САКАЛО́ЎСКІ (Несцер Фёдаравіч) (9.11.1902, в. Вешкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.11.1950),

бел. кампазітар, хормайстар, фалькларыст. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931, кл. М.​Аладава), вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1932—35). З 1926 акцёр і хормайстар БДТ-3, з 1931 кіраўнік самадз. хораў. У 1937—41 адзін з арганізатараў і хормайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. З 1943 маст. кіраўнік Палескага абл. ансамбля песні і танца, з 1944 нач. аддзела маст. самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, з 1946 ст. рэдактар рэдакцыі муз. л-ры Белдзяржвыдавецтва. Аўтар музыкі Дзярж. гімна БССР (верш М.​Клімковіча), многіх хароў, песень на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Русака, М.​Чарота і інш., інстр. мініяцюр, вак. сюіт на тэмы бел. нар. песень. Запісаў і апрацаваў больш за 500 бел. нар. песень (у т. л. «Ой ты, белая бярозанька», «Падушачка», «Чабарок», «Чаму зязюля не кукавала») і найгрышаў.

Літ.:

Нісневіч І.Г. Кампазітар Нестар Сакалоўскі. Мн., 1969.

Дз.​М.​Жураўлёў, Т.​Г.​Слабодчыкава.

Н.Ф.Сакалоўскі.

т. 14, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам

(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.​Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар. т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.​Тэраўскі),

танц. група (кіраўнік Ч.​Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.​Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.​Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел. прафес. тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел. дзярж. т-ра (з 1944 Бел. т-ра імя Я.​Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.​Адуцкевіч, Т.​Бандарчык, Я.​Беларус, В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Г.​Грыгоніс, Р.​Жакоўскі, Ждановіч, В.​Жылінскі, М.​Зароская, А.​Іваноў, А.​Крыніца, М.​Кудзелька (М.​Чарот), Я.​Лабаноўская, М.​Лабаноўскі, А.​Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.​Міронава, М.​Міцкевіч, П.​Мядзёлка, Л.​Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.​Ржэцкая, К.​Саннікаў, Е.​Станкевіч, С.​Станюта, В.​Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Антось Лата» Я.​Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.​Чэхава і інш.

Літ.:

Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;

Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.

У.​І.​Няфёд.

Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (30.8.1873, С.-Пецярбург — 10.10.1948),

рус. і ўкр. дырыжор. Нар. арт. Расіі (1945). Праф. (1927). З 1912 сімф. і оперны дырыжор, у т. л. аркестра С.Кусявіцкага, Кіеўскай укр. оперы (1925—29). З 1930 дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Муз. кіраўнік пастановак многіх опер, у т. л. «Турандот» Дж.​Пучыні і «Каралі Мадонны» Э.​Вольфа-Ферары.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІФА́СІО ((Bonifacio) Андрэс) (29.11.1863, Маніла — 10.5.1897),

кіраўнік нац.-вызв. руху на Філіпінах. У 1892 уступіў у «Філіпінскую лігу», якая прапаведавала мірны рух за сац. рэформы, заснаваў тайны рэв. саюз Каціпунан і склаў адзін з яго праграмных дакументаў — «Дзесяць запаведзяў сыноў народа». У 1896—97 узначаліў паўстанне супраць ісп. панавання. Абвінавачаны ў змове, расстраляны паўстанцамі на чале з Э.Агінальда.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1986 у Брэсце на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай філармоніі. У складзе філармоніі (1996) камерны аркестр і ансамбль нар. інструментаў. Да 1995 існаваў дзіцячы муз. т-р «Трам». Сярод салістаў спевакі засл. арт. Расіі Б.Пяцюк і засл. арт. Украіны Ф.Богдан, баяніст лаўрэат міжнар. конкурсаў А.​Пылік. Маст. кіраўнік — дырэктар філармоніі А.​Мартыненка.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТАВО́Й (Цімафей Іванавіч) (23.2.1919, г.п. Грыгарыопаль, Малдова — 10.3.1981),

малдаўскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). Гал. дырыжор і маст. кіраўнік сімф. аркестра Малд. філармоніі (1953—79). З 1950 выкладаў у Кішынёўскім ін-це мастацтваў (праф. з 1977). У 1960 паставіў оперу «Сэрца Домнікі» ў Малд. т-ры оперы і балета. Дзярж. прэмія Малдовы 1972.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБУШ (Алекса Васілевіч) (1700, с. Печанежын Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 4.9.1745),

кіраўнік нац.вызв. і антыфеад. руху ўкр. апрышкаў. Атрад Д. (каля 50 чал.) у 1738—45 дзейнічаў на тэр. зах. раёнаў Украіны (Галіцыя, Букавіна, Закарпацце), нападаў на маёнткі шляхты, арандатараў, захопліваў іх маёмасць і раздаваў сялянам. Быў забіты. Імя Д. вядома таксама ў Польшчы, Малдове, Венгрыі.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЯ-УЛЬ-ХАК (Махамад) (12.8.1924, г. Джаландхар, Індыя — 17.8.1988),

пакістанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Удзельнік інд.-пакістанскіх войнаў (1965, 1971). З 1973 генерал і нач. штаба сухапутнай арміі. У 1977 узначаліў дзярж. ваен. пераварот, у 1977—78 кіраўнік урада і ваен. адміністрацыі. З 1978 прэзідэнт Пакістана. Імкнуўся да ісламізацыі эканам. і грамадскага жыцця ў краіне. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТАРО́СТА,

намеснік старосты ў ВКЛ у 16—18 ст., прызначаўся асабіста старостам. Часта спалучаў сваю пасаду з пасадай гараднічага ці стольніка. Фактычны кіраўнік замкавага суда. У час паспалітага рушэння павінен быў заставацца ў замку (як і войскі), яму падпарадкоўваліся ўсе жыхары замка. У гэты час П. належала таксама ўся суд. ўлада ў горадзе.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́БАШЧ (польск. proboszcz ад чэш. probošt ад лац. propositus начальнік, загадчык),

парох, плябан, у каталіцкай царкве ксёндз — кіраўнік парафіі, настаяцель парафіяльнага касцёла. Да 19 20 ст. тытул П. мелі нешматлікія кіраўнікі парафій, напр., некат. члены капітула, астатнія наз. плябанамі. У 1-й трэці 19 ст. з 14 парафій Гродзенскага дэканата ўзначальваліся П. Гродзенская фарная і Вялікабераставіцкая.

І.​Г.​Ганчарук.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)