няўце́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што немагчыма суцешыць, супакоіць. Хіліла маці галаву Над папялішчам, над магілай. Але няўцешную ўдаву Навала тая не скарыла. Шушкевіч.

2. Вельмі моцны па сіле праяўлення (пра гора, слёзы і пад.). — Шабуня памёр, — сказаў Туравец. — Памёр? — перапытаў Крайко. — Эх! — У гэтым «эх» Туравец адчуў няўцешную крыўду і боль. Мележ.

3. Які не прыносіць суцяшэння; несуцяшальны. Няўцешныя весткі прыбываюць кожны дзень: Мінск у руінах, фашысцкае войска ідзе па Беларусі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́радзе,

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Ірына ішла паперадзе. Чорны. Тарыел, ідучы паперадзе, на кожным кроку чуў, як спатыкаюцца людзі. Самуйлёнак.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперадзе» вырашае прасторавыя адносіны: паказвае на становішча перад кім‑, чым‑н. Ідзе войска, сцягі ўюцца, Кроў бурліцца ў жылах, А паперадзе ўсіх едзе Сам Клім Варашылаў. Купала. За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганам і гранатай. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРЭ́ЙКА (канец 13 — 1-я пал. 14 ст.),

легендарны сярэдневяковы рыцар, бел. шляхціц правасл. веры. Паводле сцвярджэнняў гісторыка М.​Стрыйкоўскага, пачынальнік роду Хадкевічаў. Першы подзвіг здзейсніў у 1306, калі адолеў воіна-волата з Залатой Арды, якога выставіў ханскі пасол з патрабаваннем выплаціць даніну з зямель ВКЛ пры ўмове, калі ён пераможа. Вял. князь Гедзімін у знак падзякі падараваў Барэйку ў дзяржанне Стакілавічы, Слонім, Збляны, Казылкішкі і Саханава, а яго нашчадкам — Мсцібава. Другі двубой Барэйка выйграў у 1344 у час паходу вял. кн. Альгерда ў Прусію. Пасля 1-й цяжкай бітвы на р. Юрыя ням. рыцар прапанаваў паядынак на ўмове: хто прайграе двубой, таго войска адступае без бітвы і лічыцца пераможаным. Барэйка зноў узяў верх і праславіў рыцарства ВКЛ.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЁК (Міхась) (сапр. Касцевіч Міхаіл Восіпавіч; 14.11.1905, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 3.9.1960),

бел. паэт. З 1926 друкаваў вершы ў зах.-бел. выданнях. Быў літ. супрацоўнікам час. «Маланка», арганізоўваў гурткі ТБШ. У 1939 мабілізаваны ў польскае войска, трапіў у ням. палон, адкуль у жн. 1941 уцёк на радзіму. Быў сакратаром Скідзельскага падп. антыфаш. к-та, выступаў у партыз. друку. Выдаў у Вільні зб. лірыкі «Шум баравы» (1929, канфіскаваны польск. ўладамі), «З сялянскіх ніў» (1937). У рамант. вобразах-сімвалах паэтызаваў вызв. барацьбу. У сатыр. вершах выкрываў сац. і нац. ўціск. Пасляваен. творы прасякнуты матывамі радасці мірнай працы.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1955;

Зоры над Нёманам. Мн., 1963;

Вершы. Мн., 1973.

Літ.:

Калеснік У. Міхась Васілёк // Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962.

М.Васілёк.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Павел Мікалаевіч) (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),

рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1968.

Літ.:

Михайлов А.А. Степная песнь. М., 1971.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕДЫГЕ́Й, Ідыгу,

