КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),

чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар. арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.​Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.​Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав. землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісы бел. нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).

Літ.:

Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;

Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.

Л.​С.​Мухарынская.

т. 8, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́НДЗІН (Вадзім Фёдаравіч) (15.1.1902, Масква — 9.4.1974),

расійскі мастак тэатра. Нар. маст. СССР (1962). Правадз. чл. АМ СССР (1964). Вучыўся ў Свабодных маст.-тэхн. майстэрнях у Варонежы (1918—22), у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях у Маскве (1922—24) Чл. аб’яднання «Чатыры мастацтвы», Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі і інш. З 1965 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава. Гал. мастак маскоўскіх т-раў: Камернага (1931—34, у т-ры з 1925), імя Я.​Вахтангава (1935—44 і 1947—58), драмы (1944—47), Вялікага (з 1953). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. зазнаў уплыў канструктывізму, пазней спалучаў умоўныя канструкцыі з жывапіснымі дэкарацыямі. Творчасці ўласцівы рамант, пафас, эмацыянальная насычанасць і лаканізм вобразаў, імкненне да героіка-эпічных вырашэнняў і метафар. Асн. работы: афармленне спектакляў «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1933), «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра (1936), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» Шэкспіра (1954): «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1959), «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1963), «Невядомы салдат» К.​Малчанава (1967). Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Художник и театр. [М., 1966].

Літ.:

В.​Ф.​Рындин: [Альбом. М., 1971];

Березкин В.И. Вадим Рындин. М., 1974.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКША́Й (Іосіф Іосіфавіч) (2.10.1891, г.п. Кабылецкая Паляна Закарпацкай вобл., Украіна — 19.10.1975),

украінскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1963), чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Будапешце (1914). У 1927 заснаваў (з А.​Эрдэлі) першую ў Закарпацці Ужгарадскую маст. школу. Асн. творы: «Ужгарадскі замак» (1931), «Партрэт верхавінца» (1934), «Возера ў гарах» (1946), «Горнае возера Балцатул» (1955), «Каля млына» (1956), «Сінявірскія паданні» (1967).

Літ.:

Курильцева В. Бокшай И.И. М., 1962.

І.Бакшай. Каля млына. 1956.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БА ((Baba) Карнеліу) (н. 18.11.1906, г. Краёва, Румынія),

румынскі жывапісец і графік. Нар. мастак Румыніі (1962). Ганаровы член АМ СССР (1958). Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1934—38). Аўтар абагульненых кампазіцый на тэмы сял. жыцця («Адпачынак у полі», 1954, «Сяляне», 1958), вострых па характарыстыцы партрэтаў («М.​Садавяну», 1953, «Партрэт дзяўчыны», 1957, «Суайчыннікі», 1974), пейзажаў, іл. да твораў рум. пісьменнікаў. Дзярж. прэміі Румыніі.

Літ.:

Кузьмина М. Корнелиу Баба. М., 1960.

К.Баба. Партрэт дзяўчыны. 1957.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯДЖЫ́ЕЎ (Злацю) (22.10.1903, в. Брэзава каля Плоўдзіва, Балгарыя — 2.2.1976),

балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1962). Скончыў АМ у Сафіі (1932). Ствараў кампазіцыі, прысвечаныя вясковаму побыту, пісаў партрэты («Аўтапартрэт», 1941). Яго пейзажы Плоўдзіва і наваколля вылучаюцца дэкаратыўнасцю і гучнасцю каларыту: «Зіма ў старым Плоўдзіве», «Брэзаўскія чабаны», «Касец точыць касу», «Адпачынак», «Аколіца Брэзава», «Свінарка» (усе 1940-я г.), «Царква Святой Багародзіцы ў Плоўдзіве» (1959) і інш. Прэмія імя Дзімітрова 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

З.Баяджыеў. Аўтапартрэт. 1941.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НСКАЕ СТОЎПАТВАРЭ́ННЕ,

біблейскі міф пра спробу людзей пабудаваць пасля сусветнага патопу ў зямлі Сенаар (Месапатамія) горад і вежу да нябёс (гл. Вавілон, Вавілонская вежа). Разгневаны дзёрзкасцю людзей, Бог, паводле Бібліі, «змяшаў іх мовы» так, што тыя перасталі разумець адзін аднаго, і «рассеяў іх па ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад». Недабудаваны горад назвалі Вавілон. У пераносным значэнні Вавілонскае стоўпатварэнне — мітусня, поўны беспарадак.

Да арт. Вавілонскае стоўпатварэнне. Вавілонская вежа. Мастак П.​Брэйгель Старэйшы. 1563.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫНЕ́Ц (Вячаслаў Іванавіч) (н. 2.7.1948, в. Ятвезь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Яго творы вызначаюцца выразнасцю малюнка, глыбокім псіхалагізмам персанажаў: цыкл трыптыхаў «Поры года» (1977), «Пад старой грушай», «Зімовы пейзаж» (абодва 1980), «Ахвяра», «Мёртвая вёска», «Багаты сусед», «Антрапагенны ландшафт», серыя «Дварнягі» (1990—96) і інш. Аформіў кнігі: «Беларускія народныя казкі» (1993), казкі братоў Грым «Чарадзейная хатка» (1994) і інш.

В.Валынец. Пад старой грушай. 1980.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1886, г. Фергана, Узбекістан — 17.12.1957),

узбекскі жывапісец, графік. Нар. мастак Узбекістана (1946). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1908—10) у У.Макоўскага і ў 1910—12 у М.Рэрыха і І.Білібіна, Кіеўскім маст. вучылішчы (1912—16). Зазнаў уплыў кубізму. Аўтар насычаных колеравых дэкар.-маляўнічых палотнаў («Гранатавая чайхана», 1924), карцін, адметных нац. характэрнасцю вобразаў («Дзяўчына-казашка» і цыкл «Вярблюды ў пустыні», 1926, «Дзяўчаты з бавоўнай», 1932, «Калгаснік» і «Поўдзень у Шахімардане», 1933, і інш.).

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБЕВА (Маргарыта Генадзеўна) (н. 4.6.1964, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984). Працавала на Мінскай ф-цы маст. Вырабаў (1984 — 88). У тэхніцы батыку стварае арнаментальныя кампазіцыі, нацюрморты з кветкамі, экзатычнымі прадметамі і інш., у якіх спалучэнне лінейных узораў, колеравых плоскасцей і эфекту кракле дае прасторавую перспектыву, непаўторныя пераходы і дэкар. цэльнасць: «Лілеі», «Чырвоная ружа», «Тыгравая шкура», «Індыйскі матыў», «Хатняе цяпло» (усе 1990—96) і інш.

М.Голубева. Нацюрморт «Хатняе цяпло». 1994.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНІКАЎ (Барыс Фёдаравіч) (н. 5.4.1924, в. Крыгавузава Іванаўскай вобл., Расія),

башкірскі жывапісец-пейзажыст. Нар. мастак СССР (1982). Скончыў тэатральна-маст. вучылішча ва Уфе (1950). Аўтар лірычных пейзажаў «Зіма на ўскраіне» (1955), «Па Паўднёвым Урале» (1955—57), «Самарканд» (1960), «Вясна. Затапіла» (1963), «Вячэрні сеанс» (1969), «Урал» (1970—74), «Старая Уфа» (1979—83) і інш., адметных свежасцю і вострым адчуваннем успрымання прыроды, мажорнасцю каляровай гамы. Рэсп. прэмія імя Салавата Юлаева 1977.

Б.Дамашнікаў. Стадыён. 1964.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)