ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.

На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.​А.​Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.​В.​Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс. км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх. ч. Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб. воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р. Прыпяць з прытокамі, у зах. ч. р. Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб. Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт. Беларускае Палессе.

М.​А.​Шышонак.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),

клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн. г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал. эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн. г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.

Літ.:

Дарафееў А.М., Конюшка В.С., Ляшко А.А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. Мн., 1981;

Жизнь животных. Т. 5. 2 изд. М., 1985;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

А.​М.​Петрыкаў, Э.​Р.​Самусенка.

Паўзуны: 1 — ігуана цыклура; 2 — гекон дзённы; 3 — чарапаха арау; 4 — дынадон чырванапоясны; 5 — гатэрыя; 6 — варан камодскі.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Еўропы. Размешчана паміж а-вамі Вялікабрытанія, Аркнейскімі, Шэтландскімі на З, п-вамі Скандынаўскім і Ютландскім на У. Абмывае берагі Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Даніі і Нарвегіі. Злучаецца на Пн з Нарвежскім, на У з Балтыйскім морамі пралівамі Скагерак, Катэгат, Эрэсун, Вял. і Мал. Бельт, на ПдЗ з Атлантычным ак. пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш. Пл. 565 тыс. км². Рэльеф дна моцна расчлянёны. Больш за ​2/​3 дна мора на глыбіні да 100 м. У паўд. ч. шматлікія водмелі (напр., Догер-банка з найменшай глыб. 13 м). Найб. глыб. 725 м. Паўн.-ўсх. берагі фіёрдавыя, са шматлікімі дробнымі астравамі, паўд.-ўсх. — выраўнаваныя, нізкія, пясчаныя, паўд. — лагунныя, месцамі трапляюцца ваты, зах. — бухтавыя, месцамі з эстуарыямі (р. Тэмза), усх. бераг Нідэрландаў акаймаваны дамбамі ў сувязі з частымі навадненнямі. Каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа ланцуг Фрызскіх а-воў, на Пн ад іх в-аў Гельгаланд. Упадаюць рэкі Эльба, Везер, Тэмза, Рэйн, Маас, Глома, Утра, Шэльда і інш. Клімат умераны марскі. Сярэдняя т-ра вады зімой 2—5 °C, летам 12—17 °C. Салёнасць 31—35‰. Ільды трапляюцца каля берагоў са снеж. па сакавік. Прылівы паўсутачныя, у розных раёнах ад 0,1 да 7,6 м. Сукупны ўплыў прыліваў і вятроў прыводзіць да навадненняў на берагах. Багатая фауна (120 відаў рыб). Адзін з буйнейшых раёнаў рыбалоўства (селядзец, траска, тунцовыя, камбалавыя і інш.). Промысел амараў, вустрыц, мідый. Здабыча нафты і прыроднага газу (найб. радовішчы Брэнт, Статфіёрд, Гронінген і інш.; гл. Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць). Праз П.м. праходзяць гал. знешнегандлёвыя шляхі і грузапатокі краін Зах. Еўропы. Гал. парты: Ротэрдам (1-е месца ў свеце па грузаабароце), Амстэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Лондан, Імінгем, Хал (Вялікабрытанія), Гамбург, Брэмен, Вільгельмсгафен (Германія), Гётэбарг (Швецыя), Осла, Берген (Нарвегія).

А.​Я.​Яротаў.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,

войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс. укр. казакоў на чале з гетманам П.​К.​Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч. Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Яна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-АРТУ́РА АБАРО́НА,

баявыя дзеянні рас. сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз. яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каля г. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс. чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс. чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж. нач. сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.​М.​Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс. рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс. чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.​М.​Смірноў, В.​В.​Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.​А.​Квіткін, І.​М.​Лівотаў, А.​А.​Нішчанкоў, У.​А.​Свіньін, Б.​Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.​А.​Румак і інш.

