КУЛА́ГІН (Міхаіл Васілевіч) (1900, с. Марчугі Васкрасенскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.7.1956),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. У 1918—20 у Чырв. Арміі. З 1937 старшыня Слуцкага акр. выканкома, старшыня Аргкамітэта ЦВК БССР па Мінскай вобл., нам. старшыні СНК БССР, адначасова са студз. 1939 2-і сакратар ЦК КП(б)Б. У 1941—49 1-ы сакратар Новасібірскага абкома ВКП(б). Потым у Савеце па справах калгасаў пры СМ СССР і Мін-ве сельскай гаспадаркі СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—41, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1939—41. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,

ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.​В.​Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАЧЭ́ЎСКАЯ (Вольга Аляксандраўна) (н. 29.9.1951, г. Цюмень, Расія),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1988). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1977). Працавала ў Дзярж. маст. музеі Беларусі, у н.-д. маст.-эксперым. лабараторыі Упраўлення маст. прам-сці. З 1991 у Бел. ін-це праблем культуры. Даследуе нар. мастацтва, промыслы і рамёствы Беларусі, інсітнае мастацтва Аўтар навук. каталогаў «Народныя мастацкія промыслы Беларусі» (1985), «Жлобінская інкрустацыя» (1986), «Падвойныя дываны са збораў Польшчы і Беларусі» (1996), буклетаў «Народнае мастацтва Беларусі» (1988), «Беларуская саломка» (1989), «Мазырская кераміка» (1990) і інш.

Тв.:

Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

І.​Л.​Чэбан.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКТЫШЫ́,

вадасховішча ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Клецкім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лактышы і Будча. Створана ў пойме р. Лань у 1977. Пл. 15,9 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 4,9 м, аб’ём вады 50,2 млн. м³. Катлавіна — частка забалочанай поймы. На працягу 9,8 км вадасховішча агароджана дамбай. Для сцёку ў вадасховішча вады з рэк Лань і Нача пабудаваны перапуск са шлюзам-рэгулятарам каля в. Лактышы. Дно плоскае, пераважна глеістае. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці меліяраваных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

Ф.​М.​Ашэраў.

Вадасховішча Лактышы.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫШО́НАК (Алег Юр’евіч) (н. 27.5.1957, г. Эльбланг, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-паліт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1996). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1980). Супрацоўнік гіст. музея Кракава, навук. супрацоўнік Ягелонскага ун-та, з 1991 у Музеі войска ў Беластоку. Са студз. 1992 старшыня Гал. рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, з 1993 у тыднёвіку «Ніва», з 1996 старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы. Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследуе гісторыю бел. нац. адраджэння, бел. войска, эміграцыі.

Тв.:

Беларуская эміграцыя // Беларускі каляндар на 1990 г. Беласток, 1990;

Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992. № 1;

Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.

М.​У.​Бычкоў.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДАСІ, Лодаскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы, каля в. Лодасі. Пл. больш за 1 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 0,9 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 17,5 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд да 10 м, пад хмызняком. Берагі месцамі абразійныя, зліваюцца са схіламі, на З сплавінныя. У паўн.-зах. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Ложа выслана ілам, уздоўж берагоў пяском. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—30 м да глыб. 2,5 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Саранчаны.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСЯ́ТАЎ (Юрый Васілевіч) (1.2.1929, г. Калуга, Расія —24.8.1997),

бел. кінарэжысёр дакументальнага кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1961). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчай манеры Л. ўласцівы лірычная танальнасць, імкненне да натуральнасці, выкарыстанне шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў. Жыццё Беларусі, праблемы сучаснай вёскі ў фільмах «Мы з Беларусі» (1974), «Зямля мая — лёс мой» (1978; з Р.​Ясінскім), «Бацькоўскае поле» (1979), «Асабісты гектар» (1982), «Круглы год» (1984). Паставіў таксама фільмы: «Паляванне са старым сабакам» (1968), «Лілія — дачка Геаргіцы» (1971), «Мужчынскія галасы» (1973), «Іван Мележ» (1977), «Лятаючы Якаў» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.​І.​Сяўковіч.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Віктар Мікалаевіч) (21.11. 1916, г. Зарайск Маскоўскай вобл., Расія),

двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Каспійскае вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Кірава (1950). У ВМФ з 1937. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, са снеж. 1942 нам. камандзіра разведатрада па палітчасці, з мая 1944 камандзір разведатрада. Вызначыўся пры выкананні баявых задач у тыле ворага ў Запаляр’і, у жн. 1945 на чале асобнага разведатрада асобага прызначэння Ціхаакіянскага флоту пры высадцы дэсантаў на ўсх. ўзбярэжжа Паўн. Карэі. Пасля вайны да 1956 у цэнтр. апараце ВМФ СССР. Аўтар кніг «Твар у твар» (1957), «Урокі мужнасці» (1975) і інш.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)