САРСУЭ́ЛА (ісп. zarzuela),
іспанскі нац. муз.-драм. жанр, дзе харавыя і сольныя нумары перамяжоўваюцца з размоўнымі дыялогамі і танцамі, блізкі да аперэты. Назва ад каралеўскай вілы каля Мадрыда, дзе ў 17 ст. адбыліся першыя пастаноўкі С. Раннія С. вядомы толькі як літ. творы; першая з захаваных з музыкай — «Адным толькі поглядам рэўнасць забівае» Х.Ідальга (лібрэта П.Кальдэрона, 1660). У 18 ст. С. заняпала, выцеснена італьян. операй. У 19 ст. з адкрыццём у Мадрыдзе некалькіх т-раў для пастановак С. пачалося адраджэнне жанру ў 2 кірунках: вялікая С. (у двух і болей актах) і малая С. (аднаактовая, з рысамі вадэвіля). Сярод аўтараў музыкі С. ў 17—18 ст. С.Дуран, Г.Брунеці, Л.Бакерыні; у 19 ст. Ф.Барб’еры, Ф.Чуэка, Т.Брэтон, Э.Гранадас; у 20 ст. А.Вівес, М.Тароба.
т. 14, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РЫЧАЎ (Гаўрыла Андрэевіч) (1763, С.-Пецярбург — 11.8.1831),
расійскі мараплавец, гідрограф і географ. Адмірал (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1809). У 1785—94 удзельнічаў у экспедыцыі І.І.Білінгса ў паўн.-ўсх. ч. Сібіры і паўн. ч. Ціхага ак. Даследаваў і нанёс на карту ўзбярэжжа Ахоцкага м. ад пас. Ахоцк да вусця р. Алдома, некат. з Алеуцкіх а-воў (Прыбылова, Дыяміда, Св. Лаўрэнція, Св. Мацвея, асабліва Уналашка), усх. бераг Берынгава праліва. У 1802—06 узначальваў Балт. гідраграфічную экспедыцыю, з 1808 кіраваў гідраграфічнымі даследаваннямі ў Расіі. Склаў марскі атлас Балт. м. з Фінскім зал. і пралівам Катэгат (1812). Яго імем названы мыс на Алеуцкіх а-вах, в-аў у Чукоцкім м., праліў у Ціхім ак., вулкан і пасёлак на Курыльскіх а-вах і інш. геагр. аб’екты.
Літ.:
Алексеев А.И. Г.А.Сарычев. М., 1966.
т. 14, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЧЭ́ННЯ СІСТЭ́МА,
сістэма аўтаматычнага кіравання, выхадны сігнал якой з пэўнай дакладнасцю ўзнаўляе ўваходны сігнал, што змяняецца па папярэдне невядомым законе. С.с. бываюць лінейныя і нелінейныя, неперарыўныя і дыскрэтныя.
У адрозненне ад інш. сістэм аўтаматыкі ўваходны пераўтваральнік С.с. вымярае разузгадненне паміж уваходным і выхадным сігналамі сістэмы (гл. Дыскрымінатар). Структурная схема С.с. ўключае прамы ланцуг уздзеянняў і гал. адмоўную адваротную сувязь. Бываюць С.с. адна- (з адным ланцугом адваротнай сувязі) і шматконтурныя (некалькі ланцугоў адваротнай сувязі). Для кампенсацыі асн. узбуральных уздзеянняў можа мець разамкнутыя контуры. Выкарыстоўваецца ў робататэхн. сістэмах, сістэмах вызначэння каардынат розных аб’ектаў, навядзення ракет, у радыёлакацыі для суправаджэння рухомых аб’ектаў і інш. Гл. таксама Кіраванне ў кібернетыцы.
На Беларусі С.с. распрацоўваюцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Літ.:
Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990.
В.А.Ганэ, М.П.Савік.