Літ.:

История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;

Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІЧ,

рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас. р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Пціч каля г.л. Капаткевічы Гомельскай вобл.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЁЎ (Андрэй) (каля 1360—70—1427 або 1430),

старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант. маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».

Літ.:

Алпатов М.В. Андрей Рублев. М., 1959;

Андрей Рублев и его школа. М., 1978;

Сергеев В.И. Рублев. М., 1981;

Троица Андрея Рублева: Антология. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

А.Рублёў. Тройца.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,

349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.​І.​Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс. чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс. чал., праціўнік — каля 71 тыс. чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.​Пісарэўскі, В.​Маркевіч, А.​Бушкоўскі, капітан М.​Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.​М.​Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.

Літ.:

Зайончковский А.М. Оборона Севастополя: Подвиги защитников. 2 изд. СПб., 1904;

Тарле Е.В. Героическая Севастопольская оборона 1854—1855. М., 1957;

гл. таксама пры арт. Крымская вайна 1853—56.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Севастопальская абарона 1854—55. Фрагмент панарамы «Абарона Севастопаля». Мастак Ф.​Рубо. 1902—04.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНУА́ТУ (Vanuatu),

Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах. ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс. км². Нас. 165,9 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).

Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс. км²), Малекула (2 тыс. км²), Эраманга (1 тыс. км²), Эфатэ (0,9 тыс. км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.—крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн. нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс. чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.

Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.

Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.​Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.​Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.​К.​Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.​М.​Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш. Гал. гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.

Літ.:

Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Вануату.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ АЎСТРА́ЛІІ І АКІЯ́НІІ Агульная колькасць насельніцтва 29,7 млн. чал. (ацэнка на пач. 1998), у т. л. ў Аўстраліі 18,6 млн., Акіяніі 11,1 млн. Карэннае насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі належыць да 2 тыпаў акіянійскага адгалінавання негроіднай расы — аўстралійскага (гл. Аўстралоідная раса) і меланізійскага; у Мікранезіі і Палінезіі жывуць тыпы, пераходныя паміж аўстралоідамі і мангалоідамі — мікранезійцы і палінезійцы. Засяленне Аўстраліі і Акіяніі еўрапейцамі ў 19—20 ст. прывяло да колькаснай перавагі еўрапеоідаў. У выніку кантактаў карэннага і еўрап. насельніцтва ўтварыліся групы метысаў. У сучасным насельніцтве прадстаўнікоў еўрапеоіднай расы каля 21 млн. (71%), аўстралоіднай — 6,7 млн. (23%). Жыве невял. колькасць прадстаўнікоў мангалоіднай расы — каля 400 тыс. чал. (1,3%). Астатняе насельніцтва ў расавых адносінах прыпадае на пераходныя тыпы, у т. л. 1,3 млн. (4,4%) мікранезійцаў і палінезійцаў. Насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі складаецца з 3 этн. кампанентаў: абарыгены; насельніцтва еўрап. паходжання; выхадцы з Азіі і іх нашчадкі. Аўстралію і Акіянію насяляе вял. колькасць (больш за 1,5 тыс.) мясц. абарыгенных плямён і народаў агульнай колькасцю 8,4 млн. (28% усяго насельніцтва). Большасць насельніцтва складаюць нашчадкі перасяленцаў з Еўропы разам з нядаўнімі эмігрантамі. Есць перасяленцы з Азіі і Амерыкі. 27 народаў налічваюць больш за 100 тыс. чал. кожны. Іх агульная колькасць 27,1 млн. чал., або 91% усяго насельніцтва рэгіёна, з іх 3 народы налічваюць больш за 1 млн. чал. (англа-аўстралійцы 18,1, англа-новазеландцы 3, англічане 1,1) і 7 народаў — больш за 300 тыс. чал. (грэкаў 400 тыс., фіджы-індыйцаў 370 тыс., фіджыйцаў-меланезійцаў 350 тыс., самоанцаў 325 тыс., шатландцаў 325 тыс., маары 320 тыс., італьянцаў 300 тыс.). Па колькасці пераважаюць народы, якія размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах, асабліва на мовах германскай групы (больш за 23 млн.) — англа-аўстралійцы, англа-новазеландцы, англічане, шатландцы, амерыканцы ЗША, галандцы, немцы, яўрэі і інш. З інш. груп індаеўрап. сям’і жывуць прадстаўнікі раманскай групы — італьянцы і французы, слав. групы — харваты, македонцы, палякі і інш. (у т. л. беларусаў каля 5 тыс.), індыйскай групы — фіджы-індыйцы, інш. груп — грэкі, ірландцы, армяне, латышы, літоўцы. Жыве таксама невял. колькасць нашчадкаў эмігрантаў з Азіі з інш. моўных сем’яў — кітайцы, філіпінцы, карэйцы, японцы, в’етнамцы, кхмеры, з Еўропы — венгры, фіны, мальтыйцы, баскі і інш.

