БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук.устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Рас. імперыі ў 1829—50. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17.1.1829 пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі. Напачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 Мінская, з 1832 Гродзенская, Віленская губ. і Беластоцкая вобласці. Рэформы асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошні дакумент прадугледжваў уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навуч. сістэмы праводзілася з мэтай ліквідацыі польск. паліт. і культ. ўплыву. Навуч. ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкаму духавенству, замест польск. мовы ўводзілася руская. За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэр. створана 6 гімназій, 17 пав. вучылішчаў, 160 пач. школ і 29 пансіёнаў. У 1834 адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя. У 1848 адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая вышэйшая навуч. ўстанова ў Беларускай навучальнай акрузе. У 1840 на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, з іх 65,2% складалі дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5% — дзеці сялян, 16,3% — дзеці мяшчан, рамеснікаў і інш.; у школах працавалі 553 настаўнікі. Пасля ліквідацыі акругі (2.5.1850) навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. аднесены да адноўленай Віленскай навуч. акругі, навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. — да Пецярбургскай навучальнай акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.
Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),
закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл.Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч.устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.
К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Т.Р.Шаўчэнкі, адна з найбуйнейшых вышэйшых навуч.устаноў Украіны. Засн. ў 1834 у Кіеве як Ун-тсв. Уладзіміра ў складзе 2 ф-таў — юрыд. і філас. (меў гіст.-філал. і фіз.-матэм. аддзяленні; з 1850 — ф-ты); у 1841 адкрыты мед.ф-т. Да 1917 ун-т скончылі каля 20 тыс. чалавек. Ён быў адным з цэнтраў дэмакр. руху на Украіне. Сярод выпускнікоў ун-та вучоныя і дзеячы культуры, у т. л. О.Ю.Шміт, М.М.Бенардос, М.С.Грушэўскі, М.Ф.Рыльскі, М.А.Булгакаў, К.Г.Паустоўскі; у ім вучыўся і працаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У 1920—32 на базе ун-та былі створаны ін-ты: нар. адукацыі, сац. выхавання, прафес. адукацыі. У 1933 адноўлены, меў 7 ф-таў, у 1939 яму прысвоена імя Т.Р.Шаўчэнкі. З 1994 сучасная назва. У 1942—43 у складзе Аб’яднанага ўкр. ун-та эвакуіраваны ў Казахстан. У 1944 аднавіў сваю дзейнасць у Кіеве. У 1997/98 навуч.г. больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: філас., сацыялогіі і псіхалогіі, эканам., гіст., філал., рамана-герм. філалогіі, юрыд., механіка-матэм., кібернетыкі, фіз., радыёфіз., геал., геагр., хім., біял. і інш. Навучанне дзённае і завочнае. У складзе ун-та Ін-тміжнар. адносін, Ін-т журналістыкі, абсерваторыя, бат. сад (з 1841), выліч. цэнтр, Канеўскі запаведнік, навук.б-ка (каля 4 млн.экз.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
тэрмін для абазначэння пераўтварэнняў у галіне культуры як састаўной часткі праграмы пабудовы сацыялізму ў СССР і інш.сацыяліст. краінах. Лічыцца, што першым тэрмін ужыў У.І.Ленін. Мела на мэце карэнны пераварот у духоўным развіцці насельніцтва краіны, прадугледжвала перавыхаванне дарэвалюцыйнай і выхаванне новай інтэлігенцыі ў духу сацыяліст. ідэй, стварэнне сацыяліст. сістэмы адукацыі, далучэнне мас да культ. дасягненняў і іх камуніст. выхаванне. Асн. рысамі сацыяліст. культуры абвяшчаліся марксісцка-ленінскі светапогляд, камуніст. ідэйнасць, сацыяліст. калектывізм і гуманізм, дасягненні сусв. культуры. У СССР, які атрымаў у спадчыну ад Рас. імперыі нізкі адукац. ўзровень насельніцтва, К.р. супала па часе з захадамі дзяржавы па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнні сеткі навуч.устаноў і павышэнні агульнакульт. ўзроўню грамадзян. Дасягненні ў гэтым падаваліся як поспехі К.р. (па БССРгл. адпаведныя лічбы ў арт.Беларусы, Беларусь, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). Панаванне адзіных ідэалогіі і светапогляду азначала не толькі кіраўніцтва, а і поўны кантроль з боку КПСС над духоўным жыццём грамадства, у т. л. і сродкамі прымусу. У час К.р. моцна пацярпелі галіны культуры, звязаныя з рэлігіяй, былі вымушаны эмігрыраваць або загінулі ў выніку рэпрэсій палітычных многія дзеячы культуры, у т. л. ў БССР. Гл. таксама «Культурная рэвалюцыя» ў Кітаі.
