КАТЭХІ́ЗІС (ад грэч. katēchēsis павучанне, вуснае настаўленне),
1) рэлігійная кніга; выкладанне асноў хрысц. веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова слова «К.» азначала вуснае настаўленне асоб, якія пераходзілі ў хрысціянства, перад прыняццем імі хрышчэння. З 16 ст. К. — кніга, навуч. дапаможнік, мэта якога — агульнае рэліг. навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М.Лютэр, які ў 1529 надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 у Ватыкане выдадзены «Рымскі катэхізіс», у якім выкладзена каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзей), гал. малітвы. У сярэдзіне 19 ст.правасл. мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па закону Божаму. На бел. мове ў 1562 выдадзены «Катэхізіс» С.Буднага, у 1783 — Л.Зізанія. Існуе некалькі варыянтаў К. Звычайна яны складаюцца з 3 частак: у 1-й даюцца звесткі пра Бога і царкву, у 2-й — этычныя настаўленні, у 3-й апісаны сродкі атрымання божай міласці.
2) У перан. сэнсе — твор, напісаны ў форме пытанняў і адказаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius), Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.),
рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц. філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МРАВІ́НСКІ Яўген Аляксандравіч (4.6.1903, С.-Пецярбург — 19.1.1988),
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931), вучань А.Гаўка і М.Малько; у 1936—37 і з 1961 выкладаў у гэтай кансерваторыі (з 1963 праф.). З 1932 дырыжор Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1938 — гал. дырыжор і маст. кіраўнік сімф. аркестра Ленінградскай філармоніі, які пад яго кіраўніцтвам стаў адным з лепшых у свеце. Першы выканаўца 5-й, 6, 8 (прысвечана яму), 9, 10-й сімфоній і араторыі «Песня аб лясах» Дз.Шастаковіча, 6-йсімф. С.Пракоф’ева, сімфоніі-паэмы А.Хачатурана і інш. Ганаровы чл. венскага Т-ва сяброў музыкі (1982). 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе дырыжораў (1938). «Залаты дыск» Усесаюзнай фірмы грампласцінак «Мелодыя» (1982). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1961.
Літ.:
Фомин В. Оркестром дирижирует Мравинский. Л., 1976;
Яго ж. Е.А.Мравинский. М., 1983;
Яго ж. Патриарх советского дирижирования // Муз. жизнь. 1987. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
бой падраздзяленняў 415-йстралк. дывізіі (палк. П.І.Машчалкоў) 61-й арміі Бел. фронту і 27-й Нараўлянскай партыз. брыгады імя Кірава (камандзір У.П.Яромаў) супраць ням.-фаш. захопнікаў за вызваленне г.п. Нароўля 28—30 ліст. ў Вял.Айч. вайну. У пасёлку знаходзілася каля 500 гітлераўцаў з 13 танкамі, 2 штурмавымі гарматамі «фердынанд», 2 бронемашынамі. 28 ліст.сав. дывізія фарсіравала р. Прыпяць і з Пд наблізілася да Нароўлі. Партызаны разведалі ўмацаванні праціўніка, наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых кропак і разам з камандаваннем дывізіі распрацавалі план вызвалення Нароўлі. У ноч на 30 ліст. партызаны (камандзір П.І.Літоўскі) і падраздзяленні стралк. палка абышлі пасёлак з 3 і Пн і пачалі наступленне. Баючыся акружэння, праціўнік адступіў. Нароўля была вызвалена, захоплены ваен. склады праціўніка. Партызаны і часці Чырв. Арміі вызвалілі таксама в. Верхні і Ніжні Млынок, з дапамогай насельніцтва пабудавалі мост цераз Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ Станіслаў Гіляравіч (224.1902, с. Вендзічаны Магілёў-Падольскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 9.8.1973),
савецкі і польскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1955), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1923. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). З ліп. 1940 нач. аператыўнага аддзялення штаба 162-йстралк. дывізіі БВА. У Вял.Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. У 1944 адкамандзіраваны ў Войска Польскае, у якім камандаваў 2-й (вер.—снеж. 1944) і 1-й (са снеж. 1944) арміямі. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай, Берлінскай (1945) і інш. аперацый. Пасля вайны працягваў службу ў Войску Польскім, камандуючы войскамі ваен. акругі (1945—47), галоўнакаманд. сухапутнымі войскамі (1947—50), гал. інспектар баявога абучэння (1950—53), нам. міністра нац. абароны Польшчы (1949—56). З канца 1956 у СССР: 1-ы нам.гал. інспектара Мін-ва абароны СССР (1956—58).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРЫ́ПЯЦКІЯ БАЛО́ТЫ»