Нашчадкі выхадцаў з Еўропы жывуць пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі; амерыканцы ЗША — пераважна на Гавайскіх а-вах і в-ве Гуам, французы — на Новай Каледоніі і в-ве Таіці. Абарыгеннае насельніцтва распадаецца на 3 моўныя групы — аўстрал. (гл. Аўстралійскія мовы), папуаскую, аўстранезійскую (гл. Аўстранезійскія мовы). На аўстрал. мовах размаўляюць аўстралійцы (аўстралійцы-абарыгены, карэнныя жыхары Аўстраліі). Іх колькасць разам з метысамі складае каля 265 тыс. чал., размаўлялі на 200—500 мовах, многія з якіх выйшлі з ужытку. На папуаскіх мовах размаўляе каля 5 млн. чал. ва ўнутр. раёнах Новай Гвінеі, на а-вах архіпелага Бісмарка, Саламонавых і інш. Вылучаецца больш за 700 народнасцей і плямён, найб. з іх энга (195 тыс.), чымбу (142 тыс.), медлпа (101 тыс.), экары (100 тыс.). Папуаскія мовы групуюцца ў 11 моўных сем’яў і надсямейных згуртаванняў моў — філаў. Аўстранезійская сям’я моў падзяляецца на 4 групы — палінезійскую, мікранезійскую, меланезійскую, інданезійскую. На палінезійскіх мовах гавораць 1,1 млн. чал. у Палінезіі. Вылучаюць каля 30 асобных народаў, найб. маары — 320 тыс. (Новая Зеландыя), самоанцы — 320 тыс. (а-вы Самоа), гавайцы — 180 тыс. (Гавайскія а-вы), таіцяне — 137 тыс. (в-аў Таіці і суседнія а-вы), тонга — 120 тыс. (а-вы Тонга). На 20 мікранезійскіх мовах размаўляе 220 тыс. жыхароў Мікранезіі. На прыкладна 200 меланезійскіх мовах размаўляе 1,7 млн. жыхароў узбярэжжа Новай Гвінеі і суседніх а-воў у Меланезіі, найб. народы фіджыйцы — 350 тыс. і канакі (новакаледонцы, жыхары в-ва Новая Каледонія) — 60 тыс. На інданезійскай мове размаўляе народ чамора (100 тыс. чал.) на Марыянскіх а-вах. Большасць вернікаў — пратэстанты, католікаў больш толькі ў Новай Каледоніі, на а-вах Уоліс і Футуна, на Гуаме, у Мікранезіі. Прыхільнікі мясц. культаў складаюць большасць насельніцтва Новай Гвінеі, Саламонавых а-воў, Новых Гебрыдаў, унутр. і паўн. раёнаў Аўстраліі (аўстралійцы-абарыгены). Выхадцы з Азіі — мусульмане, індуісты, будысты і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)