у Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мошна, за 2 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,65 км, найб.шыр. 380 м, найб.глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 5,84 км. Пл. вадазбору 9,4 км².
Схілы катлавіны выш. да 3 м, паўн. да 10 м, пераважна разараныя, усх. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на З і У сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Мошна. Зарастае да глыб. 2,2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРЫЦА, лугавік (Deschampsia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх нетрапічных краінах зямнога шара, а таксама ў высакагор’ях тропікаў. На Беларусі на сырых лугах і ў лясах, хмызняках, па берагах рэк і канаў трапляецца 1 паліморфны від — вострыца дзірваністая, або шчучка (Deschampsia cespitosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны з голымі ці пад суквеццямі шурпатымі прамастойнымі сцёбламі выш. да 1 м, звычайна ўтвараюць дзярніну. Лісце вузкалінейнае, вострашурпатарабрыстае. Каласкі 2—3-кветныя, шматлікія, сабраны ў раскідзістыя, рэдка сціснутыя мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЛАПА́ТЫЯ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна + ...патыя),
узаемадзеянне раслінных арганізмаў у фітацэнозах праз вылучэнне ў асяроддзе спецыфічных хім. рэчываў (фітанцыдаў, маразмінаў, калінаў, антыбіётыкаў і інш.). Выяўляецца прыгнечаннем адных відаў раслін іншымі (напр., пырнік і іншае пустазелле выцясняюць або прыгнечваюць развіццё культ. раслін; арэшнік, дуб, елка сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць рост траў пад кронамі), зрэдку спрыяльным для сумеснага існавання ўзаемаўплывам (напр., у віка-аўсянай сумесі; пасевах кукурузы з сояй і інш.). Адыгрывае значную ролю ў працэсах узнікнення, развіцця і змены раслінных згуртаванняў. Улічваецца пры стварэнні зялёных насаджэнняў, абгрунтаванні севазваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІУ́МЫ (Amphiumidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 3 віды. Найб. вядомая амфіума меанс. Пашыраны на ПдУ ЗША. Жывуць у забалочаных вадаёмах, азёрах, непраточных глеістых вадаёмах, на рысавых чэках (абвалаваных участках палёў).
Даўж. 0,8—1 м. Цела чорнае, вугрападобнае. Маюць 2 пары малых рудыментарных канечнасцяў з 2—3 недаразвітымі пальцамі, унутр. шчэлепы і схаваныя пад скурай вочы. Лічынкі дыхаюць шчэлепамі, дарослыя — лёгкімі. Зімуюць у глеі. Кормяцца беспазваночнымі, радзей дробнымі рыбамі, земнаводнымі. Адкладваюць на сушы ў вільготных месцах да 150 яец. Палавая спеласць на 4-м годзе. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч і скура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУШАЎЛЁНАСЦЬ – НЕАДУШАЎЛЁНАСЦЬ,
лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны абазначаных назоўнікамі прадметаў да жывой і нежывой прыроды. Адушаўлёныя назоўнікі абазначаюць людзей і розных жывых істот («Рыгор», «настаўніца», «тыгр», «ластаўка», «карась», «камар»), неадушаўлёныя — расліны, прадметы, апрадмечаныя з’явы і паняцці («клён», «машына», «раса», «цемра», «свядомасць»).
Граматычна адушаўлёнасць-неадушаўлёнасць праяўляецца ў форме вінавальнага склону мн. л.: у адушаўлёных назоўніках супадае з формай роднага, а ў неадушаўлёных — назоўнага склону («бачыць людзей — бачыць дрэвы», «лавіць язёў — лавіць сняжынкі»). Пад катэгорыю адушаўлёных часам граматычна падводзяцца некаторыя неадушаўлёныя прадметы і наадварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЕРО́МЕТР (ад лац. accelerare паскараць + ...метр),
прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў заўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш.Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́ЗНЫ,
1) пасада ў войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Прызначаўся гетманам, з 1776 — каралём. Займаўся раскватараваннем войскаў: выбарам месца пад лагер, яго ўмацаваннем. Галоўных абозных было 2 — каронны (польскі) і літоўскі.
2) Выбарная вайск. пасада на Украіне ў 17—18 ст. Генеральныя абозныя арганізоўвалі гетманскае войска, забяспечвалі яго харчаваннем і фуражом, кіравалі артылерыяй, удзельнічалі ў перагаворах, расследавалі злачынствы, палкавыя былі нам. казацкіх палкоўнікаў, узначальвалі палкавую артылерыю.
3) Ніжэйшы чын пры ваен. гужавым транспарце і абозах у дарэв. Расіі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТРАДЫ́РЫ, членісташыйныя (Arthrodira, або Coccostei),
падклас вымерлых марскіх і прэснаводных храстковых рыб кл. пласцінаскурых. 11 атрадаў. Выяўлены ў адкладах позняга сілуру — позняга дэвону ўсіх мацерыкоў, на Беларусі — у Аршанскай упадзіне ў лагунна-марскіх адкладах сярэдняга дэвону. Тыповыя прадстаўнікі артрадыраў — плаурдастэусы.
Даўж. да 6 м. Форма цела і памеры разнастайныя. Шкілет храстковы. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрытыя касцявым панцырам, які ўтвораны касцямі вонкавага плечавога пояса. Сківіцы ў выглядзе касцявых пласцін з рэжучымі краямі і біўнепадобнымі выступамі. Грудныя плаўнікі пад касцявымі шыпамі. Хвост звычайна голы. Прыдонныя драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́ПЕНКА (Фёдар Фёдаравіч) (н. 30.10.1921, в. Аўсімавічы Бабруйскага р-на),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскую ваен. школу пілотаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951), Маскоўскі інж.-эканам.ін-т (1967). У Вял.Айч. вайну зчэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Бранскім, Сталінградскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах, лётчык-знішчальнік. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Курскай дузе, вызвалення Украіны, Малдовы, Польшчы, Прагі, штурму Берліна. Зрабіў 467 баявых вылетаў, правёў 102 паветр. баі, збіў 44 варожыя самалёты. Да 1959 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЕ БАЛО́ТА,
у Беларусі, на Пн Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., у вадазборы Асвейскага возера. Нізіннага (37%), вярховага (35%), мяшанага (25%) тыпаў. Пл. 5,1 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс.га. Глыб. торфу да 6,3 м, сярэдняя 2,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 20,6 млн.т. На ПдЗ балота паклад сапрапелю магутнасцю да 3,5 м, агульныя запасы 7,4 млн.м³. Неасвоеная ч. балота ў складзе біял. заказніка Асвейскі, часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць. Растуць бяроза, хвоя, вольха, месцамі травяное покрыва з асакі, касача, падвею.