арганічнае злучэнне, C6H2(OH)3COOH. Адкрыў у 1786 швед. хімік К.Шэеле ў выцяжках з чарнільных арэшкаў (галаў).
Існуе як монагідрат (C7H6O5∙H2O) — бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, шчыльн. 1694 кг/м³ (6 °C), пры 100—120 °C трацяць ваду, tпл бязводнай 240 °C (з раскладаннем). Добра раствараецца ў кіпячай вадзе і спірце. Аднаўляе солі (напр., золата і серабра) да металаў, з хларыдам жалеза (FeCl3) дае сіне-чорную афарбоўку. Складаныя эфіры галавай кіслаты — антыаксіданты тлушчаў і алеяў. Галавую кіслату маюць у сабе чай, дубовая кара, дубільныя экстракты. Атрымліваюць гідролізам танінаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пірагалолу, лек. сродкаў, фарбавальнікаў, у аналіт. хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ГА (Galega),
казлятнік, род кветкавых раслін сям. бабовых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Усх. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны 2 каўказскія віды: галега ўсходняя, або лясная (Galega orientalis), — меданосная, кармавая расліна, і галега лекавая (Galega officinalis), выкарыстоўваецца для лячэння цукр. дыябету.
Шматгадовыя голыя або кароткаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным трубчастым, уверсе галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце складанае, няпарнаперыстае, з шырокімі прылісткамі. Кветкі двухполыя, блакітныя, сінія, фіялетавыя, сабраныя па 25—50 у густыя верхавінкавыя або пазухавыя гронкі даўж. да 25 см на доўгіх кветаносах. Плод — шматнасенны лінейны боб. Насенне пупышкападобнае, дробнае. Кармавыя, лек., дэкар. і сідэратныя расліны. Галега лекавая ядавітая для жывёлы (мае ў сабе алкалоід галегін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЮЦЫНАГЕ́НЫ (ад галюцынацыі + ...ген(ы)], псіхатаміметыкі, дызлептыкі, прыродныя і сінт. рэчывы, здольныя выклікаць у людзей разнастайныя псіхічныя парушэнні, у т. л.галюцынацыі. Паводле хім. будовы падзяляюцца на вытворныя фенілэтыламіну (адрэнахром, адрэналюцін, мескалін); вытворныя крыптаміну (дыэтыламід лізергінавай кіслаты, псілацыбін, буфатэнін); вытворныя дыбензіпірану (канаблоіды, або гашыш, — прэпараты з індыйскіх канапель); інш.хім. рэчывы (серніл і інш.). Прыродныя галюцынагены маюць расліннае паходжанне. Іх здабываюць з некаторых мекс. грыбоў і спарынні, кактусаў, канапель, каранёў магільніку, саломкі і каробачак маку і інш.; шэраг такіх алкалоідаў належыць да наркатычных сродкаў. Найб. вывучана дзеянне мескаліну і дыэтыламіду лізергінавай кіслаты (выклікаюць выразныя псіхічныя парушэнні са зрокавымі галюцынацыямі). На Беларусі лек. і навук. выкарыстанне галюцынагенаў забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПЯЛЁСНІК (Circaea),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. 12 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 віды: Д. альпійскі (C. alpina) і парыжскі, або вядзьмак-трава (C. lutetiana). Растуць у сырых і цяністых лясах, у хмызняках, ярах, на пнях і калодах. Утвараюць гібрыдную форму — Д. прамежкавы (C. intermedia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам і прамастойным або ўзыходным простым ці галінастым сцяблом. Лісце супраціўнае, суцэльнае, на чаранках, яйца- ці сэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, ружаватыя ці бэзаватыя, у канцавых простых або галінастых гронках. Вяночак з 2 адваротнаяйцападобных пялёсткаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны, 1—2-гнездавы, укрыты кручкападобна сагнутымі валаскамі. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПЯТРУ́ШКА (Peucedanum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 120 відаў. Пашыраны ў субтрапічных, умераных і субарктычных абласцях Еўропы, Азіі, у трапічнай і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 3 віды: Дз.п. горная (P. oreoselinum) — расце ўсюды ў хваёвых і мяшаных лясах, на ўзлесках; аленевая (P. cervaria) — трапляецца рэдка ў паўд. і зах. частках краіны, занесена ў Чырв. кнігу; настуркавая, або цар-зелле (P. ostruthium) — у наваколлі Мінска, Гродна і Магілёва.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або галінастым сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем. Лісце трайчастае або перыстае, прыкаранёвае чаранковае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек., харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАНІ́ХА, эхінапанакс (Oplopanax),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 2 віды: З. высокая (O. elatus), пашырана ва Усх. Азіі, і З. страшная (O. horridus) — на З. Паўн. Амерыкі. Растуць звычайна ў вільготных горных хваёвых лясах, зрэдку ўтвараюць зараснікі. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР (1984).