т. 14, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З НЯМЕ́ЦКІХ АФІЦЭ́РАЎ (Bund Deutscher Offiziere),
антыфашысцкая арг-цыя ням. ваеннапалонных у СССР у 1943—45; адзін з асяродкаў супраціўлення нацысцкаму рэжыму ў 2-ю сусв. вайну. Засн. на ўстаноўчай канферэнцыі 11—12.9.1943 у с. Лунёва пад Масквой (каля 100 дэлегатаў ад 5 афіцэрскіх лагераў ваеннапалонных; прэзідэнт — б. камандзір 51-га армейскага корпуса вермахта, ген. артылерыі В. фон Зайдліц-Курцбах). Узаемадзейнічаў з Нацыянальным камітэтам «Свабодная Германія» (НКСГ), падзяляў яго мэты, праграму і метады дзейнасці, у т. л. заклік «За свабодную, незалежную Германію, супраць Гітлера!». Да вясны 1945 аб’ядноўваў каля 4 тыс. б. генералаў і афіцэраў герм. арміі (сярод іх са Жн. 1944 ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс). Распушчаны разам з НКСГ 2.11.1945.
Літ.:
За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.
У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЫЦХАВЕ́ЛІ,
сабор у г. Мцхета, помнік сярэдневяковай архітэктуры Грузіі. Пабудаваны ў 1010—29 (арх. Арсукісдзе; аднаўляўся ў пач. 15 і 17 ст.) на месцы першай у Грузіі хрысц. царквы 4 ст. Грандыёзны крыжова-купальны, выцягнуты па падоўжанай восі будынак. Зах. частка падзелена на 3 нефы, над ёй — хоры. Купал утрымліваюць 4 свабодна пастаўленыя слупы. Гармоніі арх. аб’ёмаў падначалены ўрачысты рытм аркатур (на фасадзе, барабане купала) з тонкай, па-майстэрску выкананай арнаментальнай разьбой і рэльефамі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты размалёвак 16—17 ст. Пад вял. аркай легендарны 4-гранны слуп «светыцхавелі» (жыватворчы), які даў назву храму. Перад алтаром размешчаны магілы груз. цароў. У ансамблі сабора таксама вароты каталікоса Мелхіседэка 11 ст. і агароджа 18 ст. Сабор С. ўключаны ЮНЕ́СКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. да арт. Грузія.
Літ.:
Памятники архитектуры Грузии. Л., 1973.
т. 14, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯРДЛО́Ў (Якаў Міхайлавіч) (4.6.1885, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 16.3.1919),
савецкі паліт. і дзярж. дзеяч. З сям’і рамесніка-гравёра, ураджэнца г. Полацк. Чл. РСДРП з 1901, бальшавік з 1903. З 1904 прафес. рэвалюцыянер. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 на Урале. За рэв. дзейнасць 14 разоў арыштаваны, 12 гадоў прабыў у турмах і ссылках. Чл. ЦК і Рус. бюро ЦК (з 1912), сакратар ЦК партыі (з 1917). Адзін з кіраўнікоў кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). З 8.11.1917, застаючыся сакратаром ЦК партыі, старшыня ВЦВК Саветаў. Адзін з ініцыятараў «чырвонага тэрору» і «расказачвання». На пасяджэнні ЦК КП(б)Б 1.2.1919 абвясціў пастанову ЦК РКП(б) аб неабходнасці стварэння адзінай Літ.-Бел. Сацыяліст. Рэспублікі, на 1-м Усебел. з’ездзе Саветаў (2—3.2.1919) абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР. Адзін са стваральнікаў Камуністычнага Інтэрнацыянала.
т. 14, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЦІ́ЛІШЧЫ, капішчы, кумірніцы, трэбішчы, храмы ідальскія,
дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў усх. славян і суседніх народаў. Былі С. родавыя, племянныя і для некалькіх суседніх плямён. Найчасцей прысвячаліся Перуну, на іх устанаўлівалі ідалаў. Размяшчаліся на ўзвышшах, астравах і мысах сярод балот, на берагах азёр і рэк, зрэдку насыпаліся штучна. Месцам С. былі таксама камяні-следавікі, культавыя ўзгоркі і крыніцы; ушаноўваліся свяшчэнныя дрэвы (асабліва дуб як дрэва Перуна) і гаі. На Беларусі найб. канцэнтрацыя С. нагадваецца ў паласе гал. Еўрап. водападзелу. Пасля прыняцця хрысціянства многія С. былі прыстасаваны для патрэб царквы і набылі функцыі прошчаў, у сувязі з чым частка іх у рэліктавай форме захавалася да 20 ст.
