах, мабыць, мокры... Бядуля. // перан. Разм. Няўдача, прамашка ў якой‑н. справе. Відаць, Бародка разлічваў на іншы эфект: па-мужчынску пажартуюць — і ўсё.. Але яўна атрымалася асечка, і Арцём Захаравіч ураз забыўся на кулінарыю, павярнуўся да Лемяшэвіча расчырванелы, калючы. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́смы, ‑аў; адз. косма, ‑ы, ж.

Разм. Пасмы валасоў, звычайна пераблытаныя, скудлачаныя. Белая, стройная рука сястры перабірала пальцамі космы [Рыгоравых] ускудлачаных валасоў. Гартны. З-пад чорнай, старой, аблавухай шапкі віселі роўна падстрыжаныя сівыя космы валасоў. Нікановіч. / Пра жмуты сена, моху і пад. Да парваных вопратак прыстала космамі сена. Бядуля. / Пра клубы, шматкі туману, дыму і пад. З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. загас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, пагаснуць. Агонь загас.

2. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, знікнуць (пра падзеі, пачуцці і пад.). Боль сумлення ў ім загас. Бядуля. // Скончыцца. Яшчэ вось дзень, прыгожы і румяны, мінуў — загас. Машара.

3. перан. Зачахнуць, памерці. Дні свае лічыць збалелы бядак, Вось-вось часіна — загасне. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знутры́, прысл.

1. З унутранай часткі, з сярэдзіны чаго‑н. Знутры раздаюцца галасы. // З унутранага боку; унутры чаго‑н. Дзверы лёгка адчыняюцца .. Я зачыняю іх, закладваю знутры на завалу. Асіпенка. [Борух з жонкай] жылі .. у маленькай хатцы, знутры і знадворку аблепленай глінай. Бядуля.

2. у знач. прыназ. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, з унутранага боку якога распаўсюджваецца дзеянне. — Паравоз узарваны знутры топкі, значыць міна была падкінута ў топку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)