сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец.навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.
Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш.Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э.засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац.ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец.навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук.прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.
На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л.Нац.АН Беларусі, 43,7 тыс.навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс.канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;
Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),
Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць паўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., папаўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі паПаўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калы́ска1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр.колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус.колыска ’тс’, польск.kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш.мар.kolíska ’люлька’, славац.kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав.*kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).
Калы́ска2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус.валаг.колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг.колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус.калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.
Калы́ска3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус.церск.колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДВАРА́НСТВА,
саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.
У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛі г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб.стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэ т.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.
У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм. Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».
У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз.т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап.ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс.чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн.сял. гаспадарак (каля 50 млн.чал.) — 75 млн. дзесяцін.
У Беларусі ў Д. пераведзена шляхтаВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі пасял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап.ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс.дзес., Радзівілаў 178 тыс.дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс.дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс.дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс.дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».
Літ.:
Люблинская АД. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;
Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
во́ля, ‑і, ж.
1. Свядомае і мэтанакіраванае рэгуляванне чалавекам сваёй дзейнасці. Сіла волі. Цвёрдая воля. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной.Колас.Пад дажджом, на ветры і холадзе працавалі маладыя будаўнікі, гартуючы сваю волю і выпрабоўваючы вытрымку.Грахоўскі.//дачаго. Упартае імкненне дасягнуць чаго‑н. Воля да перамогі. □ Не зламала вайна ды і не магла зламаць волі савецкіх людзей да жыцця, іх веры ў будучыню.Краўчанка.
2. Жаданне, патрабаванне. Дыктаваць сваю волю. Апошняя воля. Не па сваёй волі. □ Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля.Колас.
3. Улада, права. Тут ужо ваша воля. □ [Юрка] перастаў адчуваць матчыну волю над сабою.Карпаў.
4. Свабода, незалежнасць; проціл. няволя. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь.Колас.Ідзі пад сцягам баявым За волю ў бой крывавы.Бялевіч.
5.Гіст. Вызваленне ад прыгоннай залежнасці. Купіць волю.
6. Магчымасць дзейнічаць самастойна.
7. Становішча, пры якім жыццё чалавека, жывёл, птушак не абмежавана ўмовамі зняволення. Выйсці на волю. Выпусціць жураўля на волю.
8. Прастор, прыволле, раздолле. Рэкі разбурылі прыстасаванні, якімі людзі запаланілі іх, і вырваліся на волю.Самуйлёнак.Такая шыр бязмежная,.. Што крок, то волі знак!Колас.
•••
Вольнаму волягл. вольны.
Вольная воля — нічым неабмежаваная свабода.
Воля ваша — рабіце, як лічыце патрэбным.
Даць волюкаму-чамугл. даць.
Даць волю рукамгл. даць.
Жалезная воля — непахісная, нязломная воля.
Людзі добрай волігл. людзі.
На волю лёсу — без падтрымкі, без дапамогі, без нагляду.
Па добрай волі, добрая воля — без прымусу, добраахвотна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыж, ‑а; мн. крыжы, ‑оў; м.
1. Сімвал і прадмет культу хрысціянскай рэлігіі ў выглядзе металічнага стрыжня або драўлянага бруса з адной або дзвюма папярочнымі перакладзінамі. Надмагільны крыж. □ Бліскучыя крыжы над светла-зялёнымі купаламі відаць ажно ў Галынцы.Брыль.
2. Малітоўны жэст хрысціян рухам правай рукі, падобны да такога прадмета. — Праўду кажу... Вось табе крыж, калі не верыш, — і дзядок перахрысціўся.Гамолка.
3. Прадмет у выглядзе фігуры з дзвюх палак ці брускоў, якія перасякаюцца. Крыж для елкі.// Метка, значок з дзвюх ліній, якія перасякаюцца. Знізу красаваўся няроўны, выведзены неспрактыкаванаю рукой крыжык, падобны хутчэй на козлы, чым на крыж.Якімовіч.
