СЕМАЧО́К (Trientalis),

род кветкавых раслін сям. першакветных. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — С. еўрапейскі (T. europaea), нар. назва вароніны вочкі. Характэрная расліна яловых лясоў, трапляецца таксама ў мяшаных лясах, хмызняках, парках.

Семачок еўрапейскі.

Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны выш. да 20 см. Сцябло прамастойнае. Суцэльнае лісце збліжанае ў кальчак. Кветкі белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Плод — каробачка. Лек. і дубільныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ачуня́лы, ‑ая, ‑ае.

Які ачуняў, паправіўся пасля хваробы; які ажыў. Пазбавіўся ён ад турэмных сухот Ля цёплага мора, у сонечным Крыме. І вось, ачунялы, ў сябе на радзіме, У родных Варках апынуўся праз год. Зарыцкі. Вяз ачунялы дрэмле стомленым аленем рагатым, сніць, што ён ужо ў лісце апрануты з нізу да верху. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капу́снік, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Разм. Агарод, поле, засаджанае капустай. Маці ў капусніку была, .. капусту палола там. Ставер.

2. ‑у, зб. Разм. Капуснае лісце. Наламаць капусніку. □ Пасярод двара стаяла карова і ела з кучы капуснік. Чорны.

3. ‑а; перан. Вечарынка ў акцёраў, студэнтаў і інш. з самадзеннымі нумарамі жартаўліва-парадыйнага характару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўза́хапкі, прысл.

Разм.

1. Стараючыся зрабіць што‑н. першым, пераганяючы адзін аднаго ў чым‑н.; наперабой. Да груш было яшчэ з кіламетр, а мы, сарваўшыся з месца, як спуджаныя вераб’і, пускаліся навыперадкі і наўзахапкі падбіралі смачныя паданкі, разграбаючы апалае лісце. Ракітны.

2. Перабіваючы, перарываючы адзін аднаго. Хлапчукі нешта наўзахапкі расказвалі адзін аднаму. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамо́клы, ‑ая, ‑ае.

Насычаны вільгаццю; намоклы. [Зыбін] уваліўся ў пакой абляпаны граззю да пояса, у прамоклым нашчэнт, калісьці белым кажусе. Мележ. // Мокры ад дажджу, сырасці і пад. Можна сабе ўявіць, што павінны былі адчуць гэтыя прамоклыя, схаладзелыя людзі. Маўр. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зга, ‑і, Р мн. ‑заг; ж.

1. Тонкая гнуткая галінка, дубец. Сталым крокам між бярозак З сябрам-кіем ён [Сымон] ідзе, А з ім лісце ў гушчы розаг Мову згодную вядзе. Колас.

2. звычайна мн. (ро́згі, ‑заг). Удары, пакаранне такімі дубцамі. Адной жанчыне, якая супраціўлялася, не хацела аддаць масла, тут жа ўсыпалі розаг. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКСАМІ́ТКІ, тагетэс (Tagetes),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (T. erectus), аксаміткі адхіленыя (T. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (T. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.

Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек. расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).

Аксаміткі прамастойныя.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖГО́Н (Trachyspermum ammi),

аяван духмяны, індыйскі кмен, аднагадовая травяністая расліна сям. парасонавых; эфіраалейная культура. Пашырана ў Міжземнамор’і, Азіі, Паўд. Амерыцы.

Сцябло цыліндрычнае, баразнаватае, галінастае, выш. да 70—120 см. Лісце чаргаванае, да ўтварэння сцябла ў разетцы. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або фіялетавыя. Плады — двухсямянкі, маюць 2,5—10% эфірнага алею з тымолам (35—40%), які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумернай і харч. прам-сці. Святло- і вільгацелюбівая расліна. Лепшыя глебы — чарназёмы і шэразёмы цёмнага колеру. Размнажаюць насеннем.

Ажгон.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Я (Andreaea),

род лістасцябловых імхоў сям. андрэевых. Каля 120 відаў. Растуць у высокіх шыротах і высакагор’ях па ўсім зямным шары. На Беларусі ў зах. раёнах трапляецца андрэя скальная (A. rupestris).

Утварае невял. цвёрдыя дзернавінкі ад бура-зялёнага да чырвона-бурага колеру. Сцяблы 1—2 см выш., прамыя або прыўзнятыя, густа ўкрытыя лісцем. Лісце прадаўгавата-яйцападобнае або яйцападобна-ланцэтнае, тупое, без жылак, вельмі гіграскапічнае. Каробачка на псеўданожцы, прадаўгавата-авальная, раскрываецца 4 прадаўгаватымі шчылінамі.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Андрэя скальная.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЧА́ (Selinum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца гірча кменалістая (S. carvifolia). Расце на ўзлесках, лугах, у хмызняках.

Голыя шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, выш. Да 1 м, глыбокабаразнаватым сцяблом з вузкімі крылатымі рэбрамі. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце чаранковае, шматразоваперыстарассечанае, верхняе амаль сядзячае, больш дробнае, менш рассечанае. Кветкі дробныя, белыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — шырокаэліпсоідны віслаплоднік. Лек. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гірча кменалістая.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)