Літ.:
Арнольдов А.И. Социализм и культурная революция. М., 1970;
Качановский В.В. История культуры России. Мн., 1997;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9,4 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 16 ст. як сяло Мазырскага пав. Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Мазырскім пав. З 1863 мястэчка, прыватнае ўладанне. У 1874 было 6 вадзяных млыноў, карчма. У 1886—425 ж., 67 двароў, валасное праўленне, царква, школа, сінагога, яўр. малітоўная школа. У 1897—890 ж., у 1909—1216 ж., 170 двароў. У 1919—20 у Гомельскай губ., з 1921 у Мазырскай акрузе. З 17.7.1924 цэнтр Лельчыцкага раёна. З 27.9.1938 — гар. пасёлак Палескай вобласці. З 23.9.1941 да 23.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 2148 чал. У ноч на 26.11.1942 партыз. злучэнне С.А.Каўпака пры ўдзеле Ельскага партыз. атрада разграміла ў Л. варожы гарнізон. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1962—65 у Мазырскім р-не. У 1972—5,4 тыс. ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 б-кі, Лельчыцкі краязнаўчы музей. Дом культуры, кінатэатр, бальніца. Касцёл прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы (1999). Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦКВЛКСМ, лётчыкаў і партызана; магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХАРЭ́НКА Пётр Пятровіч (н. 19.9.1939, в. Межанец Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю і тэхн. дыягностыкі; стваральнік навуковай школы па метадах капілярнага кантролю. Акад.Нац.АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1996). Д-ртэхн.н. (1988), праф. (1989). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту ў Гомелі (1961). З 1961 на Яраслаўскім лакаматыўным з-дзе (нач. цэха). З 1965 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1974 вучоны сакратар Аддз. фізікатэхн. навук АН Беларусі. З 1977 у Аддзеле навукі і вучэбных устаноўЦККПБ. З 1984 у Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі (заг. лабараторыі, з 1993 дырэктар). Навук. працы па тэарэт. асновах капілярнай дэфектаскапіі. Пад яго кіраўніцтвам развіты метады павышэння адчувальнасці і прадукцыйнасці неразбуральнага кантролю з дапамогай фіз. палёў (ультрагукавога, магнітнага) і новых тэхнал. асяроддзяў (магн. вадкасцей), распрацаваны новы стандарт Беларусі па капілярнай дэфектаскапіі.
Тв.:
Ультразвуковой капиллярный эффект. Мн., 1981 (разам з М.В.Дзежкуновым, Г.Я.Канавалавым);
Физические основы и средства капиллярной дефектоскопии. Мн., 1983 (разам з А.С.Баравіковым, М.В.Дзежкуновым);
Гидродинамика и теплообмен градиентных течений микроструктурной жидкости. Мн., 1984 (разам з М.П.Мігуном);
Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988 (з ім жа);
Theoretical principles of liquid penetrant testing. Berlin, 1999 (разам з М.П.Мігуном, М.Штатгаўзам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУ́ВЯЗЬ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ І НЕПАДЗЕ́ЛЬНАСЦІ БЕЛАРУ́СІ»,
арганізацыя, якая існавала ў 1917—18 у Вільні. У яе ўваходзілі В.Ластоўскі, князь В.Святаполк-Мірскі, барон К.Шафнагель і інш. З 2.6.1917 да 22.4.1918 выдала 4 лістоўкі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на бел. і літ. землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць бел.-літ. дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэсп. лад, правесці беларусізацыю школ, рэліг. і дзярж.устаноў з забеспячэннем правоў нац. меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі бел. народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культ. і нац. будаўніцтве. Прызнаючы права літ. народа на незалежнасць, арг-цыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што паліт. раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем укр. пытання, вітала Укр. раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «С.н. і н.Б», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім к-там Беларускай сацыялістычнай грамады (вер. 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй 1918 у Вільні. Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУМАЧЭ́ННЕ ЗАКО́НА,
дзейнасць органаў дзяржавы, арганізацый, устаноў, службовых асоб і грамадзян, накіраваная на асэнсаванне і тлумачэнне сэнсу і зместу норм права. Ажыццяўляецца ў працэсе праватворчасці, рэалізацыі юрыд. норм суб’ектамі права, у навук. дзейнасці і выкладанні юрыд. дысцыплін. Мэта Т.з. — дакладнае і аднастайнае выкарыстанне законаў, выдаленне малазразумелых месц і магчымых памылак пры іх рэалізацыі. Т.з. падзяляюць на; тэкставае (аналіз знешняй формы нормы і яе тэксту), сістэматычнае (устанаўленне сувязей і ўзаемазалежнасцей тлумачанай нормы з блізкімі паводле зместу нормамі, вызначэнне месца, якое яна займае ў структуры нарматыўнага акта), гісторыка-палітычнае (даследаванне сац. значэння нормаў, іх мэт, намераў заканадаўцаў, грамадска-паліт. абставін, якія абумовілі выданне нормы). Пры ўзнікненні разыходжанняў паміж зместам нормы і яе вонкавым афармленнем, выкарыстоўваюць пашыранае Т.з., калі сапраўдны змест нормы некалькі шырэйшы, чым яго слоўны выраз, або абмежаванае, калі ён разумеецца вузей, чым гэта прама выказана ў фармулёўцы нормы. Вылучаюць Т.з. афіцыйнае (робіцца спец. ўпаўнаважанымі органамі ў афіц. акце і з’яўляецца абавязковай дырэктывай для выканаўцаў) і неафіцыйнае, або дактрынальнае (у форме рэкамендацый і парад, што даюцца грамадскімі арг-цыямі, навук. ўстановамі, вучонымі і практыкамі). Афіцыйнае Т.з. ў сваю чаргу падзяляецца на нарматыўнае і казуальнае. Нарматыўнае Т.з. абавязковае для ўсіх асоб і органаў і пашыраецца на ўсе выпадкі, прадугледжаныя нормай; казуальнае — афіц. тлумачэнне нормы, якое даецца судовым або інш. кампетэнтным органам у сувязі з разглядам пэўнай справы і абавязкова выключна пры яе разглядзе.