(«Pripiatsee»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.фаш. захопнікаў супраць часцей Чырв. Арміі, якія трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва на тэр. Брэсцкай, Пінскай і Мінскай абл. 19.7—31.8.1941 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 162-й і 252-йпях. дывізій, 1-йкав. брыгады СС на чале з нач. СС і паліцыі тылу групы арміі «Цэнтр» Бах-Зелеўскім паводле загаду рэйхсфюрэра СС Гімлера. Мэта: расстраляць западозраных у падтрымцы партызан, вывезці жанчын і дзяцей у балота, канфіскаваць жывёлу і прадукты, знішчыць у раёне Прыпяцкіх балот вёскі, дзе будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак ням. камандавання, на 13 жн. было загублена 13 788 чал., спалена шмат нас. пунктаў, у т. л. вёскі Вял. Гаць (загублена 123 чал.), Святая Воля (436 чал.) Косаўскага р-на Брэсцкай, Запясочча (300 чал.), Пагост (69 чал.), Чэрнічы (40 чал.) Жыткавіцкага, Асташкавічы (120 чал.), Славань (72 чал.) Парыцкага р-наў Палескай, Хатынічы (73 чал.) Ганцавіцкага р-на Пінскай абл. Гітлер палічыў «надта нязначнай» колькасць загубленых жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ У 2-йпал. 18 ст. ў г.Слонімвял. гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі (гл. ў арт.Агінскія) засн. мануфактуры, якія выраблялі шаўковыя тканіны. «персідскія дываны», кілімы і інш. тканыя рэчы. Росквіт вытв-сці дываноў прыпадаў на 1788—92. У 1820—1914 дзейнічалі 2 суконныя, саламяных каўпакоў (1895—1914) і гарбарная (1905) мануфактуры. Суконная мануфактура (засн. ў 1820) у 1828 мела 28 ткацкіх, 8 фарбавальных станкоў, 15 прадзільных, 9 часальных, 7 ворсавых, 20 стрыгальных машын, валюшню, прэс; працавалі 162 рабочыя, 12 майстроў. На 1-йУсерас.прамысл. выстаўцы (Пецярбург, 1829) мануфактура адзначана малым залатым медалём. У 1833 атрымала права мець на сваіх вырабах дзярж. герб. На 4-йУсерас.прамысл. выстаўцы (Масква, 1835) адзначана вял. залатым медалём. Другая суконная мануфактура ў 1823 мела 13 ткацкіх станкоў, працавала 111 вольнанаёмных рабочых На мануфактуры саламяных каўпакоў (для ўпакоўкі бутэлек) у 1900 працавала 65 чал. На гарбарнай мануфактуры працавала 90 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎЦЮХ Епіфан Іовіч (21.5.1890, с. Высунск Мікалаеўскай вобл., Украіна — 28.7.1938),
савецкі ваен. дзеяч. Камбрыг (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), Ваен. акадэмію РСЧА (1922), курсы ўдасканалення камсаставу (1928), курсы пры Ваен.-паліт. акадэміі (1930). Удзельнік 1-йсусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнічаў у баях на Кубані, Паўн. Каўказе. У час паходу Таманскай арміі (жн.—кастр. 1918) камандаваў 1-й калонай, якая дзейнічала ў авангардзе, паспяхова кіраваў баямі пад Архіпа-Осіпаўкай, Агайскім перавалам, Туапсэ, Беларэчанскай і Армавірам (гэты паход апісаны А.Серафімовічам у рамане «Жалезны паток», дзе К. дзейнічаў пад імем Кожуха). У 1918—20 камандаваў Таманскай арміяй, стралк. дывізіямі і зводным корпусам 11-й арміі, удзельнічаў у баях пад Царыцынам, Ціхарэцкай, Сочы і інш. У 1920 кіраваў дзеяннямі войск у аперацыі супраць ген. Улагая на Кубані, прымаў удзел у падаўленні Кранштацкага паўстання 1921. Камандзір дывізіі, корпуса, з 1936 армейскі інспектар і нам.каманд.БВА. Аўтар кнігі «Ад Кубані да Волгі і назад» (1926). Рэпрэсіраваны; рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГ (Bering) Вітус Іонасен (1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),
дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.І.Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.