Ідыку (1352—1419),

эмір Белай Арды, заснавальнік Нагайскай Арды. Разам з ханам Цімур Кутлукам пачаў вайну з Тахтамышам. У 1397 узначаліў войска Залатой Арды. У бітве на Ворскле 1399 разбіў аб’яднаныя сілы вял. кн. літ. Вітаўта і Тахтамыша. Пасля смерці Цімур-Кутлука ў 1399 фактычна стаў на чале Залатой Арды, правёў аб’яднанне ўсіх ранейшых улусаў манг. палкаводца Джучы. У 1406 забіў Тахтамыша разам з ханам Шадыбекам забілі Тахтамыша, у 1407 арганізаваў паход на г. Булгар. У 1408 напаў на Русь, разбурыў гарады Серпухаў, Дзмітраў, Растоў, Пераяслаў, Ніжні Ноўгарад, аблажыў Маскву, але не ўзяў яе. У час смуты 1410—12 Е. страціў уладу ў Ардзе і ўцёк у Харэзм. Забіты сынам Тахтамыша. Жыццю Е. прысвечаны гераічны эпас цюрк. народаў «Едыгей».

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ СМЕ́ЛЫ (Charles le Téméraire; 10.11.1433, г. Дыжон, Францыя — 5.1.1477),

герцаг Бургундыі [1467—77]. Сын бургундскага герцага Філіпа III Добрага (правіў у 1419—67). Выступаў супраць цэнтралізатарскай палітыкі франц. караля Людовіка XI, дамогся ад яго вяртання пад сваю ўладу гарадоў па р. Сома (1465), імкнуўся стварыць самаст. бургундска-нідэрл. каралеўства, дзеля чаго заваяваў Латарынгію (1475) і інш. землі. Жанаты з Маргарытай Йоркскай (з 1468), дапамог Эдуарду IV вярнуць англ. прастол (1471). Цэнтралізаваў фінансы і войска, ваяваў з Францыяй (1470—75, з перапынкамі), кёльнскім епіскапствам (аблога г. Нейс у 1474—75) і створанай Людовікам XI аўстра-латарынгска-швейц. кааліцыяй (т. Ж бургундскія войны 1476—77): загінуў у час аблогі г. Нансі.

Літ.:

Коммин Ф. де. Мемуары: Пер. с фр. М., 1986.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫЛІ́НА (Луцый Сергій) (Lucius Sergius Catilina; каля 108—62 да н.э.),

старажытнарымскі паліт. і дзярж. дзеяч, военачальнік. У грамадз. войнах 88—82 да н. э. прыхільнік Сулы. У 68 прэтар, у 67—66 прапрэтар у правінцыі Афрыка. Дамагаючыся абрання на пасаду консула, сабраў вакол сябе незадаволеных, выступіў абаронцам рым. беднаты, абяцаў ліквідаваць даўгі. Пасля паражэння на выбарах вырашыў дамагчыся ўлады сілай. Змова К. была раскрыта, некаторыя яго прыхільнікі паводле загаду Цыцэрона арыштаваны і пакараны смерцю. Пасля няўдалага замаху на жыццё Цыцэрона К. пакінуў Рым (7.11.63 да н. э.), сабраў у Этрурыі войска. Загінуў у бітве з консульскай арміяй каля Пісторыі (цяпер Пістоя).

Літ.:

Лившиц Г.М. Социально-политическая борьба в Риме 60-х гг. I в до н. э. и заговор Катилины. Мн., 1960.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНУД I ВЯЛІ́КІ (Knud den Store; каля 995—12.11.1035),

кароль Англіі (з 1016), Даніі (з 1018) і Нарвегіі (з 1028). Сын дацкага караля Свена I Вілабародага (п. у 1014), разам з якім з 1013 удзельнічаў у заваяванні Англіі. З 1016 суправіцель на англ. прастоле, замацаваўся як кароль Англіі пасля смерці Эдмунда II Жалезнабокага (1018). Апіраўся ў Англіі на дробных землеўладальнікаў і вышэйшае духавенства (надзяляў апошняе землямі і прывілеямі). У Даніі стаў каралём пасля смерці брата Харальда II; пры ім у краіне склалася асобае войска (ціглід) з прадстаўнікоў найб. знатных сем’яў (зародак мясц. рыцарства), пачалася рэгулярная чаканка манеты. Стаў каралём Нарвегіі, выгнаўшы Олафа II Харальдсана. Створаная К. I вялізная англа-дацка-нарв. дзяржава распалася неўзабаве пасля яго смерці.

т. 8, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,

саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)