Літ.:
Рыбаков Б.А. Язычество Древней Руси. М., 1987;
Яго ж. Язычество древних славян. М., 1981;
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
т. 14, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА ЛАГІ́ЧНАЯ,
раздзел металогікі, які вывучае сэнс і значэнне выразаў мовы, а таксама інтэрпрэтацыю розных фармалізаваных моў. У апошнія гады больш даследуе натуральную мову. Як навука пачала афармляцца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Ч.Пірса, Г.Фрэге, Б.Расела, А.Тарскага і інш. У Сл. вылучаюць тэорыі рэферэнцыі і сэнсу. Тэорыя рэферэнцыі — аснова тэорыі доказу ў логіцы, якая вывучае дачыненне выразаў мовы да абазначаных аб’ектаў. Асн. катэгорыі: «імя», «абазначэнне», «ісціннасць», «мадэль», «выканальнасць», «інтэрпрэтацыя» і г.д. Тэорыя сэнсу даследуе дачыненне знака да зместу. Асн. катэгорыі: «сэнс», «сінанімія», «праўдзівасць аналітычная», «праўдзівасць лагічная» і інш. Сл. аналізуе прычыны парадоксаў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры семантычным аналізе. Яе метадалогія ўжываецца ў лінгвістыцы, семіётыцы, тэорыі і практыцы машыннага перакладу. Гл. таксама Семантыка ў мовазнаўстве.
Літ.:
Фреге Г. Логика и логическая семантика: Пер. с англ. М., 2000.
В.М.Пешкаў.
т. 14, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-КЛЕР ДЭВІ́ЛЬ ((Sainte-Claire Deville) Анры Эцьен) (11.3.1818, в-аў Сент-Томас, Віргінскія а-вы, ЗША — 1.7.1881),
французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1869). Скончыў Парыжскі ун-т (д-р медыцыны і хіміі; 1843). З 1845 праф. ун-та ў Безансоне, з 1851 Вышэйшай нармальнай школы ў Парыжы, у 1870—80 у Сарбоне. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі. Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання алюмінію: аднаўленнем хларыду алюмінію метал. натрыем (1854), метады ачысткі плаціны (разам з А.Ж.Дэбрэ; 1855—59). Ажыццявіў класічныя даследаванні па тэрмічнай дысацыяцыі; паказаў, што малекулы вады, хлоравадароду, дыаксіду вугляроду пры высокіх т-рах дысацыіруюць (1857). Атрымаў сплаў плаціны з ірыдыем (1872), з якога былі выраблены міжнар. эталоны метра і кілаграма.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 14, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́́МА КАМП’Ю́ТЭРНАГА ЗРО́КУ,
комплекс апаратна-праграмных сродкаў для ўводу даных з лічбавых оптыка-электронных прылад (фотаапаратаў, тэлевізійных ці відэакамер) і далейшай іх апрацоўкі з дапамогай вылічальнай тэхнікі.
На С.к.з. грунтуецца тэхналогія аўтам. ўстанаўлення адпаведнасці назіранага аб’екта (у т. л. 3-мернага) аб’ектам пэўнага віду ці класа (гл. Распазнаванне вобразаў). Асобны выпадак — аптычнае распазнаванне тэкставай (сімвальнай) інфармацыі, уведзенай з дапамогай сканераў і далейшае праграмнае пераўтварэнне даных з графічнай формы ў тэкставую. С.к.з. выкарыстоўваецца для кіравання робатамі, у лятальных і касм. апаратах, ахоўных прыладах і сістэмах і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах С.к.з. вядуцца ў Ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі.
Літ.:
Системы технического зрения. Л., 1988;
Хорн Б.К.П. Зрение роботов: Пер. с англ. М., 1989;
Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.
С.У.Абламейка.
т. 14, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)