ЗАВО́ЙСКІ (Яўген Канстанцінавіч) (28.9.1907, г. Магілёў-Падольскі, Украіна — 9.10.1976),

савецкі фізік, заснавальнік казанскай навук. школы. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1953). Герой Сац. працы (1969). Скончыў Казанскі ун-т (1930). З 1947 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. Навук. працы па радыёспектраскапіі і фізіцы плазмы. Адкрыў электронны парамагнітны рэзананс (1944). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны метад турбулентнага нагрэву плазмы. Прадказаў на магчымасць ажыццяўлення кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу з дапамогай рэлятывісцкіх электронных пучкоў (1968). Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Я.К.Завойскі.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА ВЫ́БУХАМ,

злучэнне матэрыялаў у цвёрдым стане ў выніку інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі кантактных слаёў, выкліканай высакаскорасным саўдараннем загатовак пад уздзеяннем энергіі выбуху. Як выбуховае рэчыва найчасцей выкарыстоўваюцца аманіты. Зварку вядуць на пляцоўках, у басейнах, метал. камерах. Ёй злучаюць элементы канструкцый, атрымліваюць біметалічныя і шматслойныя лісты, трубы. Выкарыстоўваецца ў хім. і трансп. машынабудаванні, электроннай і радыёпрамысловасці, буд-ве і інш. На Беларусі вывучаецца з 1962 у НДІ парашковай металургіі, ін-це зваркі і пакрыццяў НВА парашковай металургіі дастасавальна да атрымання кампазіцыйных матэрыялаў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБІ́ДА (ад лац. libido жаданне, імкненне, цяга),

цяга сексуальнага характару, пераважна несвядомая; адно з асноўных паняццяў псіхааналізу. Уведзена З.Фрэйдам для абазначэння энергіі сексуальнай цягі як першапачатковай цягі да жыцця. Паводле Фрэйда, асн. рухальны фактар псіхікі — энергія несвядомай псіхасексуальнай цягі. У працэсе індывід. развіцця асобы Л. рэалізуецца ў розных формах дзіцячага аўтаэратызму, праходзіць фазу любві да бацькоў з моцнай эратычнай афарбоўкай (комплекс Эдыпа, комплекс Электры) і канчаткова фарміруецца ў дарослага чалавека. Паводле К.Юнга, Л. — першапачатковая, недыферэнцыраваная псіхічная энергія, метафіз. прынцып псіхікі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАЦЕПЛАВЫ́Я З’Я́ВЫ,

змены цеплавога стану рэчыва пры зменах яго магн. стану (намагнічванні ці размагнічванні). Назіраюцца ва ўсіх рэчывах. М.з. ў некаторых парамагнетыках выкарыстоўваюцца для атрымання звышнізкіх т-р (гл. Магнітнае ахаладжэнне).

Тлумачыцца зменамі ўнутранай энергіі цела пры адпаведных зменах магн. стану. Найб. значныя М.з. ў фера-, антыфера- і ферымагнетыках і іх характар залежыць ад працэсаў намагнічвання ў гэтых матэрыялах. Адрозніваюць М.з. пры адыябатычным намагнічванні і размагнічванні, калі адбываюцца змены т-ры, і ізатэрмічныя М.з., пры якіх некаторая колькасць цеплаты выдзяляецца (ці паглынаецца).

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЁНШЧЫКАЎ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (16.1.1913, г. Грозны, Расія — 27.5.1973),

расійскі вучоны ў галіне механікі і прыкладной фізікі. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1932). З 1934 у Маскоўскім авіяц. ін-це, з 1944 у Ін-це механікі, з 1949 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. З 1962 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па механіцы, ядз. энергетыцы, газавай дынаміцы і фізіцы плазмы. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1954. Ленінская прэмія 1961.

М.​Дз.Мільёншчыкаў.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЎНАВА́ЖНЫ СТАН у тэрмадынаміцы,

стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.

У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз. метастабільным станам.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ БАР’Е́Р у фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы большая, чым па-за яе межамі. Дзеліць прастору на 2 часткі, дзе патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым унутры П.б. Характарызуецца вышынёй (найб. значэннем) патэнцыяльнай энергіі. Адпавядае сілам адштурхоўвання. У класічнай механіцы праходжанне часціцы праз П.б. магчыма толькі, калі яе поўная энергія перавышае вышыню П.б. У квантавай механіцы магчыма праходжанне часціц з энергіяй, меншай за вышыню П.б. (гл. Тунэльны эфект).

Патэнцыяльны бар’ер: ε — поўная энергія часціцы, V0 — вышыня патэнцыяльнага бар’ера.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцыйасн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВЕ́ДЗЕНАЯ МА́СА,

фізічная велічыня, якая характарызуе размеркаванне мас у рухомай мех., электрамех. ці інш. сістэме. Залежыць ад фіз. параметраў сістэмы (мас, момантаў інерцыі, індуктыўнасцей і інш.) і закону яе руху. У прасцейшым выпадку сістэмы двух узаемадзейных цел з масамі M і m П.м. роўная μ = Mm/(M + m), пры гэтым формула для кінетычнай энергіі сістэмы мае такі ж выгляд, як для матэрыяльнага пункта: T = μ v​2/2, дзе ν — скорасць некаторага характэрнага пункта (напр., цэнтра мас) сістэмы, да якога прыводзіцца яе маса.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ТАРЫ ў квантавай механіцы, матэматычныя аперацыі, якія выконваюцца над хвалевай функцыяй, што апісвае стан сістэмы. Служаць для супастаўлення з зададзенай хвалевай функцыяй (вектарам стану) ψ інш. функцыі ψ′ : ψ′ = L^ψ , дзе L^ — аператар, якому адпавядае фіз. велічыня L. Напр., аператар множання x^ψ=x, дзе x^ — аператар каардынаты; дыферэнцавання P^xψ = ih ψ x , дзе P^x — аператар праекцыі імпульсу на вось х. Над аператарам можна выконваць алг. дзеянні, напр., здабытак L^=L^1L^2 азначае, што L^ψ=ψ″, калі L^1ψ=ψ′ і L^2tp′=ψ″. Яўны выгляд аператара вызначаецца ўласцівасцямі пераўтварэнняў той сіметрыі, з якой звязана матэм. фармулёўка адпаведнага закону захавання (гл. Нётэр тэарэма). Уласцівасці аператара L^ вызначаюцца ўраўненнем L^ψ=L^nψn; яго рашэнні ψn (уласныя функцыі) апісваюць квантавыя станы, у якіх фіз. велічыня L прымае значэнні Ln(уласныя значэнні аператара). Набор такіх значэнняў (спектр) выяўляе ўсе значэнні фіз. велічыні L, якія можна вызначыць эксперыментальна, бывае неперарыўным (напр., аператар каардынат, імпульсу), дыскрэтным (аператар праекцыі моманту імпульсу на каардынатную вось) і змешаным (аператар энергіі ў залежнасці ад характару сіл, што дзейнічаюць у сістэме; дыскрэтныя ўласныя значэнні аператара наз. ўзроўнямі энергіі). У квантавай механіцы карыстаюцца пераважна лінейнымі аператарамі і эрмітавымі аператарамі.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)