Лістападныя слабагалінастыя кусты выш. да 4 м. Ствол, галінкі, кветаносы і лісце ўкрыты ігольчастымі калючкамі. Лісце шыр. 15—35 см, простае, 5—11-лопасцевае, сабранае каля верхавінак сцёблаў. Кветкі дробныя, зеленавата-белыя ці зеленавата-жоўтыя, двухполыя і тычынкавыя, у парасоніках, сабраных у мяцёлчатыя суквецці. Плод — ярка-чырвоная мясістая ягадападобная касцянка. Маюць эфірныя алеі, сапаніны, алкалоіды, гліказіды. Лек. і дэкар. расліны. Вырошчваюцца ў культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРНІ́ЦА (Linaria),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца ўсюды З. звычайная, або лянок (L. vulgaris), у паўд. раёнах — жаўтазелялістая (L. genistifolia). Растуць на палях, лугах, у лясах, каля дарог. У культуры вырошчваюць З. мяса-чырвоную (L. incarnata), якая зрэдку трапляецца як здзічэлая.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністая расліны з прамастойным ці галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце сядзячае, чаргаванае або кальчаковае. Кветкі няправільныя з трубчастым, двухгубым вяночкам жоўтага, чырв., белага, сіняга і інш. колеру, з моцна развітым нектарнікам, сабраныя ў верхавінкавыя суквецці. Плод — шматнасенная каробачка. Лек., медапосныя і дэкар. расліны. Некат. віды (напр., З. звычайная) — пустазелле, ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗДРАВООХРАНЕ́НИЕ»,
навукова-практычны мед. часопіс Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Выдаецца з 1924 штомесячна ў Мінску на рус. мове. Да 1929 наз. «Беларуская медычная думка» (у 1924 выходзіў на рус., у 1925—29 на рус. і бел. мовах). У 1938—41 наз. «Медицинский журнал БССР», з 1955 — «Здравоохранение Белоруссии», з 1992 — «Здравоохранение Беларуси», з 1996 сучасная назва. Публікуе аглядныя і праблемныя артыкулы па ахове здароўя. Змяшчае інфармацыю пра новыя метады лячэння, арыгінальныя даследаванні, выпрабаванні лек. прэпаратаў, сучаснае мед. абсталяванне, пра з’езды, канферэнцыі, нарады мед. работнікаў. Мае рубрыкі: «У дапамогу ўрачу-практыку», «Абмен вопытам», «Гігіена, эпідэміялогія і арганізацыя аховы здароўя», «Лекцыі і агляды» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКА, ліхніс (Lychnis),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў паўн.ч. ўмеранага пояса Еўразіі, у т. л. ў Сібіры і на Д. Усходзе. Растуць звычайна на лугах, узлесках, у хмызняках. Як дэкар. расліны шырока выкарыстоўваюць З. зіхатлівую (L. fulgens) і інш. віды; на Беларусі — З. халцэдонскую (L. chalcedonica), з высокімі сцёбламі і густымі яркімі суквеццямі.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом. Лісце буйное, супраціўнае. Кветкі двухполыя, 5-членныя, сабраныя ў шчыткападобнае верхавінкавае суквецце; вяночак чырв., ружовы, радзей белы ці бледна-жоўты. Плод — аднагнездавая каробачка. Лек. і дэкар. расліны. Карані З. халцэдонскай раней ужываліся замест мыла, адсюль яе інш. назвы — татарскае мыла, панская фанабэрыя.
Бясколерная вадкасць, tкіп 34,067 °C, шчыльн. 680,95 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў большасці вуглевадародаў. Гаручы (т-ра ўзгарання -48 °C), выбухованебяспечны. Лёгка полімерызуецца (захоўваюць у прысутнасці інгібітараў), суполімерызуецца з бутадыенам, стыролам і інш. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем фармальдэгіду з ізабутыленам, дэгідрыраваннем ізапентану, дымерызацыяй прапілену, вылучаюць з газаў піролізу нафтапрадуктаў. Выкарыстоўваюць для сінтэзу ізапрэнавых каўчукоў, бутылкаўчуку, у вытв-сці пахучых і лек. сродкаў. У вял. канцэнтрацыях шкодна ўздзейнічае на нерв. сістэму (наркотык), у малых — раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў. ГДК у паветры 40 мг/м³.