рускі акцёр-трагік; прадстаўнік класіцызму. З 1820 у пецярбургскіх Вял. т-ры, з 1832 вядучы трагік Александрынскага т-ра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данской» У.Озерава), Сіда («Сід» П.Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж.Расіна) і інш. Творчасці характэрны прыўзнятая героіка, манум. параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Пад уплывам класіцыстычнай эстэтыкі імкнуўся да вылучэння гал. рысы характару герояў (Атэла, Гамлет у аднайм. п’есах У.Шэкспіра і інш.). Першы выканаўца роляў Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831), Дон Гуана, Барона («Каменны госць», 1847, і «Скупы рыцар», 1852, А.Пушкіна), Арбеніна («Маскарад» М.Лермантава, 1852). Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рус. сцэне больш за 40 п’ес («Кін» А.Дзюма-бацькі, «Кароль Лір» і «Карыялан» Шэкспіра і інш.). У 1845—46 гастраліраваў у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦА́Н (Ян) (Joannes Veliconsis; ? — каля 1611),
друкар і кнігавыдавец ВКЛ. Друкарскаму майстэрству вучыўся ў Кракаве. З 1576 друкар Лоскай друкарні (каля Маладзечна). Выдаў 7 (або 8) кніг на польск. і лац. мовах, у т. л. трактаты «Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры» С.Буднага (1576), «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» А.Маджэўскага-Фрыча (1577), творы М.Чаховіца, Я.Палеалога. У 1580—1611 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаў больш за 100 кніг на польск., лац. і грэч. мовах, у т. л. свецкія творы Цыцэрона, Іосіфа Флавія, Геліядора, Эразма Ратэрдамскага, «Масковія» А.Пасевіна (1586), «Апафегматы» Б.Буднага (1599), «Арэх валоскі» Я.Казаковіча (1603), навук.-вучэбныя і мед. кнігі, календары і інш. Кнігі вылучаліся высокім узроўнем друкарскага мастацтва. Прадаўжальнікам справы К. стаў яго сын Іосіф, які прыняў каталіцтва і змяніў выдавецкую тэматыку.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 80—112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),
сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.
Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс. працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭВАЛЮ́ЦЫЯ [ад лац. со (cum) з, разам + эвалюцыя],
сумесная (спалучаная) эвалюцыя двух і больштаксонаў, калі эвалюцыя кожнага часткова залежыць ад эвалюцыі другога. Таксоны аб’яднаны цеснымі экалагічнымі сувязямі, але не абменьваюцца генамі; пры гэтым дзейнічае рэцыпрокны ціск адбору (гл.Рэцыпрокнае скрыжаванне). Да К. належыць большасць папуляцыйных узаемаадносін, ад драпежніцтва і канкурэнцыі да мутуалізму і протакааперацыі, калі адносіны паміж двума арганізмамі (папуляцыямі) узаемакарысныя, але не з’яўляюцца абавязковымі, і ўзаемасувязь выпадковая (напр., некат. насякомыя жывуць і кормяцца на раслінах і выпадкова прымаюць удзел у іх апыленні). У вузкім сэнсе К. — эвалюц. ўзаемаадносіны паміж раслінамі і жывёламі. Тэрмін «К.» ўжываецца і ў адносінах да сістэмы «грамадства—прырода». Несупадзенне хуткасцей прыроднага працэсу, які ідзе марудна, і сац.-эканам. развіцця чалавецтва, якое ідзе намнога хутчэй, вядзе да дэградацыі прыроды. Прапануецца такое ўздзеянне чалавека на прыроду, якое рэгулюецца і свядома абмяжоўваецца (стварэнне наасферы). Гл. таксама Каадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́НУЎ РЫ́НУЎ ПАЎСТА́ННЕ»,
«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г. Упершыню апубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.Дзмітрыевым, П.Шэйнам, М.Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).
украінскі літ.-знавец. Чл.-кар.АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-тнар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.Р.Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр.літ. сувязей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНАСЦЬ ВАДЫ́,
уласцівасць, якую набывае вада пры перавышэнні ўтрымання ў ёй іонаў вадароду (H+) больш за 1 × 10−7 грам-іонаў на 1 л. У прыродных водах абумоўлена звычайна наяўнасцю ў іх свабоднай сернай, вугальнай і гумінавай к-т. Канцэнтрацыю іонаў вадароду прынята ўмоўна паказваць сімвалам pH (адмоўны лагарыфм ліку, які яго характарызуе). Пры pH = 7 рэакцыя вады нейтральная, pH < 7 — кіслая, pH > 7 — шчолачная. Паводле сан.-гігіенічных нарматываў рэакцыя вады для пітнога і культ.-быт. карыстання павінна быць pH 6,5—8,5. Падкісленне прыродных вод адмоўна ўплывае на існаванне жывых арганізмаў, іх біял. прадукцыйнасць, структуру біягеацэнозаў, пагаршае сан. стан і выклікае інш. негатыўныя з’явы. На К.в. адбіваюцца кіслотнасць глебы, змыў з палёў мінер. угнаенняў і інш. рэчываў, у склад якіх уваходзяць злучэнні серы і азоту; вял. ўплыў аказваюць кіслотныя дажджы. На тэр. Беларусі кіслотнасць прыродных вод у межах pH 6,3—8,5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г. Клецк Мінскай вобл. як школьны, з 1979 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 194 м², больш за 4,6 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў посуд, касцяныя грабеньчыкі 11—17 ст., шкляныя бранзалеты 12—13 ст., кафля 16—17 ст. з археал. раскопак на тэр. раёна, зброя 18 — пач. 20 ст., матэрыялы пра ўдзел жыхароў у грамадз. вайне, пра барацьбу за сац. і нац. вызваленне ў Зах. Беларусі, пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, успаміны А.Іверса, творы жывапісу, кнігі з аўтографамі К.Крапівы, Г.Гарэцкага і інш., прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., нар.муз. інструменты, калекцыі нар. адзення, тканін, вырабаў мясц. пляцення і керамікі. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі нар. творчасці мясц. умельцаў, нар. строяў, прац мясц. мастакоў, прысвечаных клецкім Радзівілам, развіццю пісьменнасці і друку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ БОЙ 1812 Адбыўся каля мястэчка Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.) на дарозе Нясвіж—Мінск паміж рус. корпусам К.В.Ламберта і франц.-польск. атрадам Ф.К.Касецкага 15 ліст. ў вайну 1812. Пад націскам намнога большых рус. сіл франц.-польск. войскі пачалі адступаць у напрамку Мінска, але былі акружаны і прымушаны здацца. Касецкі страціў пад Койданавам каля 3 тыс.чал. палоннымі, а за 2 дні (13 ліст. каля Нова-Свержаня і 15 ліст. каля Койданава) больш за 1 тыс.чал. забітымі, 65 афіцэраў і 3870 чал. ніжніх чыноў палоннымі. Разам з Касецкім у Мінск прарваліся паводле адных звестак 500 чал., паводле другіх — каля 100 чал. У выніку К.б. быў адкрыты шлях 3-й Зах. арміі П.В.Чычагова на Мінск і Барысаў. Пасля страты 16 ліст. Мінска, Напалеон вымушаны быў адступаць па разбуранай раней дарозе на Вільню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАЎСКІ ЗАКА́ЗНІК.
Засн. 22.9 1972 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. з мэтай захавання прыроднага комплексу мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Агульная пл. 269 га. Уключае тэрыторыю, прылеглую да Смольні (113 га, каля в. Мікалаеўшчына, сюды паэт неаднаразова прыязджаў, у 1912 тут адбылася першая яго сустрэча з Я.Купалам), Альбуці (89 га, дзе Я.Колас жыў у 1890—1902 і якую ён апаэтызаваў у паэме «Новая зямля»), Ластку (47 га, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэта — 1885—90; гл. ў арт.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), урочышча Бервянец (Дубы; 20 га, маляўнічая мясціна на беразе Нёмана, апісаная Я.Коласам у шматлікіх творах). У 1990 на тэр. заказніка адкрыты маст.-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які пачынаецца каля мемарыяльнай сядзібы Акінчыцы, налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў Я.Коласа.
З.М.Хамароўская.
Коласаўскі заказнік. Мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа». Фрагмент.