4. Знак узнагароды, ордэн у форме такога прадмета. Генерал ўручыў салдату Хамутоўскаму ўзнагароду за храбрасць — крыж на георгіеўскай стужцы.Курто.У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў.Мехаў.
5. Ніжняя частка хрыбетніка, якая складаецца з пяці пазванкоў, злучаных з касцямі таза. Конь натурыцца і не хоча ісці. Кабета злуецца і сячэ пугаю яго па баках, па крыжы...Сачанка.
6.перан. Пра цяжкі лёс, які выпаў на долю каго‑н. «Памдзей», прыбіты і прыгнуты, Цярпліва зносіць крыж пакуты, Стаіць, у дол спусціўшы вочы.Колас.
7.узнач.прысл.кры́жам. Раскінуўшы рукі, крыжападобна. Галавой да сцяны, раскінуўшы чорныя, аголеныя да локцяў рукі, крыжам ляжаў чалавек.Брыль.
•••
Чырвоны Крыж — тое, што і Таварыства Чырвонага Крыжа (гл. таварыства).
Крыж-накрыж — а) адно цераз другое (валіць, класці); б) у форме крыжа (ляжаць, размяшчацца).
Несці крыжгл. несці.
Ставіць крыжгл. ставіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў.Колас.Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага.Васілевіч.// Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.
2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго.Карпаў.// Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).
3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты.Дадзіёмаў.// Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.
4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае.Быкаў.Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека.Маўр.— Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар.Даніленка.// Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная.Шахавец.// Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла.Новікаў.Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні.«Звязда».
5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік.Пташнікаў.Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!..Жычка.// Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны.Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уда́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які завяршаецца ўдачай; удачны, паспяховы. Удалы баявы вылет. □ Байсак быў у лагодным настроі пасля ўдалай вылазкі на шашу.Лынькоў.Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў ўдалы.Шамякін.
2. Вельмі добры. Удалая пшаніца. □ Кузьма славіцца сваім квасам на ўсю ваколіцу — ні ў кога ён не бывае такім удалым, як у Кузьмы.Пестрак.Здаецца, ні адзін год не была такая ўдалая сенажаць!Нікановіч.Удалая восень стаяла ў гэтым годзе.Чарнышэвіч.У жыцці ўсім удалым, У прыгодах-уцехах Міхасю скрозь гучала Адшуканае рэха.Кірэенка./ Пра людзей, жывыя істоты. Нездарма вяла [маці] ў святліца, За дубовы стол саджала. Слёзы капалі расіцай, Што сынок такі ўдалы.Купала.// Які адпавядае якім‑н. патрабаванням, падыходзіць для чаго‑н. Месца пад бальніцу выбрана ўдалае, ля самага бору, у закутку, крыху наводшыбе.Пестрак.Ды не зусім удалы час выбраў для знаёмства .. Нервы .. [Стасі] здалі, яна зрабілася запальчывая.Карпюк.Усё бегаючы па пакоі,.. [Іван Іванавіч] быў, здаецца, на мяжы адчаю, ды раптам ад нейкай удалай думкі ўраз успыхнуў надзеяй і ўскінуў руку.Быкаў.// Правільны, верны. Гульня пайшла жвава, і праз некалькі ўдалых ходаў Зоя выйшла пераможцай.Якімовіч.
3. Здатны на ўсё; спрытны, умелы. [Ігнат] хлапец .. удалы і на навуку, і на працу, куды хочаш!Чарнышэвіч.[Пракоп:] — Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень. Ці можа жонка ваша такая ўдалая гаспадыня?Колас.
4. Смелы, адважны, храбры; хвацкі. [Яношык:] — Каб была пры мне дружына Юнакоў — хлапцоў удалых, Ускалыхнуў бы я Карпаты.Бажко.
•••
Удалая галавагл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэсць, ‑і, ж.
1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы.Глебка.Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар.Гілевіч.// Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе!Колас.[Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў.Крапіва.У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты.Жычка.Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць.Панчанка.
2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа.У. Калеснік.
3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою.Купала.
4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана.Скрыган.Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту.Колас.