РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Сэмюэл) (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),
англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.Дзідро, Ж.Ж.Русо, І.В.Гётэ) і на псіхал, лінію рамана 19 ст.
Літ.:
Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;
Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
назва групы хім. элементаў (больш за 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).
Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсё больш умоўным.
Літ.:
Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙНА́ЛЬ ((Raynal) Гіём Тама Франсуа) (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),
французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НТГЕ́Н ((Röntgen) Вільгельм Конрад) (27.3.1845, г. Рэмшайд, Германія — 10.2.1923),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1896). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху (1865—68), атрымаў ступень доктара ў Цюрыхскім ун-це (1868). Працаваў у розных ун-тах Германіі. У 1900—20 праф. Мюнхенскага ун-та і дырэктар Фіз. ін-та. Навук. працы па электрамагнетызме, фізіцы крышталёў, оптыцы і малекулярнай фізіцы. Выявіў магн. поле дыэлектрыка (1885), які рухаецца ў эл. полі (т.зв. рэнтгенаўскі ток), што мела важнае значэнне для стварэння электроннай тэорыі. Адкрыў рэнтгенаўскія прамяні і даследаваў іх уласцівасці (гл.Рэнтгенаўскае выпрамяненне), прапанаваў канструкцыю трубкі для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў і зрабіў першыя рэнтгенаўскія фотаздымкі. Нобелеўская прэмія 1901 (першая сярод фізікаў).
Тв.:
Рус.пер. — О новом виде лучей. М.; Л., 1933.
Літ.:
Бобров Л.В. Тени невидимого света. М., 1964;
Гернек Ф. Пионеры атомного века: Пер. с нем. М., 1974.
французскі кінарэжысёр. Сын А.Рэнуара. З 1924 у кіно (у 1941—51 у Галівудзе). Найб. значны фільм — «Вялікая ілюзія» (1937, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) пра падзеі 1-й сусв. вайны. Сярод інш. фільмаў: «Марсельеза» і «Чалавек-звер» (абодва 1938), «Правілы гульні» (1939), «Французскі канкан» (1956), «Снеданне на траве» (1959), «Маленькі тэатр Жана Рэнуара» (тэлефільм, 1969). Для яго творчасці характэрна спалучэнне жыццёвай праўдападобнасці з паэт. успрыняццем свету і тэатр. пачаткам; у выяўл. і колеравых рашэннях арыентаваўся на традыцыі імпрэсіянісцкага жывапісу. Аўтар кнігі пра свайго бацьку (1962), аўтабіягр.кн. «Маё жыццё і мае фільмы» (1974). Спец. прэмія «Оскар» 1975.
Тв.:
Рус.пер. — Моя жизнь и мои фильмы., М., 1981.
Літ.:
Лепроон П. Современные французские кинорежиссеры: Пер. с фр.М., 1960;
Жан Ренуар: Статьи. Интервью. Воспоминания. Сценарий: Пер. с фр.М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎМАТЫ́ЗМ (ад грэч. rheumatismos выцяканне вадкасці),
вострая рэўматычная ліхаманка, запаленне злучальнай тканкі з пераважнай лакалізацыяй працэсу у сардэчна-сасудзістай сістэме. Узнікае пры інфіцыраванні бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А пераважна ва ўзросце 7—15 гадоў. Пры Р. развіваецца часовая і ўстойлівая непрацаздольнасць, часта фарміруюцца парокі сэрца.
Прыкметы Р.: ліхаманка, сімптомы пашкоджання сэрца (кардыт), суставаў (артрыт), сасудаў галаўнога мозга (малая харэя); больш рэдкія — кольцападобная эрытэма (бледна-ружовая высыпка на скуры ў выглядзе тонкага кольцападобнага абадка) і падскурныя рэўматычныя вузельчыкі. Пры лячэнні праявы Р. праходзяць, акрамя пашкоджання сэрца (пасля рэўматычнай атакі, асабліва пры паўторных абвастрэннях можа фарміравацца парок сэрца). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́ЎСКІ (Аляксей Іванавіч) (7.1.1857, Масква — 24.5.1929),
рускі і ўкраінскі філолаг, мовазнавец-славіст, палеограф і педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1900; чл.-кар. 1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). Праф. Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў. Даследаваў праблемы параўнальна-гіст., слав. і рус. мовазнаўства, стараж.слав. пісьменнасці і палеаграфіі. Адзін з заснавальнікаў гіст. дыялекталогіі рус., бел. і ўкр. моў. Аўтар прац «Лекцыі па гісторыі рускай мовы» (1888), «Спроба рускай дыялекталогіі. Гаворкі велікарускія і беларускія» (1897), «Матэрыялы і даследаванні ў галіне славянскай філалогіі і археалогіі» (1910) і інш. Пры вывучэнні гіст. граматыкі, фанетыкі і лексікалогіі рус. мовы шырока выкарыстоўваў матэрыялы старабел. і стараўкр. пісьмовых помнікаў і нар. гаворак. Даследаваў пытанні этнаграфіі, гісторыі стараж. мастацтва і фальклору. Выдаў «Велікарускія народныя песні» (т. 1—7, 1895—1902).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1978. Т. 3. С. 200—215.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў (Уладзіслаў Генадзевіч) (28.12.1908, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 1993),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936). Вучань А.Аляксандрава, Дз.Кабалеўскага. З 1936 арганізаваў і ўзначаліў Дзіцячы хор пры Цэнтр. доме маст. выхавання дзяцей, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1951 праф., у 1957—60 і з 1980 заг. кафедры). Адначасова ў 1946—52 хормайстар Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі, у 1956—88 арганізатар і маст. кіраўнік Дзярж. маскоўскага хору. У рэпертуары хар. творы розных эпох, стыляў, жанраў. Сярод яго твораў хар. цыклы, апрацоўкі рус.нар. песень. Аўтар кн. «Работа з хорам» (3-е выд. 1967) і падручніка (у сааўтарстве). Сярод вучняў М.Кутузаў, У.Мінін, Г.Панцюкоў. Дзярж. прэмія Расіі 1979.
Літ.:
В.Соколов: Дирижер, педагог, композитор. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМІ́Н (Salamis),
востраў у Эгейскім моры каля ўзбярэжжа Атыкі (Грэцыя). З-за зручнага геагр. размяшчэння доўгі час быў аб’ектам барацьбы паміж Афінамі і Мегарамі. Каля 600 да н.э. захоплены афінянамі. У час грэка-персідскіх войнаў 28.9.480 да н.э. ў Саламінскім прал. адбылася марская бітва, у якой грэчаскі флот (больш за 350 трыер) пад камандаваннем спартанца Эўрыбіяда і стратэгічным кіраўніцтвам Фемістокла разграміў перс. флот (800 караблёў). Перамогу грэкам забяспечылі добра выбраная пазіцыя (двайны фронт уздоўж берага вострава з апорай флангаў на прыбярэжныя водмелі) і ўмелае выкарыстанне баявых сродкаў (лёгкія трыеры супраць цяжкіх караблёў). Персы страцілі 200 караблёў, грэкі — 40.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства: Пер. с нем. Т. 1. СПб., 1994;
История войн. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;
Харботл Т. Битвы мировой истории: Словарь: Пер. с англ.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́НІК (Карп Трафімавіч) (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),
украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр.рэаліст.т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.Шчэпкін (неаднаразова быў яго сцэн. партнёрам), М.Гогаль, Т.Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра).