НЕЗАБІТО́ЎСКІ (Станіслаў) (24.9.1641, в. Ятра Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 1717),
бел. мемуарыст, кальвінісцкі грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме. Служыў у Радзівілаў, доўгі час жыў у Слуцку. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам ад навагрудскай шляхты на сесіі Трыбунала ВКЛ. Збераглася вял. эпісталярная спадчына Н. (каля 700 лістоў да розных асоб, у т. л. да польскага паэта З.Морштына). Аўтар змястоўных і падрабязных успамінаў, дзе апісаны падзеі 1682—1700 на Навагрудчыне і Случчыне. Яго мемуары — каштоўная крыніца па гісторыі грамадска-паліт. і прыватнага жыцця Беларусі і Літвы канца 17 ст. Рукапіс мемуараў зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве.
В.А.Чамярыцкі.
т. 11, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РДЭНШЭ́ЛЬД ((Nordenskiöld) Нільс Адольф Эрык) (18.11.1832, Хельсінкі — 12.8.1901),
шведскі географ і геолаг, даследчык Арктыкі. Чл. Стакгольмскай АН (1858). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1879). Скончыў Хельсінкскі ун-т. У 1856 і 1861 удзельнічаў у экспедыцыях на Шпіцберген пад кіраўніцтвам О.М.Торэля. У 1864—73 кіраваў экспедыцыяй на гэты архіпелаг, у 1870—83 — у Грэнландыю, дзе даследаваў яе ледавіты шчыт. У 1878—79 на судне «Вега» праплыў Паўн.-Усх. праходам з Атлантычнага ў Ціхі ак. з зімоўкай на Чукоцкім п-ве. Імем Н. наз. архіпелаг у Карскім м., заліў і мыс на Новай Зямлі, мыс і ледавік у Грэнландыі, рака ў Канадзе і інш.
т. 11, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЬЮ-ЙО́РКСКІ ГАРАДСКІ́ БАЛЕ́Т»
(«New York City Ballet»),
амерыканская балетная трупа. Засн. ў 1934 на базе Школы амер. балета. Адзін з заснавальнікаў, кіраўнік і гал. балетмайстар Дж.Баланчын, ў 1983—98 кіраўнік Дж.Робінс. Да 1948 існавала пад рознымі назвамі. З 1964 працуе ў памяшканні Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. У рэпертуары пераважаюць бессюжэтныя балеты, дзе танец — сродак інтэрпрэтацыі класічнай ці сучаснай музыкі, не прызначанай для сцэн. ўвасаблення. Ставяцца і класічныя спектаклі, у т. л. балеты П.Чайкоўскага, І.Стравінскага. Сярод балетмайстраў Баланчын (каля 150 балетаў), яго вучні і паслядоўнікі Т.Болендэр, У.Долар, Л.Крыстэнсен, Робінс, Дж.Тарас.
т. 11, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ,
адзінка электрычнага супраціўлення ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Г.С.Ома. Абазначаецца Ом. Для актыўнага (амічнага) супраціўлення 1 Ом роўны супраціўленню правадніка, у якім працякае ток сілай 1 А пры напружанні на яго канцах 1 В: 1 Ом = 1 В/1 А.
Для рэактыўнага (ёмістаснага і індуктыўнага) супраціўлення Xc = 1/ωC і XL= ωL, дзе C — эл. ёмістасць, L — індуктыўнасць участка эл. ланцуга; 1 Ом = 1 с/Ф і 1 Ом = 1 Гн/с адпаведна. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюць кратныя і дольныя адзінкі: мегом (106 Ом) кілаом (103 Ом), міліом (10−3 Ом), мікраом (10−6 Ом) і інш.
А.І.Болсун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫ ІНТЭГРА́Л,
інтэграл ад функцыі, зададзенай на якой-н. паверхні. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні фіз. задач.
Да П.і. зводзіцца, напр., задача вылічэння масы, размеркаванай па зададзенай паверхні з пераменнай паверхневай шчыльнасцю (П.і. 1-га роду), што вядзе да вылічэння двайных інтэгралаў (гл. Кратны інтэграл). Некаторыя задачы фізікі, напр., задача вызначэння патоку вадкасці праз зададзеную паверхню, зводзяцца да вылічэння П.і., дзе паверхня мяркуецца арыентаванай (мае зададзены дадатны напрамак нармалі да яе). Такія інтэгралы наз. П.і. 2-га роду і звязаны з трайнымі інтэграламі па аб’ёме, які абмежаваны зададзенай паверхняй (гл. Астраградскага формула), а таксама з крывалінейнымі інтэграламі ўздоўж замкнутага контуру, які абмяжоўвае зададзеную паверхню (гл. Стокса формула).
т. 11, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Яўген Парфір’евіч) (9.3.1909, г. Херсон, Украіна — 3.8.1994),
укр. акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў драм. студыю пры Адэскай дзярж. драме (1928), дзе працаваў з 1926. З 1936 ва Укр. т-ры ім. І.Франко. Творчасць П. вылучалася маст. прастатой, тонкім лірызмам, арганічным спалучэннем паэтычнасці і драматызму. Сярод лепшых роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Іван («Марнасць» І.К.Карпенкі-Карага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Швандзя («Любоў Яравая» К.Транёва), Іскра і Антоніо («Старонка дзённіка» і «Памяць сэрца» А.Карнейчука), Т.Р.Шаўчэнка («Пецярбургская восень» А.Ільчанкі) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.
т. 12, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́МЕТР (ад грэч. parametros які адмервае, супастаўляе) у матэматыцы, велічыня, значэнні якой служаць для адрознення элементаў якога-н. мноства адзін ад аднаго. Напр., у дэкартавых каардынатах ураўненне (x − a)2 + (y − b)2 = 1 вызначае ўсе акружнасці адзінкавага радыуса з цэнтрам у пункце (a,b). Калі надаць, напр., значэнні a = 3 і b = 4, то будзе выдзелена пэўная акружнасць з зададзенага мноства, г.зн. лікі a і b з’яўляюцца П. разгляданага мноства. П. наз. таксама дапаможная пераменная велічыня, якая ўводзіцца для параметрычнага прадстаўлення функцый. Напр., эліпс x2/4 + y2/9 = 1 задаецца таксама параметрычным ураўненнем x = 2cost, y = 3sint, дзе 0 ≤ t ≤ 2.
т. 12, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́СЫНКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання унікальнага ландшафтнага комплексу Пд Бел. Паазер’я. Пл. 104 га. Размешчаны на тэр. нац. парка Нарачанскі, на беразе воз. Нарач. Займае крутыя схілы з драбналессем і сухадольнымі лугамі, дзе ў травастоі дамінуюць стэпавыя і лесастэпавыя віды: крынічнік шыракалісты, гарлянка жэнеўская, асака берагавая, суніцы зялёныя, драсён горны, скочкі атожылкавыя; трапляюцца цыбуля агародная, спаржа лекавая, крынічнік каласісты, танканог шызы і інш., а таксама занесеныя ў Чырв. кнігу гарычка крыжападобная, кураслеп лясны, першацвет вясновы, сон лугавы. З гасп.-каштоўных відаў раслін сустракаюцца ядловец, ляшчына, свідзіна, чаромха, шыпшына сабачая і інш.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС,
пункт, у якім уяўная вось вярчэння Зямлі перасякае яе паверхню ў Паўн. паўшар’і. Размешчана ў цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак., дзе глыб. перавышае 4000 м. Круглы год у раёне П.п. дрэйфуюць магутныя шматгадовыя пакавыя льды. Сярэдняя т-ра зімой каля -40 °C, летам пераважна каля 0 °C. Палярны дзень доўжыцца 189 сут., палярная ноч — 176 сут. Першым П.п. ў 1909 дасягнуў Р.Э.Піры. У 1937 у раёне П.п. арганізавана н.-д. дрэйфуючая сав. станцыя «Паўночны Полюс-1» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. У 1958 пад П.п. прайшла амер. атамная падводная лодка «Науцілус». У 1977 П.п. дасягнуў атамны ледакол «Арктыка». Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.
т. 12, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)