найбольш пашыраныя 10 хімічных элементаў з атамнымі нумарамі ў інтэрвале ад 8 да 26, якія складаюць 99,92 % масы зямной кары (кісларод, крэмній, кальцый, алюміній, жалеза, магній, калій, натрый, тытан, марганец); параўн.мікраэлементы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
тэ́ндэр2
(англ. tender)
форма выдачы заказаў на пастаўку тавараў або падрадаў на выкананне пэўных работ на падставе прапаноў некалькіх пастаўшчыкоў або падрадчыкаў з мэтай забеспячэння найбольш выгадных камерцыйных або іншых умоў здзелкі для арганізатараў гандлю.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),
эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна 2/3 ад узроўню 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
група індаеўрапейскіх моў. Адны з найб. архаічных; добра захоўваюць стараж. індаеўрап. моўную аснову. Паводле структуры найб. блізкія да славянскіх моў. Падзяляюцца на ўсходнюю (сучасныя літоўская мова і латышская мова) і заходнюю (мёртвыя мовы — старажытнапруская мова, яцвягаў мова і куршская) групы. Некаторыя даследчыкі дапускаюць існаванне ў мінулым трэцяй — верхнедняпроўскай групы. Адзначалася тэндэнцыя (у пэўнай ступені захоўваецца і цяпер) фарміравання асобнай латгальскай мовы на аснове ўсх.-латышскага дыялекту.
У наш час арэал пашырэння балтыйскіх моў у асн. абмяжоўваецца тэр. Літвы і Латвіі. У мінулым вобласць, дзе жылі балцкія народы і плямёны, была ў некалькі разоў большая, пра што сведчаць шматлікія назвы рэк і азёраў (гідранімія), нас. пунктаў, урочышчаў (тапанімія і мікратапанімія) у тых рэгіёнах, дзе цяпер балты не жывуць; пісьмовыя звесткі і запазычанні з балтыйскіх моў у інш. мовах. Арэал балцкай гідраніміі ахоплівае частку Беларусі, ПнУ Польшчы, Укр. Палессе на У ад Гарыні, частку Расіі (бас. Дзясны, верхняй і сярэдняй Акі, вярхоўі Дняпра і Волгі, Падмаскоўе, паўд. Пскоўшчыну) і інш.Найбольш балтызмаў у бел. мове, менш у польск., рус. і ўкр. мовах, сустракаюцца ў чэшскай, балг., сербскахарвацкай, славенскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае кіраванне сістэмамі, тэхн. аб’ектамі і інш., што забяспечвае найлепшае (аптымальнае) працяканне працэсаў у пэўным, папярэдне вызначаным кірунку. Дае магчымасць рэалізаваць мэту кіравання за найменшы магчымы час або з найбольшым эканам. эфектам.
Першыя задачы аптымальнага кіравання пастаўлены ў пач. 1950-х г. пры вывучэнні дынамікі лятальных апаратаў і працэсаў аўтам. рэгулявання. Пытанні аптымізацыі аб’ектаў кіравання разглядаюцца ў тэорыі аптымальнага кіравання, якая грунтуецца на некласічных варыяцыйных задачах (гл.Варыяцыйнае злічэнне) адшукання экстрэмумаў функцыяналаў па рашэннях ураўненняў, што апісваюць аб’екты кіравання, і кіраванняў, дзе рэалізуецца экстрэмум; пры гэтым абмежаванні параметраў кіравання выражаюцца нястрогімі няроўнасцямі (могуць прымаць і гранічныя значэнні). Задачы рашаюцца рознымі метадамі, найбольш агульныя — прынцып максімуму і метад дынамічнага праграмавання.
Асновы матэм. тэорыі аптымальнага кіравання закладзены работамі сав. матэматыка Л.С.Пантрагіна і амер. матэматыка Р.Белмана. На Беларусі даследаванні па праблемах аптымальнага кіравання пачаліся ў 1966 пад кіраўніцтвам Я.А.Барбашына і вядуцца ў БДУ і Ін-це матэматыкі АН Беларусі.
Літ.:
Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Качественная теория оптимальных процессов. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),
спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lzназ. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.
Да арт.Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.Да арт.Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.Лангбарп. 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,
найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.
Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 102) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙102 + 7∙101 + 3∙100 = 473. Гл. таксама Лічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ,
найбольш цяжкія злачынствы, якія пасягаюць на важнейшыя інтарэсы дзяржавы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь падзяляюцца на асабліва небяспечныя і іншыя. Асабліва небяспечнымі закон прызнае дзеянні (або бяздзеянні), якія накіраваны на звяржэнне, падрыў або паслабленне дзярж. ладу Рэспублікі Беларусь, на шкоду яе суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Да іх адносяцца здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу дзярж. улады, шпіянаж, тэрарыстычныя акты, дыверсія, заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу дзяржавы або на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., прапаганда вайны, арганізацыйная дзейнасць, накіраваная на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., а таксама ўдзел у антыдзярж. арг-цыі. Да інш. З.дз. адносяцца парушэнне нац. і расавага раўнапраўя, выдаванне дзярж. тайны, страта дакументаў, якія змяшчаюць дзярж. тайну, перадача замежным арг-цыям звестак, якія складаюць службовую тайну, бандытызм, кантрабанда, масавыя беспарадкі, ухіленне ад прызыву на ваен. службу, мабілізацыі, выканання ў ваен. час павіннасцей ці выплаты падаткаў, незаконнае перасячэнне дзярж. граніцы, парушэнне правіл міжнар. палётаў, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, пашкоджанне шляхоў зносін і трансп. сродкаў, валютныя злачынствы і інш. За асабліва небяспечныя З.дз. (здрада, шпіянаж, дыверсія, бандытызм і інш.) суд можа назначыць смяротную кару. За некаторыя З.дз. прадугледжана пазбаўленне волі на непрацяглыя тэрміны, а ў некаторых выпадках — папраўчыя работы.