італьянская артыстка балета і спявачка; адна з відных прадстаўніц рамант. балета. Вучылася ў балетнай школе т-ра «Ла Скала». У 1832—53 выступала на сцэнах многіх т-раў Італіі і за мяжой, у т. л. ў Лондане, Парыжы, Пецярбургу; з 1833 разам з Ж.Перо, настаўнікам і мужам, які ў многім вызначыў яе творчы лёс. Сусв. вядомасць ёй прынесла першае выкананне напісанай для яе партыі Жызэлі («Жызэль» А.Адана) у Парыжскай оперы (1841). Сярод інш. партый: Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Перы («Перы» Ф.Бургмюлера). У балетах «Чатыры стыхіі» Дж.Баеці, «Па-дэ-катр» і «Поры года» Пуні танцавала разам з М.Тальёні, Л.Гран, Ф.Чэрыта. Валодала драм. талентам. Яе творчасць прадвызначыла многія дасягненні віртуознага жаночага танца 2-й пал. 19 ст. Яе кар’еру спыніў няшчасны выпадак у 34-гадовым узросце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),
атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.
Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКО́НАВЫЯ, учэпістапальцыя (Gekkonidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. У сусв. фауне каля 80 родаў, больш як 900 відаў. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з эацэну. Жывуць пераважна ў трапічных, субтрапічных, часткова ўмераных зонах. Большасць трымаецца на дрэвах, скалах, абрывах і інш.; селяцца ў дамах; пустынныя віды звычайна рыюць норкі. Змрокавыя і начныя жывёлы. Найб. вядомыя прадстаўнікі родаў геконы, гекончыкі і эўблефары, якія жывуць пераважна ў Закаўказзі і Крыме, у пустынях і паўпустынях Казахстана, Сярэдняй Азіі.
Даўж. 3,5—35 см. Афарбоўка шэрая або карычневая, сярод трапічных відаў — яркаафарбаваныя. Вочы вялікія, звычайна без павек, з верт. зрэнкай. Пальцы растапыраныя, знізу ўкрытыя рагавымі пласцінкамі, якія дазваляюць перамяшчацца па верт. паверхнях. Хвост ломкі, але хутка аднаўляецца (рэгенеруе). Кормяцца насякомымі, павукападобнымі, мнаганожкамі і інш.Многія выдаюць ціхія гукі. Амаль усе — яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБІ́СКУС (Hibiscus),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі як рэдкая занесеная аднагадовая расліна трапляецца гібіскус трайчасты (H. trionum). Многія віды вырошчваюць у адкрытым грунце, у аранжарэях і пакоях. Найб. вядомыя гібіскусы: кітайская ружа, або клянок (H. rosa-sinensis), — доўгаквітучая пакаёвая расліна; гібрыдны (H. x hybridus) — уключае шматгадовыя буйнакветкавыя полігібрыды; у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі культывуюць гібіскус сірыйскі (H. syriacus). Гасп. значэнне мае каштоўная тэхн. расліна гібіскус каноплевы (H. cannabinus), вядомая пад назвай кенаф, і гібіскус ядомы, або бамія (H. esculentus).
Шматгадовазялёныя або лістападныя дрэвы і кусты, таксама шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце пераважна пальчаталопасцевае, кветкі звычайна двухполыя, буйныя, яркаафарбаваныя. Плод — каробачка. Дэкар., харч. і тэхн. (валакністыя, алейныя) расліны, некат. віды выкарыстоўваюць на выраб валакна і паперы, у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.
Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЧКА (Хведар Дзмітрыевіч) (н. 20.3.1927, пас. Марс Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1959). Служыў на флоце, працаваў у прэсе, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», у 1972—76 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1947. Паэтызуе рамантыку марской службы, працу, хараство роднай прыроды (зб. «Стой на вахце, сэрца», 1961, «Настой», 1968, «Абрус», 1985, і інш.). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя («Каштанавы «Масквіч», 1959, «Піфагоравы штаны», 1961, «Зброю бяруць сыны», 1964, «Дзе растуць бяссмертнікі», 1967, «Букет вяргіняў», 1970, «Дзень будзе ясны», 1981). На бел. мову пераклаў многія творы чэш., польскіх і славацкіх пісьменнікаў, драму Л.Украінкі «Лясная песня», аповесці М.Алейніка «Леся», Б.Ногейла «Паводка» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.
Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многіяхім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСЕКТЫЦЫ́ДЫ,
хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднымі насякомымі; група пестыцыдаў.
Паводле характару пранікнення ў арганізм насякомых падзяляюць на кантактавыя (усмоктваюцца праз вонкавае покрыва пры кантакце з любой часткай цела), кішэчныя (трапляюць з ежай), сістэмныя (пранікаюць у сасудзістую сістэму раслін і робяць іх атрутнымі для насякомых), фуміганты (трапляюць у арганізм насякомага праз органы дыхання). Большасць І. выклікае гібель насякомага ў выніку пранікнення яду некалькімі шляхамі адначасова. У якасці І. выкарыстоўваюць хім. злучэнні розных груп: пірэтроіды (кантактавыя), карбаматы (кантактава-кішэчныя і сістэмныя), хлорарган. злучэнні (у асн. кантактава-кішэчныя). Адна з важнейшых груп І. — фосфарарганічныя злучэнні, якія вызначаюцца высокай біял. актыўнасцю, шырокім спектрам і хуткасцю дзеяння, малой стойкасцю ў навакольным асяроддзі (раскладаюцца з утварэннем нетаксічных прадуктаў). Вырабляюць І. ў выглядзе парашкоў, гранул, раствораў, эмульсій, суспензій.
Многія І. таксічныя для людзей, жывёл і пры няправільным выкарыстанні небяспечныя для навакольнага асяроддзя, таму іх вытв-сць, продаж і выкарыстанне абмежаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).
Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч. канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш.Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.